Са спелым жніўнем!


31 жніўня свой 75-гадовы юбілей сустракае Васіль Аляксандравіч Шырко

30.08.2023                                                          Віншуем


31 жніўня свой 75-гадовы юбілей сустракае Васіль Аляксандравіч Шырко – вядомы пісьменнік і сцэнарыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, Нацыянальнай літаратурнай прэміі.


Нарадзіўся юбіляр у вёсцы Чурылава Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1972 г.). Працаваў у часопісах і газетах, на Беларускім тэлебачанні. Быў галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы “Белая Вежа”.


Першыя вершы надрукаваў у 1968 годдзе ў часопісе “Маладосць” і газеце “Чырвоная змена”. З’яўляецца аўтарам многіх публіцыстычных і празаічных кніг, твораў для дзяцей. У тым ліку: “Зямлі бацькоўскай прыцягненне” (1987 г.), “Сцяжына да людзей” (1989 г.), “Дзед Манюкін не салжэ” (1990 г.), “Зямля любові нашай” (2007 г.), “Яго хлябоў краіна” (2009 г.), “Шумі, мой лес, шумі…” (2009 г.), “Нязваны госць” (2017 г.) і інш.


Калегі і сябры віншуюць шаноўнага Васіля Аляксандравіча са спелым жыццёвым жніўнем, жадаюць моцнага здароўя і творчага даўгалецця.

Прэзідыум ГА “СПБ”