З юбілеем, “Янаўскі край”!


З юбілеем, “Янаўскі край”!

22.09.2023                                                          Новости


У Іванаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею рэдакцыі газеты “Янаўскі край” і раённай друкарні.

Граматамі, словамі падзякі, памятнымі падарункамі адзначана праца членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, пазаштатных карэспандэнтаў раёнкі Васіля Жушмы, Анатоля Дзенісейкі і Марыі Ляшук. У рубрыках “Памятаць, каб жыць…”, “Гартаючы старонкі гісторыі”, “Спадчына”, “Непрыдуманыя гісторыі”, “Другая Радзіма”, “Землякі” друкуюцца артыкулы нашых шаноўных пісьменнікаў, поўныя глыбокіх разваг, меркаванняў і назіранняў, а таксама іх мастацкія творы. Да ад’езду ў ЗША працаваў у рэдакцыі газеты празаік і паэт Валерый Кухарчук.

Калегі па пяры захоўваюць светлую памяць пра пісьменніка, журналіста Аляксея Каўко, што з 1965 года і да выхаду на пенсію быў галоўным рэдактарам газеты “Чырвоная звязда” (сёння – “Янаўскі край”), а з 2006-га – членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Сярод выступоўцаў і ганаровых гасцей юбілейнага мерапрыемства быў таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік Анатоль Крэйдзіч, які ў 2008-2016 гадах працаваў рэдактарам газеты “Чырвоная звязда”.

Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі садэчна віншуе супрацоўнікаў газеты “Янаўскі край” і раённай друкарні з 80-годдзем!

Паважаныя калегі! Мы ўдзячны вам за ўсебаковую падтрымку нашых пісьменнікаў, уважлівыя адносіны да іх творчасці, захаванне літаратурнай спадчыны і культурных традыцый рэгіёна. Жадаем вам моцнага здароўя, цікавых і прыемных навін, шматлікай чытацкай аўдыторыі, натхнення і творчай плённай працы!

 

Брэсцкае абласное аддзяленне

 Саюза пісьменнікаў Беларусі