Мітрапаліт Веніямін: Слова — гэта дар, якім чалавек надзелены ад Бога. Эксклюзіў «Звязды»


Мітрапаліт Веніямін: Слова — гэта дар, якім чалавек надзелены ад Бога. Эксклюзіў «Звязды»

Больш за 1000 гадоў таму, з прыходам хрысціянства на беларускія землі, нашы продкі атрымалі не толькі веру, якая на стагоддзі стала стрыжнем, што вызначаў жыццё. Яны атрымалі Кнігу, якую можна чытаць і бясконца далучацца да крыніцы мудрасці і любові, якую ўвасабляе Ісус Хрыстос. Магчымасць прачытаць пра Яго стала таксама штуршком да развіцця пісьменства. Гэта разумелі і гэтаму спрыялі людзі, якія неслі Слова розным народам. Таму святых Кірыла і Мяфодзія, якія лічацца стваральнікамі славянскага пісьменства, згадваем штогод 24 мая: гэта свята адзначае і Беларуская праваслаўная царква. І калі вялікая для хрысціян Кніга прыйшла да нашых продкаў, з'явіліся людзі, што сталі яе распаўсюджваць і прапаведаваць біблейскія ісціны. Напрыклад, сёлета адзначаецца 840 гадоў завяршэння зямнога жыцця беларускага святога, епіскапа Кірылы Тураўскага. У Яго памяць адбылося богаслужэнне ў Тураве. Але служэнне епіскапа Тураўскага важнае не толькі для вернікаў і людзей, якія жывуць царкоўным жыццём. Гэта адзін з тых нашых святых, дзякуючы якім папярэднікі маглі зразумець не толькі асновы веры, але і каштоўнасць асветы наогул. Гэта адыграла сваю ролю ў развіцці інтэлектуальнай культуры беларускага народа: сучаснасць вырастае з мінулага, сілкуючыся з глыбокіх каранёў. Напярэдадні Дня славянскага пісьменства і культуры мы адрасавалі шэраг пытанняў Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі.


Фота: church.by

Фота: church.by

— Ці могуць святы ў гонар беларускіх святых стаць важнымі не толькі для Царквы, але і ў агульнанародным маштабе, калі ўлічыць іх ролю ў гісторыі? Ці дастаткова мы ведаем пра іх? Што трэба для папулярызацыі? Бо яны — прыклад жыцця, напоўненага вялікім сэнсам? Гэта важна не толькі дзеля памяці, але і дзеля працягу той лініі, што яны заклалі сваім служэннем.

— Вобраз беларускіх святых ужо даўно з'яўляецца часткай не толькі беларускай культуры, але і сучаснага жыцця нашага грамадства. Святых Кірылу Тураўскага і Еўфрасінню Полацкую вывучаюць у школе ў рамках прадмета «Гісторыя Беларусі», іх імёнамі названы вуліцы беларускай сталіцы. Разам з тым важна падкрэсліваць, што гэтыя і іншыя падзвіжнікі набожнасці нашай зямлі імкнуліся не столькі да поспеху на культурна-гістарычнай ніве, колькі да духоўнай чысціні і хрысціянскай дасканаласці. І ў гэтым ёсць важны прынцып: сапраўдная культура павінна не разбэшчваць, а ствараць чалавека, узводзіць яго сэрца і розум да вышынь, праз эстэтычную прыгажосць падводзіць да асноў духоўнага жыцця.

Сёння вобраз свяціцеля Кірылы Тураўскага — не толькі як святога Праваслаўнай царквы, але і як чалавека, які імкнуўся да асветы і ведаў, — важны для сферы адукацыі і культуры нашага грамадства, выхавання маладога пакалення. Бо валоданне ведамі — гэта не толькі перавага, але і адказнасць перад Богам і людзьмі, і толькі духоўна цэльны чалавек можа гэтую адказнасць усвядоміць і годна панесці.

— Наколькі важная роля кніжнай культуры ў духоўным жыцці сучасных людзей? Ці адчуваюцца змены ў сувязі з развіццём інфармацыйных тэхналогій (што насцярожвае многіх вернікаў)? Ці вядуць духоўныя пошукі моладзі да шляху здабыцця мудрасці праз кнігі?

— Кнігі з самага пачатку чалавечай цывілізацыі былі і застаюцца сховішчам ведаў, якія людзям удавалася здабыць праз спазнанне гэтага свету. Безумоўна, сёння немалы ўплыў на кніжную культуру аказваюць інфармацыйныя тэхналогіі. Вялікае мноства кніг алічбавана і знаходзіцца ў агульным доступе ў інтэрнэт-прасторы, а багацце інфармацыі, якое штодня абрушваецца на чалавека праз сацыяльныя сеткі, сайты навін і рэкламу, прымушае шмат каго чытаць толькі кароткія тэксты і не глыбока ўдумвацца ў сэнс напісанага. Разам з тым не варта забываць, што сярод людзей былі і ёсць тыя, хто хоча большага, хто імкнецца да паглыбленага пазнання не толькі таго свету, што мы бачым, але і духоўнага жыцця. Ёсць такія людзі і сярод моладзі. Для іх кніга заўсёды будзе асабліва каштоўнай крыніцай ведаў, магчымасцю знайсці адказы на свае пытанні ці атрымаць глебу для далейшых разваг.

