У карагодзе вяснушак


У карагодзе вяснушак

01.06.2023                                                          Новости


Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца ў многіх  краінах свету першага чэрвеня. Гэта заканамерна, бо дзеці, як летняе сонейка, дораць нам, дарослым, святло і цеплыню сваіх маленькіх шчырых сэрцаў, без якіх і жыццё немагчыма. Трэба памятаць пра гэта і берагчы кожнага зямнога анёлачка! 

 

 

Сустрэча з дзецьмі – заўсёды свята, а для пісьменніка – гэта свята ўдвая, таму што ён ідзе да дзяцей з кнігай, са словам, з мудрасцю.

 

 

У цікавы карагод вяснушак пераўтварылася сустрэча члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціны Драбышэўскай з выхаванцамі дзіцячага сада №579 г.Мінска. Дзеці разам з паэткай складалі чароўную кнігу з эмоцый і творчасці.

 

 

У займальнай гульні «Так ці не?» маленькія фантазёры расказалі пра сябе, падзяліліся сваімі жаданнямі. Прадэманстравалі веданне лічбаў у загадках-рыфмоўках. Прыгожа дэкламавалі дзеці вершы з новай кнігі госці-пісьменніцы. Праспявалі песню на яе верш «Роднулечка», пакладзены на музыку беларускім кампазітарам Валянцінам Кавалівым, праявілі акцёрскія здольнасці ў паэтычным тэатры-экспромце «Лета», паразважалі аб дабрыні, адносінах да матулі, радзімы, прыроды, сяброў, аналізуючы ўчынкі лірычных герояў вершаў. 

 

 

Весела і дружна тварылі дзеці разам з паэткай! А намаляваныя імі напрыканцы сустрэчы смайлікі, паказалі шчырыя ўсмешкі дзяцей і радасць ад судакранання з кнігай. І хоць выхаванцы дзіцячага сада яшчэ не ўсе літары ведаюць, іх першая чароўная кніга ўжо напісана, і ёсць вялікае жаданне – ЧЫТАЦЬ! Наперадзе ў дзяцей шмат адкрыццяў у неабсяжным свеце мастацкай літаратуры. У добры шлях, будучыя маленькія чытачы!

 

 

Агата Пісар

 

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси