Над Віліяй гучала слова


Над Віліяй гучала слова

18.09.2017                                Новости 


Ціхае, добрае, вечнае... Плыло гожым вераснёўскім ранкам светлае слова над белым берагам Віліі.

Яшчэ нашы прашчуры верылі ў магутнасць вымаўленага слова. Нездарма столькі легенд мае беларускі народ пра сілу і моц асэнсавана выказанага слова.

Так, спачатку было слова, з гэтым не паспрачаешся. А, калі звярнуцца да дня сённяшняга, то ў Вілейцы зрабіў першыя, але ўпэўненыя крокі літаратурна-музычны фестываль “Светлае слова”, які будзе працягвацца да канца верасня. З розных пляцовак горада – бібліятэк, Палаца Культуры, цэнтра эстэтычнага выхаванння, школак і тэхнікума – чулася ўзнёслае паэтычнае слова, гучалі песні; таксама працавалі творчыя майстэрні, інтэрактыўныя пляцоўкі і чакаў свайго чытача ў цэнтральнай бібліятэцы літаратурны кірмаш “З кнігай праз стагоддзі”. Прадстаўнікі Дзяржаўных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа пазнаёмілі ўдзельнікаў з выставамі. На ўрачыстым адкрыцці на словы паэтэсы Іны Фраловай у выкананні ансамбля “Элегія”прагучаў гімн фестывалю.

“Светлае слова” Вілейшчыны, як маленькая крынічка, уліўся ў вялікі акіян дабрыні сусвету. Пройдзе час, у фестывалю з’явяцца свае традыціі, кола прыхільнікаў стане яшчэ больш шырокім. І ніколі не згасне вера ў шчырае слова.

Засталося толькі нагадаць, што творчым рухавіком мерапрыемства была дырэктар ЦЭВ Таццяна Захарыч, а гасцямі – пісьменнікі Святлана Быкава, Сяргей Трахімёнак, Іна Фралова.

Ганна СТАРАДУБ

Фота Таццяны Захарыч

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси