
Колькі яскравых юных талентаў пабачыла напрыканцы мінулага тыдня сцэна сталічнага Дома літаратараў на паўфінальным этапе конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка»! Школьнікі розных узростаў з’ехаліся з усіх куткоў Беларусі, каб агучыць упадабаныя творы любімых пісьменнікаў, — каля года яны жылі гэтым, спачатку шукалі блізкія па духу творы, потым рыхтаваліся, вывучалі, паглыбляючыся ў атмасферу мінуўшчыны, прымяралі на сябе вобразы, што ажыўлялі на сцэне. Кожнага суправаджала група падтрымкі: настаўнікі, бацькі, блізкія людзі, якія, здавалася, перажывалі за сваю зорачку не менш, чым яна сама.
Наталля Рачкоўская з фіналістамі конкурсу.
Цяжкай і складанай была праца кампетэнтнага журы на завяршальным этапе спаборніцтва — выбраць найлепшае з найлепшага: у паўфінале ўдзельнічалі 28 чытальнікаў, якія дагэтуль прайшлі некалькі папярэдніх этапаў адбору: школьны, раённы, абласны. Усяго спрабавалі свае сілы каля дзесяці тысяч удзельнікаў.
У склад журы ўвайшлі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч, дырэктар — галоўны рэдактар Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Каршунова, вядучы тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» Юрый Цароў, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна Швед, актрыса, рэжысёр, кіраўнік узорнага тэатра юнацкай творчасці Наталля Рачкоўская.
Мікалай Чаргінец з прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу.
Малады запал, натхненне, моц, што сягала да зорных вышынь, жаданне пераўтварыць да лепшага гэты свет і сябе самога — гэта ўсё адчувалася ў кожным выступленні, чыталася ў вачах усіх без выключэння дэкламатараў. Многія нумары былі падрыхтаваны з элементамі тэатралізацыі, танцаў, спеваў, з выкарыстаннем медыярэсурсаў. Асобнай увагі заслугоўвалі касцюмы — народныя строі альбо адмыслова выкананыя, падабраныя пад канкрэтны вобраз з таго ці іншага твора.
Адкрыў святочную імпрэзу прывітальным словам народны пісьменнік, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец:
— Маленькія будучыя вялікія літаратары! Хацелася падзякаваць вам за тое, што вы надаяце шмат увагі літаратуры! Чалавек, які ўмее добра расказаць, падаць, прачытаць твор паэта, празаіка, дзіцячага пісьменніка, заслугоўвае найвышэйшай пахвалы.
Пісьменнік згадаў адметны факт пра тое, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Гітлер і яго памагатыя баяліся выступленняў тагачаснага слыннага дыктара Юрыя Левітана, які спакойным упэўненым голасам чытаў інфармацыю і даваў ацэнку падзей на франтах. Гітлер з-за страху аб’явіў яго асабістым ворагам. Здавалася б, што такога рабіў Левітан — проста распавядаў. Але распавядаў так, што словы даходзілі да кожнага чалавечага сэрца і душы — нашы людзі натхняліся, радаваліся яго паведамленням пра перамогі. Тлумачачы тыя ці іншыя няўдачы, таленавіты дыктар умеў так падаць інфармацыю, што ў суайчыннікаў не ўзнікала сумненняў: усё адно мы пераможам!
— Працягвайце чытаць, агучваць улюбёныя шэдэўры і не забудзьце пра тое, што вас чакае пяро. Пачынайце занатоўваць уласныя вершы і апавяданні: пра сябе, сваіх сяброў, школу — вам ёсць пра што расказаць!
У завяршэнні прамовы Мікалай Чаргінец пажадаў поспехаў і перамог усім хлопцам і дзяўчатам.
У фае Дома літаратара. Мікола Чарняўскі падпісвае кнігі.
Уладзімір Андрыевіч на падвядзенні вынікаў зазначыў, што падобныя конкурсы выхоўваюць любоў да чытання і духоўна-маральных каштоўнасцей нашага народа, надаюць дзецям упэўненасці, стымулююць актыўнасць, і падкрэсліў, што кожнае дзіця — самая галоўная наша каштоўнасць, якую патрэбна развіваць. Узровень майстэрства і таленту юных удзельнікаў быў, па яго словах, вельмі высокі: «Падводзіць вынікі было складана: быць фіналістамі заслугоўваюць усе…»
Але, тым не менш, у аснове любога конкурсу закла-дзены прынцып спаборніцтва. Найбольшую колькасць фіналістаў абралі з малодшай узроставай катэгорыі (1—4 класы). Пераможцаў чакае яшчэ і галоўная сцэна на свяце пісьменства, якое сёлета адбудзецца ў Гарадку Віцебскай вобласці. Усе чытальнікі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і памятныя падарункі ад арганізатараў.
«Упэўнены, беларускае слова будзе жыць і надалей, таму што яно жыве ў нашых дзецях. Я быў зачараваны ўсімі выступленнямі і ставіў усім максімальныя адзнакі!» — завяршыў цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Юрый Цароў.
Аліса БРАТКА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА