Віншаванні для бібліятэкараў


Віншаванні для бібліятэкараў

19.09.2023                                                          Новости


Творцы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Тыдню бібліятэк і прафесійнаму святу бібліятэкараў!

 

Даўно і плённа супрацоўнічаюць з творцамі абласнога аддзялення СПБ абласная, гарадскія і раённыя бібліятэкі. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў кніжных храмаў кнігі не застойваюцца на паліцах і знаходзяць сваіх чытачоў.

Бібліятэкары праводзяць цёплыя вечарыны з нашымі аўтарамі, падтрымліваюць іх, уважліва сочаць за новымі творамі землякоў, што выходзяць на старонках друку. Мы шчыра дзякуем ім за гэта!

У святочныя дні да віншаванняў далучыліся і нашы пісьменнікі ў Каменцы, Баранавіцкім раёне, Брэсце, Кобрыне… З вершамі, спевамі ды кніжнымі падарункамі прыйшлі ў Баранавіцкую раённую бібліятэку імя Я. Чачота ўдзельнікі паэтычнага клуба “Ліра”, які ўзначальвае Раіса Раманчук.

Наталля Кандрашук павіншавала сваімі вершамі бібліятэкараў Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і ўручыла Падзяку Брэсцкага аддзялення СПБ бібліятэкару Залескай бібліятэкі Ірыне Васільеўне Пакалюк.

А Таццяна Дземідовіч правяла сустрэчу з маленькімі чытачамі ў філіяле Брэсцкай гарадской бібліятэкі №14 г.Брэста. Яна распавяла пра тое, як нараджаюцца кнігі, якую ролю адыгрывае ў жыцці чалавека чытанне, пазнаёміла са сваім апавяданнем з кнігі “МармеЛаднае лета”, у якім дзеці становяцца сапраўднымі выратавальнікамі для “бяздомных” кніг! У канцы мерапрыемства адбылася аўтограф-сесія.

Паважаныя супрацоўнікі бібліятэк, няхай і надалей ваша праца, карысная і неабходная, будзе плённай, прыносіць радасць ад зносін з людзьмі і душэўную цеплыню. Зычым вам як мага больш адданых чытачоў, мноства кніжных навінак, простага чалавечага шчасця, моцнага здароўя, святла і натхнення, дабра і радасці кожны дзень!

Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі