
18.09.2023 Новости
Змітрок Марозаў
13 верасня сцэна Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы пераўтварылася ў сапраўдную беларускую хатку: стол, засланы ільняным абрусам, вышытыя ручнікі, гліняны посуд, драўляныя лыжкі, тканыя дываны, услончык з дубу, печ, з якой паглядае кот, каласкі, валошкі, кажух з аўчыны…
Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі адкрыў дзявяты сезон тэматычным спектаклем «Твой дзень стваральны славім, Беларусь!»
Пасля ўступнага слова дырэктара тэатра, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, паэта, празаіка, перакладчыка, публіцыста, літаратуразнаўцы Міхася Пазнякова гледачы апынуліся ў беларускай вёсцы: крычыць певень, гаспадынькі шчыруюць па хатніх справах, спяваюць народную песню «Рэчанька». Прачынаюцца рана і дзеці, каб пайсці ў грыбы:
Ранак. Росы. Халадок.
За туманам неба рдзее.
Спее ядраны радок.
На бярозавай алеі…
М. Пазнякоў
Іначай немагчыма, таму што:
Ад Нёмана да Сожа –
Так светла і прыгожа.
Дзе Нарач, Белавежа –
Гаюча так і свежа…
У. Мазго
Разам з грыбамі дзеці назбіралі і кошык прымавак. Пасля гэтымі мудрынкамі шчодра дзяліліся з гледачамі, якія з задавальненнем дапаўнялі ланцужок народнай мудрасці.
І раптам у светлы ранак працавітага жыцця вёскі ўрываецца гісторыя – вайна:
… Ты дадому з вайны не вярнуўся…
Калоцяцца сэрцы, дрыжыць запаленая свечка ў руках артысткі. Слёзы на вачах гледачоў.
…Цэлы свет ратаваў, каб навала,
Зграя жорсткіх фашысцкіх ваўкоў,
Не стаптала і не разарвала
Лёс дзяцей, лёс бацькоў, лёс вякоў…
В. Драбышэўская
Мы помнім! Такое забыць немагчыма.
З экрана – урыўкі фільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (аўтары сцэнарыя М.Фігуроўскі, А. Кучар; рэжысёр М.Фігуроўскі). Артыстка Таццяна Жылінская, паэт, бард, шчымліва выконвае песню «Не магу параўнаць цябе з зоркай» (сл. А.Русака, муз. І.Любана).
Другую частку спектакля «Дзень» распачынае сваім вершам дырэктар тэатра Міхась Пазнякоў:
Узіраюся ў сонечны дзень
Працавітай маёй Беларусі
І штораз, як нічым і нідзе,
Светлым імем яе ганаруся…
І кіпіць на сцэне працавітае жыццё сялян, бо:
Красуе жыта. І крані
Сцяблінкі лёгкай станік –
Агонь успыхне ў карані
І аблачынкай стане… (Н.Гальпяровіч. «Красуе жыта»);
бо:
З жыта выбеглі валошкі,
Селі на сцяжыне…. (А.Зэкаў. «Валошкі»);
бо ткуць беларускія майстрыхі знакамітыя паясы…
Аляксандр Валодчанка, пераможца шматлікіх міжнародных конкурсаў, выконвае песню «Слуцкія ткачыхі» (сл. М.Багдановіча, муз. У.Мулявіна), а артысты разам з гледачамі “уплятаюць васількі” у карагодзе і «Ручайку»:
Цямнее край зубчаты бора...
I тчэ, забыўшыся, рука
Замест пярсiдскага ўзора
Цвяток радзiмы васiлька…
Усе прысутныя ў зале ўсёй душой імкнуцца да вытокаў:
Да вытокаў,
Да вытокаў
Мы вятраемся штодзень,
Бо аблокі так высока
Больш не плаваюць нідзе…
А.Пісьмянкоў
Трэцяя частка спектакля «Вечар» пачынаецца з гуку цымбалаў. І самая маленькая артыстка тэатра пяцігадовая Варвара Сушкова, накінуўшы хустку на плечы, сцвярджае:
Ён Радзімаю завецца –
Непаўторны гэты край!
М.Пазнякоў
А які ж беларускі вечар праходзіць без гумару? Юныя артысты Роберт Багушыньскі і Яраслаў Байкоў ярка ўвасобілі гумарыстычны верш «Дамавік» Міхася Башлакова ў тэатральнай пастаноўцы.
Радуюцца юныя артысты, усміхаюцца шчаслівыя гледачы, таму што:
…На роднай зямлі –
І няміласць мілей,
Душа, як вуглі, не астыне,
Праменьчык – адзіны –
Сагрэе цяплей,
Чым сонца –
Усё –
На чужыне.
М.Чарняўскі
Разам з крамянымі яблычкамі кладуць гледачы ў кошыкі назбіраныя за час спектакля эпітэты да слова РАДЗІМА. Гучна зачытваюць эпітэты артыстка, мастацкі кіраўнік тэатра паэзіі Вольга Багушыньска і артыстка, студэнтка магістратуры БДУ Анастасія Кастэнка.
Сцэнарыст і рэжысёр спектакля, пісьменніца Валянціна Драбышэўская дэкламуе верш:
Застаюцца песня і Радзіма.
Можа ўсё мінаць, але яны
Непадзельныя, не знікнуць з дымам
Восені, кахання ці вясны…
Н.Гальпяровіч
Дзеянне працягвае Міхась Пазнякоў, які чытае свой новы верш «Дзень народнага адзінства». Як вывад, гучаць палымяныя радкі:
Мы – як сёстры! Усе! Як браты! –
Беларус і паляк, украінец і рускі,
Армянін і яўрэй… Назаўжды
Нам найродны наш дом беларускі…
Спектакль скончаны, але гледачы не хочуць разыходзіцца. Дырэктар тэатра Міхась Пазнякоў гаворыць шматлікім гледачам ўдзячныя словы на развітанне. І раптам – моладзь падбягае да Міхаіла Паўлавіча і просіць: «Мы хочам у ваш тэатр!» Усе размаўляюць на беларускай мове!
…Пра патрыятызм не крычаць. Ён жыве ў сэрцы кожнага чалавека. Трэба толькі сагрэць сэрца, каб любоў да Радзімы выплеснулася ва ўчынках сапраўдных патрыётаў. Спектакль «Твой дзень стваральны славім, Беларусь!» яшчэ раз даказаў гэта.
Аксана Яноўская