Пайшоў з жыцця пісьменнік, драматург, сцэнарыст Георгій Марчук


Пайшоў з жыцця пісьменнік, драматург, сцэнарыст Георгій Марчук

«Ах ты, дарожка дадому! Немагчыма апісаць усю глыбіню пачуццяў, якія раптам ахопліваюць тваё сэрца. І няхай там нікога з блізкіх не засталося, і хаты даўно няма, і груша салодкая спілаваная, а ў агародзе чужая бульба... Аб усім гэтым не хочацца і думаць, таму што шчыміць-ные сэрца, напаўняючыся радасцю з кожным новым кіламетрам».


Так у біяграфічным эсэ «Ластаўкі над Гарынню» пісаў пра вяртанне ў родны Давыд-Гарадок слынны пісьменнік, сцэнарыст, драматург Георгій Марчук. Яго сэрца было аддадзена роднаму Палессю... Цяпер Палессе будзе ўспамінаць свайго сына. Бо Георгій Марчук адправіўся ўслед за тымі гарынскімі ластаўкамі, у апошні свой нябесны шлях. Ён сышоў 23 жніўня, калі сыходзіць і лета... А нарадзіўся на самым пачатку года, 1 студзеня 1947 года. Яго маці памерла, калі яму было ўсяго пяць. Выхоўвалі дзед з бабуляй... І хаця любілі ўнука, часам той ад адзіноты бег на бераг Гарыні і плакаў. Тады, мусіць, і палюбіў ластавак, што лёталі над хвалямі…

Нягледзячы на сумнае дзяцінства, на цяжкую хваробу, Георгій Марчук змог шмат чаго дасягнуць і зрабіць столькі, як мала каму ўдаецца — што ж, характар, мэтанакіраванасць, пакліканне... Як ён прызнаваўся ў адной з апошніх гутарак, «Некалі, у далёкім юнацтве, я паставіў перад сабою мэту: адлюстраваць у літаратуры стагадовую гісторыю жыцця беларусаў. І гэта мне амаль удалося. Героі маіх шасці раманаў жылі пры панскай уладзе ў Заходняй Беларусі, пры нямецка-фашысцкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пры савецкай уладзе ў пасляваенныя гады. Героі маіх новых трох раманаў шукалі шчасце і сэнс жыцця пры адраджэнні капіталізму на пачатку нашага стагоддзя».

Але сярод музаў Георгія Марчука была не толькі літаратура, але музы тэатра і кіно. Яшчэ па заканчэнні сярэдняй школы пачаў працаваць у Давыд-Гарадоцкім клубе, затым у Столінскім раённым клубе на розных пасадах: ад кіраўніка драматычнага гуртка, метадыста да мастацкага кіраўніка. У 1973 г. скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці «тэатразнаўства» Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1969 г. працаваў асістэнтам кінарэжысёра кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975-1977 гг. паступіў на Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. У 1980 г. вярнуўся на «Беларусьфільм» ужо ў якасці кінарэжысёра. У 1980-1982 гг. працаваў загадчыкам літаратурнай часткі тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». Першая ж аднаактовая п’еса «Выкраданне Алёны» (1971) адзначана прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургіі. А п’ес было яшчэ шмат, гэтак жа, як і сцэнарыяў. За мастацкі фільм «Кветкі правінцыі», зняты па яго сцэнарыі, а ёсць і аднайменны раман, стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. За сваю творчую дзейнасць быў уганараваны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Нацыянальную літаратурную прэмію Георгію Марчуку прынёс зборнік «Святло вышыні» ў намінацыі «Найлепшы твор драматургіі». У ім было чатыры гістарычныя п’есы, тры з якіх прысвечаны жыццю і дзейнасці славутага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны. «Я ўжо быў і рэжысёрам, і акцёрам, і сцэнарыстам, і мастаком. Дзякую Богу, што ён скіраваў мяне да літаратуры — гэта мой лёс», — казаў Георгій Марчук. У літаратуры ён выказваўся ў розных жанрах — ад раманаў да прыпавесцяў і афарызмаў, сярод яго творчай спадчыны ёсць і кнігі для дзяцей. З 1996 па 2002 г. узначальваў выдавецтва «Мастацкая літаратура», займаў пасаду сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

«Улетку я еду ў Давыд-Гарадок, каб сесці на ровар і пракаціцца па цэнтральнай брукаванцы... Нават калі мяне ніхто не пазнае, не сустрэне, упэўнены, што заўсёды ўбачу ластавак над Гарынню. Яны чакаюць і сустракаюць усіх» — пісаў на завяршэнне біяграфічнага эсэ Георгій Марчук. Напэўна, ластаўкі, сімвал малой радзімы, таксама праводзяць яго ў апошні шлях...

Источник: https://zviazda.by/be/news/20230823/1692806320-payshou-z-zhyccya-pismennik-dramaturg-scenaryst-georgiy-marchuk