Літаратурна-музычная Гасцёўня збірае сяброў


Літаратурна-музычная Гасцёўня збірае сяброў

24.07.2017                                       Новости 


16 ліпеня адбылася “Сябрына”- Літаратурна-музычная Гасцёўня творчых людзей раёна на базе Радзюкоўскага сельскага Дома культуры. Ініцыятарам яго правядзення стала паэтка, удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, жыхарка вёскі Радзюкі Людміла Іосіфаўна Ардынская.


На гэтай творчай вечарыне, прэзентацыі новых твораў світанкаўцаў, прысутнічалі паэты,музыканты, спевакі, грамадскія актывісты, усе тыя, хто любіць і шануе роднае слова, цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі і ў прыватнасці, Шаркаўшчынскага краю.

На сяброўскай сустрэчы прысутнічалі і выступалі госці: настаўніца з Барысава Ганна Нізавец (даўняя сяброўка Людмілы Ардынскай),паэтка з Падсвілля Марыя Баравік, дудар і самадзейны паэт з Браслава Галляш Сялява, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі журналістка з Міёр Алена Басікірская, карэспандэнт раённай газеты і фотакарэспандэнты з Глыбокага.

Да гэтай падзеі світанкаўцы выпусцілі кнігу ў Глыбоцкай раённай друкарні “Пяе душа паэта … або Летнія фантазіі”. Набыць яе мелі магчымасць усе жадаючыя.

Прэзентаваўся альманах “Дзвіна”: Віцебшчына літаратурная, які пабачыў свет у гэтым годзе. У “Дзвіне” прадстаўлены творы сучасных пісьменнікаў Віцебшчыны, а таксама з брацкіх краін – Расіі і Латвіі.

Кацярына Сосна азнаёміла са сваімі выданнямі -успамінамі пра творчых людзей раёна, якія адыйшлі ў свет іншы, а яна пры іх жыцці была знаёма з імі: народным артыстам тэатра і кіно Паўлам Піліпавічам Дубашынскім, народным артыстам СССР Генадзіем Іванавічам Цітовічам, пісьменнікамі Міколам Гаўрылавічам Воранавам і Фамой Антонавічай Рамашку, кнігу перакладаў класікаў літаратуры пад назвай “Усё помніцца і сніцца”. Надзея Вайцюль (вядучая свята) сабрала свае вершы і выдала кніжачку “Навука жыцця”.Людміла Ардынская ў той жа Глыбоцкай друкарні зрабіла дзіцячую кнігу “Белы бусел”. А крыху раней выйшлі з-пад яе пяра зборнікі “Яблыневы сад”,”Музыка жыцця”, “Мае карані”.

У вялікай канцэртнай праграме выступалі са сваімі творамі  світанкаўцы, прысвячаліся вершы і беларускім песнярам, 135 годдзе якіх сёлета адзначаецца-Янку Купалу і Якубу Коласу.

Потым удзельнікі імпрэзы пабывалі ля абеліска загінуўшым воінам- землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны, каля помніка расстраляным яўрэям, дзе ўсклалі жывыя кветкі.

Каб захавалася памяць аб такой сустрэчы, насупраць будынка сельскага Дома культуры пасадзілі дэкаратыўнае дрэва -сумах.

На свяце прысутнічала звыш 100 чалавек.  

Кацярына СОСНА,

кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання

“Світанак”, Віцебскае абласное аддзяленнне ГА “СПБ”.