Уладзіміру Карызну спаўняецца 85 гадоў


Уладзіміру Карызну спаўняецца 85 гадоў

24.05.2023                                                          Віншуем!


Сардэчна віншуем!

25 мая свой 85-гадовы юбілей сустракае вядомы паэт Уладзімір Карызна – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры, кавалер ордэна Францыска Скарыны.

Нарадзіўся Уладзімір Іванавіч у вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай СШ на Браслаўшчыне, рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё, рэдактарам аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”, старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва “Юнацтва”.

Паэтычны дэбют маладога аўтара адбыўся ў 1956 г. у газеце “Чырвоная змена”. Ён выдаў зборнікі паэзіі “Край мой сінявокі” (1963), “Жураўліны досвітак” (1969), “Святло ліўня” (1972), “Цеплыня” (1977), “Цішыня баразны” (1981),  “Шумяць вербы”(1982), “Музыка ў свеце” (1985), “Расколіна на звоне Свабоды” (1986), “Душы разгуканай мелодыя” (1988) і інш. Для дзяцей выйшлі кнігі “На сяле ў бабулі” (1975), “Кыонг і яго сябры” (1982), “Малююць дзеці” (з А.Вольскім, 1984), “Зямля – два паўшар’і (1988), “Мір і сонейка для ўсіх” (1990) і інш.

Многія вершы Уладзіміра Карызны пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Выдадзены зборнікі песень “Клубныя вечары” (1979), “Люблю цябе, Белая Русь” (1984), “Салавей спявае” (1990) і інш. Яго песні выконвалі ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, “Бяседа”, спевакі Яраслаў Еўдакімаў, Наталля Раманская і Якаў Навуменка, Тамара Раеўская і інш. Ён з’яўляецца адным з аўтараў слоў дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь.

Паэт пераклаў шматлікія вершы дзіцячых пісьменнікаў для кніжнай серыі “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР”.

Зычым шаноўнаму Уладзіміру Іванавічу моцнага здароўя, доўгіх год жыцця, творчага натхнення, дабрабыту, вялікага шчасця!

 

Прэзідыум СПБ, калегі