— Сучасныя пісьменнікі ў большай ступені кіруюцца ўласнымі прынцыпамі і ўяўленнямі пра якасць кніг. Але пры гэтым уплываюць на духоўны стан грамадства. Калі зыходзіць з падыходаў Царквы, то ці існуе адказнасць за слова? Што вы ўкладваеце ў паняцце «духоўны свет пісьменніка»? Што з пункту гледжання веры ўяўляе сабой талент? У нас ён успрымаецца са знакам «плюс», але ці заўсёды гэта так?

— Слова — гэта дар, якім чалавек надзелены ад Бога. Духоўная традыцыя Царквы называе ўсіх іншых жывых істот бязмоўнымі, і толькі чалавек мае магчымасць выказваць свае думкі праз слова. Але, як неаднаразова адзначаецца ў Бібліі, слова для нас — гэта і дар, і вялікая адказнасць адначасова. Як добрым словам можна прынесці вялікую карысць і дапамагчы шмат каму з людзей, так словам дрэнным можна шмат каго ўвесці ў спакусу, шмат каму нашкодзіць, падштурхнуць кагосьці да няправільных дзеянняў. З гэтага пункту гледжання кожны пісьменнік нясе сур'ёзную адказнасць за выказанае і напісанае ім слова, бо калі слова звычайнага чалавека могуць пачуць толькі людзі, якія знаходзяцца побач з ім, то слова пісьменніка пачуюць тысячы і мільёны чалавек, якія прачытаюць яго твор. Так і бывала ў гісторыі, калі пісьмовыя працы адных людзей дапамагалі многім знайсці выйсце са складаных сітуацый, а творчасць іншых уводзіла ў спакусу мільёны. Вось чаму пісьменнік нясе асаблівую адказнасць перад Богам за тое, што ён гаворыць і піша. Паняцце таленту сапраўды існуе ў духоўным жыцці, у Евангеллі нават ёсць прытча аб талентах. Свецкія людзі пад талентамі часта разумеюць выключна творчыя здольнасці чалавека: уменне пісаць прозу ці паэзію, ствараць выдатную музыку ці мастацкія шэдэўры. Але Праваслаўная царква глядзіць на паняцце таленту значна шырэй. Само жыццё чалавека — гэта талент, які яму дае Бог. Але гэты талент неабходна прымножыць, а не закапаць у зямлю. Гэта значыць, што час нашага жыцця і тыя здольнасці, якія ў нас ёсць, мы не павінны марнаваць, а актыўна выкарыстоўваць дзеля свайго духоўнага ўдасканалення і на карысць блізкім.

«Кніга Святога Ёва». Фота: БелТА

«Кніга Святога Ёва». Фота: БелТА

— Як параіце выбіраць кнігі для чытання ў звычайным жыцці? Не ўсё, што карысна, можа быць цікава і наадварот. На што павінен звяртаць увагу чытач?

— Чытанне — гэта важная частка нашага жыцця. Чым больш чалавек чытае, тым шырэйшы ў яго далягляд, тым больш глебы для разважанняў, і тады ён можа больш дакладна ацэньваць жыццёвыя сітуацыі. І гаворка тут ідзе не толькі пра духоўную літаратуру. Чытанне кніг павінна не толькі даваць работу для розуму, але і несці радасць чытачу, натхняць яго, надаваць цікавасць да жыцця, дарыць добры настрой. Таму і трэба выбіраць для чытання такія кнігі, у якіх карыснае максімальна спалучаецца з цікавым.

Бываюць кнігі некарысныя, і самой сваёй некарыснасцю яны выклікаюць у чытача цікавасць. Але вельмі часта пасля прачытання такіх твораў чалавека ахоплівае пачуццё, што час патрачаны дарэмна. Ці вартая ўвагі такая літаратура? Бо час — гэта вельмі каштоўны і незаменны рэсурс, які Бог даў нам на гэтай зямлі і за які мы дадзім перад Госпадам адказ. Зусім не варта марнаваць гэты каштоўны рэсурс.

— На жыццё людзей, у тым ліку вернікаў, уплываюць знешнія няпростыя падзеі. Людзі шукаюць супакаення і арыенціраў у жыцці. Як у цяперашні час чалавеку захаваць свае прынцыпы і пазбегнуць спакус, якія пазбаўляюць раўнавагі ў душы?

