
16.06.2023 Новости
У Доме літаратараў прайшоў паўфінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі амаль 10 тысяч школьнікаў з усёй краіны. Да паўфінала канкурсанты ішлі цэлы год, адшукваючы ў кнігах блізкія сабе па духу творы. А потым шчыра пражывалі кожны радок, каб пасля вынесці яго на прысуд аўтарытэтнага журы і шырокай аўдыторыі ў сваім выкананні.
Напачатку гасцей і ўдзельнікаў прывітаў народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец:
— Сёння мы з вамі знаходзімся ў зале, упрыгожанай партрэтамі нашых народных пісьменнікаў. Што хочацца вам сказаць... Найперш, адзначыць і падзякаваць вам за вашу ўвагу да літаратуры. Чалавек, які ўмее добра распавесці, падаць, прачытаць твор пісьменніка, заслугоўвае ўхвалы, — адзначыў Мікалай Іванавіч, а пасля згадаў, як у гады Вялікай Айчыннай вайны ворагі баяліся больш за ўсё слоў і выступленняў савецкага дыктара Левітана, які спакойным, упэўненым голасам паведамляў інфармацыю, даваў ацэнку падзей на фронце. І ён так даходзіў да сэрца і душы чалавека, што нашы людзі натхняліся, радаваліся перамогам, і нават пры няўдачах не гублялі надзеі на перамогу. Вельмі важнае значэнне мае ўменне данесці слова, раскрыць яго сэнс…
Удзельнікамі паўфіналу сталі хлопцы і дзяўчаты — пераможцы абласных і Мінскага гарадскога этапаў конкурсу «Жывая класіка». І за крок да фіналу яны прадстаўлялі на суд аўтарытэтнага журы сваё творчае прачытанне твораў пісьменнікаў беларускай літаратуры. Рабілі гэта ў чатырох узроставых катэгорыях. Першымі распачалі творчае спаборніцтва канкурсанты катэгорыі «1-4 класы». У іх выкананні прысутныя пачулі «Ганарыстага парсюка» і «Вала і авадня» Кандрата Крапівы, «Хлопчыка і лётчыка» Янкі Купалы, «Беларускую песню» Уладзіміра Караткевіча і шэраг іншых прыгожых твораў. Кожны з іх — з важным пасылам пра жыццё, мары, любоў да роднай зямлі. У фінал выйшлі Яна Шэрагава (вучаніца Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі), Яраслаў Грабчанкоў (навучэнец Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна г. Гомеля), Ксенія Карнеева з Гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) г. Гродна, гімназістка Марыя Сарган г. Дзяржынска і Ганна Малышчык з Пескаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна.
Выступоўцы катэгорыі «5-6 класы» выбралі творы Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Якуба Коласа, Янкі Маўра, Валянціна Лукшы. Вельмі кранальным атрымалася прачытанне верша «Каля вогнішча» Сяргея Грахоўскага ў Дар’і Рыжковіч, якая прадставіла Цэнтр творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі з Жодзіна. Слова класіка ў суправаджэнні гарманічнай мелодыі стварылі сапраўдную магію, і хацелася слухаць з заплюшчанымі вачыма, каб не разбурыць прыгажосць моманту. Журы таксама адзначыла прачытанне дзяўчыны пропускам у фінальны тур. А канкурэнцыю ёй там складуць Вольга Астапенка з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна г. Гомеля, Станіслаў Ткачонак, навучэнец Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 і Павел Скрыцкі, які вучыцца ў Сярэдняй школе № 9 г. Брэста.
На сцэне на працягу дзвюх гадзін гучалі радкі з твораў беларускіх пісьменнікаў. Канкурсанты катэгорый «7-8 класы» і «9-10 класы» са сцэны нагадвалі ўжо пра вельмі сур’ёзныя рэчы. Гімназістка Юлія Голубева з Верхнядзвінска перанесла прысутных у атмасферу жніва, выконваючы «Жняю» Янкі Купалы. Цэлы мініспектакль на сцэне стварыла вучаніца сярэдняй школы № 20 г. Барысава Дар’я Ляўкавец, калі дэкламавала ўрывак з рамана Івана Мележа «Людзі на балоце». Усіх уразіла таксама прачытанне ўрыўка з апавядання Янкі Маўра «Завошта» ў выкананні Станіслава Мартысюка, які прадстаўляў Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці. Зразумела, тэма супрацьстаяння чалавечнасці і бесчалавечнасці ў гады вайны — сапраўды важная. Але ўсведамленне, як сапраўдны пісьменнік умее знітаваць словы, каб перадаць трагедыю, боль — натхняе перачытаць любімыя творы і помніць тых, хто іх ствараў.
А сваё выкананне, пражыванне любімых радкоў у фінале акрамя названых удзельнікаў таксама прадэманструюць Дар’я Бязручанка з сярэдняй школы № 27 г. Мінска, Іван Гуржы, навучэнец гімназіі № 36 г. Гомеля імя І. Мележа, вучаніца Вензавецкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Паліна Хілімончык і Марыя Рак, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 20 г. Барысава.
Выступленне ўсіх канкурсантаў было вартым, каб яго пачулі і ацанілі. Аднак толькі 16 удзельнікаў працягнуць змагацца словам, майстэрствам данесці яго да слухачоў у фінале. А значыць ужо зусім хутка ўсе яны сустрэнуцца зноў і будуць зачароўваць нас мілагучнасцю беларускай мовы і чытаць радкі любімых твораў.
Алена ДРАПКО
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА