Літаратурныя “Звоны” у музеі-сядзібе І.Х. Каладзеева


Літаратурныя “Звоны” у музеі-сядзібе І.Х. Каладзеева

23.05.2023                                                          Новости


«Гудзяць званы прызыўна, абвяшчаючы людзям трывогу ці радасць, збіраюць народ на агульную малітву. Мы заміраем на хвіліну, калі чуем яго, адчуваем, як пранікае ў нас гэтае гудзенне, злучаючы наша зямное з нябёсным. І ў той момант разумеем, што Вечнасць – не дзесьці там, за парогам, а тут, зараз, яна ў нас, а мы ў ёй».

Такімі словамі пачалася музычна-літаратурная сустрэча з назвай «Звоны», арганізаваная літаратурным аб’яднаннем «Актава» (кіраўнік – член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Марына Лайкова) Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна. Мерапрыемства праводзілася 19 мая 2023 года ў музеі-сядзібе І.Х. Каладзеева, з нагоды прэзентацыі двух нумароў літаратурна-мастацкага альманаха «Актава»: «Званы» (выдадзены па блаславенні Благачыннага Першага Барысаўскага благачыння протаіерэя Аляксандра Вярбіла) і «Куфэрак».

Творчы вечар адкрыў іерэй барысаўскага храма «Нараджэння Хрыстовага” айцец Арцемій, прамовіўшы біблейскія словы: «Вы – соль зямлі... Чалавек, як істота духоўная, шукае ісціну і сэнс жыцця, часам праз мастацтва».  Прафесійныя парады юным літаратарам і мастакам далі старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ, пісьменнік Леанід Крыванос, намеснік старшыні паэт Рагнед Малахоўскі, дырэктар ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Галіна Лужкоўская, паэт і літаратуразнаўца Іван Лайкоў, а таксама гаспадар сядзібы І.Х. Каладзеева, мецэнат Уладзімір Слесараў.

У праграме гучалі творы юных пісьменнікаў з літаб’яднання «Актава», а таксама класічная фартэпіянная музыка ў выкананні навучэнцаў студыі «Гармонія» (кіраўнік – піяністка Марыя Стадній). Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай карцін мастакоў-ілюстратараў альманаха «Актава».

 

Марына ЛАЙКОВА

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси