
22.05.2023 Новости
Вынікі паэтычнага конкурсу хайку “Увесь Сусвет у слове” падвялі падчас Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” у філіяле “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” ў Брэсце.
У якасці арганізатараў конкурсу “Увесь Сусвет у слове” выступілі Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і Брэсцкі абласны краязнаўчы музей.
Праграма мерапрыемства “Японская мазаiка” пачалася з адкрыцця выставы “Паэзія японскага кімано” магілёўскага калекцыянера Анастасіі Кавалёвай. Навучэнцы Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы Наталля Горык, Марыя Максiмук (фартэпiяна) i Марыя Краўчанка (флейта) падарылі прысутным чароўны канцэрт “Музыка Краiны ўзыходзячага сонца”. З асаблівасцямі японскай культуры госці пазнаёміліся, праслухаўшы лекцыю “Кiмано як сiмвал японскай культуры”.
Лагічным прадаўжэннем свята стала падвядзенне вынікаў конкурсу “Увесь Сусвет у слове”. Знаёмства з японскай паэтычнай традыцыяй у кантэксце беларускай культуры зацікавіла многіх. І з прац удзельнікаў творчых спаборніцтваў напрошваўся вынік – для кожнага народа асновай ведаў з’яўляюцца багатая гісторыя і культура свайго краю, натхняльнай сілай – любоў да радзімы і навакольнага свету, а светлай думкай пакараюцца сэрцы.
Граматы, якія атрымалі пераможцы, таксама ўнікальныя, бо ў кожнай з іх падкрэслены моцныя бакі ў творчасці кожнага аўтара хоку. Пісьменніца Зінаіда Дудзюк была ўзнагароджана за літаратурны прафесіяналізм, яркую вобразнасць, беларускія матывы ў творах, глыбокае філасофскае асэнсаванне сусветных працэсаў і месца чалавека ў свеце прыроды, кампазітар Галіна Гедзік – за паэтыку музыкальнасці ў вершах, самабытныя беларускія матывы, старшы супрацоўнік музея Ала Расінская – за глыбіню філасофскай думкі, выдатнае веданне японскай культуры і бліскучае ўспрыманне свету праз прызму сваіх успамінаў і пачуццяў, Ігар Міхалёў – за рамантычнае ўспрыманне наваколля і цікавыя творчыя пошукі, з Кобрына Марына Міхалюк – за выдатнае валоданне тэхнікай напісання вершаў у жанры японскай паэзіі, яркае вобразнае суадняссенне ўнутранага стану чалавека і прыгажосці прыроды, а Наталля Пятрова – за цікавы ход думак, маляўнічую перадачу імгненнасці быцця.
Таццяна Дземідовіч