25.09.2023 Новости
НАВАГРУДАК. 20 верасня ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі Святланы Кошур «Праз паціну часу. Сцежкамі свіцязянскай зямлі» (Мінск, РВУ «Звязда», 2023).
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомая ў краіне краязнаўца, Святлана Андрэеўна Кошур (на фота) – двойчы лаўрэат Прэміі імя А. І. Дубко за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва, адзін з найбольш дасведчаных, аўтарытэтных спецыялістаў у сваёй справе. На старонках аўтарскіх краязнаўчых артыкулаў, дакументальна-публіцыстычных нарысаў пісьменніца гарманічна спалучае глыбіню навуковага даследавання са змястоўнасцю мастацкага аповеду, пільную ўвагу да мінулага са шчырай любоўю да роднай зямлі і людзей, што пакінулі на ёй свой след. Пачуцці неабходна падмацоўваць ведамі. У гэтым філасофская стратэгія краязнаўства. Без ведання свайго мінулага немагчымы рух у будучыню. Новую працу, як і большую частку сваёй творчасці, Святлана Кошур прысвяціла малой радзіме, Навагрудчыне, апетаму ў радках класікаў чароўнаму Свіцязянскаму краю. У цэнтры ўвагі даследчыка – гістарычная і культурная спадчына гэтых мясцін, таямніцы мінулага, постаці і лёсы людзей. Старонкі кнігі – поўныя шчырых пачуццяў і драматызму сюжэты, павучальныя гісторыі жыцця ўраджэнцаў і жыхароў Навагрудчыны некалькіх пакаленняў.
Са зместам сваёй новай кнігі пісьменніца падрабязна пазнаёміла зацікаўленую аўдыторыю. На сустрэчу з новай кнігай завіталі прадстаўнікі культурнай грамадскасці горада – навучэнцы і педагогі Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі, ветэраны працы, навуковыя супрацоўнікі Дома-музея Адама Міцкевіча. У якасці гасцей у прэзентацыі прынялі ўдзел член Рады Беларускага фонда культуры, гісторык, краязнавец Мікалай Гайба і госць з Гродна, намеснік старшыні ГрАА СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык. У адказнай ролі гасціннай гаспадыні і вядучай імпрэзы выступіла дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі Ірына Міхайлаўна Царук.
Так, творы краязнаўцы Святланы Кошур знаёмяць чытача з маляўніча адлюстраваным у часе культурна-гістарычным ландшафтам аднаго з рэгіёнаў Беларусі. Але пры бліжэйшым разглядзе пераконваешся, што гучанне жыццёвых матываў новай кнігі значна больш магутнае і сваёй маштабнасцю пераўзыходзіць межы нашай краіны. Даніна памяці і павагі аддадзена ў кнізе вобразам землякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічалі ў вызваленні Беларусі і разгроме фашысцкай Германіі. Сярод іх славутыя палкаводцы і простыя салдаты, якія не пашкадавалі свайго жыцця за Перамогу, за народнае адзінства і шчаслівы лёс нашчадкаў.
«У працэсе працы над матэрыялам я зразумела, што люблю сваіх герояў, – прызнаецца Святлана Андрэеўна, – Бо толькі любоў да сваёй справы, да роднай зямлі дазваляе праліваць святло на старонкі нашага мінулага, дапамагае пераадольваць шлях да гістарычнай праўды, якім бы ён ні быў доўгім і цярністым». Невыпадкова ў назве кнігі аўтарам згадваецца сімвалічная прыродная з'ява – паціна часу – налёт, які з-за акіслення паступова пакрывае паверхню каштоўных металаў. Знаёмства з новай, дзесятай па ліку кнігай Святланы Кошур пацвярджае: творчае сумленне даследчыка і зацікаўленасць чытача надаюць айчыннай гісторыі ўстойлівасці да выпрабаванняў часам.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Фота Святланы ЧУБРЫК
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси