Калі душа напоўнена паэзіяй


Калі душа напоўнена паэзіяй

03.05.2023                                                          Новости


У Доме літаратара прайшоў юбілейны творчы вечар мастацкага кіраўніка Тэатра паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, артысткі тэатра і кіно, танцоўшчыцы, вядучай мерапрыемстваў Вольгі Багушыньскай.

На працягу васьмі гадоў на кожным выступленні Тэатра паэзіі таленавітая юбілярка папулярызуе творчасць класікаў сусветнай літаратуры і вершы сучасных беларускіх аўтараў, прыгожа нясе ўзнёслае паэтычнае слова. Таму Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заснавальнік і дырэктар Тэатра паэзіі, паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык, мовазнаўца, уручыў Вользе Багушыньскай заслужаныя ўзнагароды: грамату ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» за падрыхтоўку шматлікіх паэтычных спектакляў, высокае артыстычнае майстэрства і ў сувязі з юбілейным днём нараджэння, а таксама ганаровую грамату Мінскага гарадскога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» за шматгадовае служэнне Паэзіі, стварэнне паэтычных спектакляў, высокі прафесіяналізм і адметнае акцёрскае майстэрства. Міхаіл Паўлавіч прызнаўся, што лічыць стварэнне Тэатра паэзіі адным са сваіх найвялікшых дасягненняў.  Мэтр паэзіі шчыра падзяліўся пачуццём захаплення прафесіяналізмам і талентам Вольгі Багушыньскай і падарыў верш-прысвячэнне «…Чараўніцы, што даруе ўсім вясну». Міхаіл Паўлавіч падзякаваў матулі юбіляркі Святлане Міхайлаўне за тое, што выхавала рознабакова таленавітую дачку.

Павіншаваў Вольгу ўладальнік «Залатога Віцязя-2022», вядомы паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, літаратурны крытык, галоўны рэдактар часопіса «Новая Няміга літаратурная» Анатолій Аўруцін. Анатолій Юр’евіч адзначыў, што Вольга – зорка кожнага паэтычнага мерапрыемства, муза кожнага паэта, падарыў юбілярцы новую кнігу і прадэкламаваў новыя вершы.

Да слоў віншавання далучыліся і вядомыя беларускія паэты і барды Фёдар Баравы, Таццяна Жылінская, Людміла Воранава, Тэрэза Глазоўская.

Ускалыхнулі сэрцы прысутных выступленні паэта, кампазітара, выканаўцы песень Анатолія Длускага і вакалісткі, лаўрэата шматлікіх конкурсаў і феставалей Надзеі Бронскай.

Вольга з пяці гадоў займаецца танцамі. І вось ужо дваццаць два гады выступае ў ансамблі армянскага танца «Эрэбуні». Кіраўнік ансамбля Рузана Аванесян прызналася са сцэны, што не ўяўляе «Эрэбуні» без таленавітай танцоркі Вольгі Багушыньскай, бо лічыць юбілярку лепшым  падарункам танцавальнага калектыву. Расказала, што ў Арменіі прымаюць Вольгу як сваю, таму што мілая беларуска Вольга душой крыху і армянка.

Гарачымі апладысментамі сустрэлі госці выступленні ансамбля «Эрэбуні». Армянскія танцы «Адраджэнне» і «Кінто» запаліліся незгасальнымі зорачкамі ў сэрцах беларусаў.

Недарэмна Святлана Яфрэмава, педагог, сцэнарыст і рэжысёр, адзначыла, што душа юбіляркі інтэрнацыянальная. Таму і падарунак Святланы Барысаўны склаўся з паэтычных радкоў Булата Акуджавы, Рамэна Раллана, Расула Гамзатава.

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр тэатра і кіно, гумарыст, пісьменнік, рэжысёр, сцэнарыст Яўгеній Крыжаноўскі шчыра павіншаваў Вольгу Багушыньску з юбілеем, адзначыў яе высокае  акцёрскае майстэрства і запрасіў на новыя кіназдымкі.

Сваё майстэрства паказаў і Тэатр паэзіі, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца юбілярка. Рэжысёр – Ганна Красоўская. Тэатралізаваная мініяцюра «У краі светлазарнай зямлі» па матывах спектаклю па творах вядомай паэтэсы, уладальніцы «Залатога Віцязя» Наталлі Саветнай адгукнулася ў сэрцах гледачоў верай, што дабрыня і святло заўжды прывядуць чалавека да сапраўднай праўды жыцця.  

Яскравае выступленне народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча культуры, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, кампазітара Эдуарда Сямёнавіча Ханка стала незабыўным падарункам як для Вольгі, якая чула прызналася словамі Лізаветы Палеес: «Музыки хочется!..» –  так і для ўсіх гасцей.

Гукавое і тэхнічнае суправаджэнне творчага вечара таксама было на высокім узроўні, таму што за пультам знаходзіўся вядомы пісьменнік, гукарэжысёр Анатолій Матвіенка.

З захапленнем госці святочнага мерапрыемства назіралі за пераўвасабленнямі таленавітай юбіляркі: вось Вольга ўзнёсла чытае прозу Чынгіза Айтматава. Вось шчыра дэкламуе вершы сучасных беларускіх паэтаў Міхася Пазнякова, Анатолія Аўруціна, Лізаветы Палеес, Навума Гальпяровіча, Фёдара Баравога, Уладзіміра Тулінава, Наталлі Саветнай, Тэрэзы Глазоўскай… Вось імянінніца саліруе ў армянскіх танцах. Вось імправізуе ў пары з артыстам Яўгенам Крыжаноўскім у «Польскім кабарэ» і прыгожа чытае верш на польскай мове. Вось яна на экране ў якасці настаўніцы малявання ў «Прыколах 13-ай школы». Вось іграе ў Тэатры паэзіі. А вось Вольга – шчаслівая матуля ля сваіх сыночкаў-дубочкаў, такіх жа прыгожых і таленавітых – захапляецца, як сын Роберт, артыст Тэатра паэзіі, пераможца шматлікіх конкурсаў, прафесійна чытае вершы Каці Роўда і Алены Стэльмах. Вось Вольга-беларусачка прызнаецца ў любові да роднага краю і сваёй сям’і. Вось яна – клапатлівая і ўдзячная дачушка – ля сваёй любай матулі Святланы Міхайлаўны. І ўсе ролі, якія выконвае Вольга Багушыньска на сцэне і ў жыцці, шчырыя, прыгожыя, зорныя, бо яе душа сапраўды напоўнена паэзіяй!

Валянціна Драбышэўская

Фота Алы Ткачэнка і Лізаветы Кабецкай