Эстафета Дня беларускага пісьменства ўрачыста перададзена гораду Іванава Брэсцкай вобласці


Эстафета Дня беларускага пісьменства ўрачыста перададзена гораду Іванава Брэсцкай вобласці

04.09.2017                              Новости 


Эстафета Дня беларускага пісьменства ўрачыста перададзена гораду Іванава Брэсцкай вобласці. Юбілейны ХХV Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе пройдзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. У Полацку 3 верасня адбылася перадача эстафеты свята. 


Міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што сёлетні Дзень пісьменства ў Полацку насычаны мноствам разнастайных мерапрыемстваў. "Наступны Дзень пісьменства юбілейны, і гэта абавязвае таксама правесці свята на найвышэйшым узроўні", - падкрэсліла яна. 
Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук выказаў словы ўдзячнасці ад жыхароў Полацка за права правесці Дзень пісьменства ў Полацку трэці раз. "Палачане зрабілі ўсё, каб свята ўдалося. І мы перадаём эстафету гораду Іванава. Шчаслівай дарогі, Дзень пісьменства", - сказаў кіраўнік раёна.
У сваю чаргу старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун падкрэсліў, што дэлегацыя Іванава з вялікім задавальненнем прыняла ўдзел у святкаванні Дня пісьменства ў Полацку, які з'яўляецца гістарычным цэнтрам культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У горадзе, які быў удастоены гонару прымаць першы Дзень беларускага пісьменства.
"Мы ганарымся тым, што ў 2018 годзе месцам правядзення юбілейнага Дня беларускага пісьменства выбраны наш горад Іванава - старажытны Янаў з багатай гістарычнай спадчынай і духоўнымі традыцыямі народа. На Іванаўшчыне пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, культурнага і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Наша зямля ўзгадавала многіх сучасных літаратараў", - сказаў Юрый Бісун. Ён выказаў упэўненасць, што Іванава дастойна прыме гасцей і пазнаёміць са сваёй спадчынай.
БЕЛТА