Сяброўства з кнігай. Брэсцкія пісьменнікі сустрэліся з чытачамі ў кнігарне “Дружба”


Сяброўства з кнігай. Брэсцкія пісьменнікі сустрэліся з чытачамі ў кнігарне “Дружба”

31.07.2017                                   Новости  


Чарговае мерапрыемства ў рамках акцыі “Лета з добрай кнігай” правялі паэты і празаікі Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”    На гэты раз  сустрэча з чытачамі адбылася ў кніжнай краме “Дружба”. Пакупнікі, якія нечакана трапілі на свята кнігі, мелі магчымасць паслухаць аўтарскае выкананне вершаў, даведацца пра кніжныя навінкі брэсцкіх пісьменнікаў, іх  творчыя напрацоўкі. 

Напачатку цікавай размовы заслужаны журналіст, паэт Георгій Тамашэвіч засяродзіў увагу слухачоў на значнай падзеі – мінула пяць стагоддзяў з выдання першай   беларускай кнігі. Першадрукару Францыску Скарыне і яго важнай справе пісьменнік прысвяціў свае вершы.

Спецыяльным госцем мерапрыемства стаў паэт-гумарыст з Івацэвічаў Віктар Рэчыц. Даўні сябра гумарыстычнага часопісу “Вожык” прэзентаваў сваю  кнігу “Паўцарства за ўсмех”, расказаў як нечакана ў паўсядзённым жыцці знаходзіць займальныя  сюжеты і пераўтварае іх у мастацкія творы.

Шлях пісьменніка – гэта штодзёная творчая праца, пошукі, развагі.  Вядомы пісьменнік, краязнаўца Анатоль Бензярук  падзяліўся сваімі падыходамі да літаратурнага працэсу, расказаў пра творчыя планы, заклікаў прысутных да вывучэння гісторыі роднага краю.

Празаік, журналіст, галоўны рэдактар літаратурна-краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс” Аляксандр Валковіч прачытаў урывак са сваёй новай кнігі “И тогда спроси свою печаль…”…

У новую кнігу прозы  Аляксандра Валковіча ўвайшлі аповесці, апавяданні, эсэ і замалёўкі, напісаныя па матэрыялах «вандровак» па рэгіёнах беларускага Палесся. У займальных гісторыях-элегіях пра даўніну і новы час самабытнага Палескага краю нароўні з героямі-людзьмі, прысутнічаюць і ўдзельнічаюць коні, птушкі, дрэвы, балоты, рэкі ...

Усё гэта - толькі зямны, бачны вобраз, - сцвярджае аўтар. - Астатняе - у нашай душы, дзе адбываецца вечнае бітва паміж светлым і цёмным, дабром і злом, Богам і д'яблам. І дадзена нам права выбару, на чыім баку быць. І кожны выбірае. Камертон гэтага няпростага выбару - наш сардэчны смутак ...

У зборніку шырока прадстаўлены багаты гутарковы фальклор палешукоў, старадаўнія паданні і легенды, няпростыя людскія калізіі.

Драматург, паэт, празаік Зінаіда Дудзюк распавяла прысутным пра свае новыя кнігі, пра творчыя здабыткі, прачытала мілагучны верш, рэфрэн якога з задавальненнем паўтаралі прысутныя.  Адна з апошніх кніг Зінаіды Дудзюк – зборнік п’ес “Гістарычныя драмы”. У кнізе сабраны драматычныя творы, якія датычаць гісторыі Беларусі. Двухактная драма “Скарына з Полацка” пранікнёна апавядае пра  слыннага беларускага першадрукара, выбітнага дзеяча, які вызначыў лёс культуры Беларусі на шмат стагоддзяў наперад. 

Напрыканцы сустрэчы першы намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Любоў Красеўская натхнённа прачытала знаёмыя радкі з  верша Марыны Цвятаевай.

Нечаканым  і прыемным падарункам для прыстуных стала выступленне  вучняў Музычнай гімназіі №4 горада Брэста Лізы Калінкі і Івана Кіслячука.

 Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