— Калі чалавек сапраўдны вернік, то ніякіх арыенціраў і прынцыпаў у жыцці не шукае, таму што ўжо знайшоў іх у Хрыстовым Евангеллі. Якраз-такі чалавек, які не здабыў Хрыста і не мае ўнутранага духоўнага стрыжня, палохаецца вонкавых няпростых падзей, губляе раўнавагу ў душы і ў роспачы шукае нейкія арыенціры ў жыцці. Для верніка ж многія рэчы відавочныя, таму што ўжо даўно выкладзеныя ў Евангеллі. У прыватнасці, там сказана, што зямное жыццё ніколі не было і не будзе простым, такім, што беражліва захоўвае ўнутраную раўнавагу чалавека. Ісус сказаў: «У свеце будзеце мець скруху; але мужайцеся: Я перамог свет». Не з'яўляецца выключэннем і цяперашні час. Як сёння чалавеку засцерагчыся ад спакусы? Гэтак жа, як гэта рабілі хрысціяне ўсіх папярэдніх стагоддзяў — цвёрда верыць у Хрыста, выконваць Яго запаведзі і знаходзіцца ў малітве.

— Царква як інстытут захавання веры нават у часы выпрабаванняў старалася клапаціцца пра чалавека (неабавязкова толькі пра свайго прыхажаніна). Сучасны свет складаны, ён прапаноўвае шмат розных ідэй. Якім павінна быць жыццё Царквы, каб не губляць, а прыцягваць да сябе людзей?

— Царква сапраўды заўсёды старалася клапаціцца пра чалавека, і не толькі пра сваіх вернікаў. І заўсёды гэта аказвала дабратворны ўплыў на грамадства ў цэлым, бо перад вачыма любога чалавека, незалежна ад яго светапогляду, павінен быць высокі прыклад дабрадзейнага жыцця, які без усялякіх слоў заахвочваў бы яго да лепшага, падштурхоўваў да пакаяння, да добрых спраў. У гэтым сэнсе важна разумець, што, нягледзячы на сваё шырокае сацыяльнае служэнне, Царква, паводле слоў Хрыста, не ад гэтага свету і менавіта гэта робіць яе Царквой. Гэта не толькі грамадскі інстытут, а богачалавечы арганізм, у якім Галава — Хрыстос, а ўсе вернікі складаюць цела гэтага арганізма. У Царкве дзейнічае благадаць Святога Духа, без якой мы былі проста адной з чалавечых супольнасцяў. Пропаведзь Евангелля і прыцягненне людзей ва ўлонне Царквы — важны складнік яе жыцця, і гэтая пропаведзь эфектыўная не толькі знешнімі справамі (мерапрыемствамі, інфападставамі для СМІ, царкоўнымі ўрачыстасцямі), але, перш за ўсё, унутраным благадатным жыццём Царквы. З гэтага пункту гледжання важна не забываць і аб патаемным моманце, які выяўляюць словы самога Госпада Ісуса Хрыста: «Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі не прыцягне яго Айцец, які паслаў Мяне». Гэта азначае, што сустрэча з Богам адбываецца ў глыбіні чалавечага сэрца, а знешняя пропаведзь Царквы можа толькі пасадзейнічаць гэтаму.

— Якія кантакты з праваслаўнымі цэрквамі іншых народаў? Наколькі яны важныя і чым узбагачаюць?

— Праваслаўная царква мае ўласцівасць саборнасці — гэта значыць, з'яўляецца адзінай, нягледзячы на тое што яе члены пражываюць у розных кутках зямлі. Разам з тым існуюць памесныя праваслаўныя цэрквы — гэта часткі адзінай Хрыстовай Царквы, чые асаблівасці богаслужэбнага жыцця і традыцый абумоўлены гістарычнымі падзеямі і асаблівасцямі мясцовых культурных звычаяў. З тымі памеснымі праваслаўнымі цэрквамі, з якімі Руская праваслаўная царква мае сёння кананічнае адзінства, мы маем кантакты і братэрскія стасункі. Гэта вельмі важна для падтрымання ўнутрыцаркоўнага адзінства пры любых знешніх абставінах.

— Але на побытовым узроўні свецкасць (жыццё без царквы) здаецца больш прыцягальнай шмат для каго (можа быць, таму ў свеце ўсё больш выклікаў з-за ідэй секулярызму). Што павінна сёння прапаноўваць Царква, каб захавалася вера? Для вас хрысціянства — гэта рэлігія пакуты ці радасці?

— Прызначэнне Царквы ў тым, каб несці людзям добрую вестку пра ўваскрэслага з мёртвых Збаўцу, які прыйшоў у гэты свет дзеля кожнага чалавека. Вось чаму гэтая добрая вестка, якую таксама называюць Евангеллем, была і будзе актуальнай заўсёды. Царква не можа і не павінна імкнуцца вокамгненна мяняцца, усімі сіламі спрабуючы задаволіць капрызны «попыт спажыўца». Вечнасць і нязменнасць Хрыстовай ісціны — галоўная каштоўнасць таго, пра што мы заўсёды гаворым. Безумоўна, форма пропаведзі Евангелля павінна быць суаднесена з сучасным светам, нам неабходна гаварыць на той мове, якую людзі могуць пачуць, аднак сам сэнс хрысціянскай пропаведзі застаецца такім жа, якім ён быў і ў часы святых апосталаў.

Пытанні задавала Ларыса ЦІМОШЫК

Источник: https://zviazda.by/be/news/20230522/1684768631-mitrapalit-veniyamin-slova-geta-dar-yakim-chalavek-nadzeleny-ad-boga

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси