Квітнее пераможны май


Квітнее пераможны май

22.05.2023                                                          Новости


Пад такой назвай прайшла паэтычная імпрэза Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на плошчы Свабоды побач з Ратушай. Гэтым мерапрыемствам распачаліся ўжо традыцыйныя творчыя сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі на інтэрактыўнай пляцоўцы Цэнтралізаванай сістэмы публічных дзяржаўных бібліятэк г. Мінска. Яны будуць праходзіць тут кожную суботу ўсё лета.


Першае мерапрыемства адкрыў і правёў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. У аўтарскім выкананні прагучалі яго вершы, а таксама вершы членаў СПБ Іны Фраловай, Ірыны Карэнінай, Таццяны Купрыянец, Алены Басікірскай, Вольгі Любашынай, Таццяны Жылінскай, Кацярыны Стройлавай, Дзмітрыя Мікалаева. Творы класікаў і сучасных замежных і беларускіх аўтараў прагучалі ў выкананні рэжысёра і сцэнарыста Мінскага гарадскога тэатра паэзіі (мастацкі кіраўнік -- Вольга Багушыньска) Святланы Яфрэмавай і юнага артыста Тэатра паэзіі Роберта Багушыньскага, якога сардэчна павіншавалі з першым месцам у раённым і з трэцім месцам ва ўсегарадскім конкурсе чытальнікаў мастацкіх твораў "Жывая класіка". Прагучалі і вершы беларускіх паэтаў у выкананні вялікага прыхільніка высокага мастацкага слова Таццяны Плашчынскай. Песні на вершы беларускіх паэтаў выканала пад гітару Таццяна Жылінская. Тут жа была арганізавана выстаўка кніг пісьменнікаў, якія прынялі ўдзел у свяце. Слухачы, сярод якіх былі і госці нашай сталіцы, мелі магчымасць набыць кнігі з аўтографам, паразмаўляць і сфатаграфавацца з аўтарамі.


Павел Кузьміч
Фота аўтара