На карысць Беларусi


На карысць Беларусi

24.07.2017                                Новости 


Цікавы аповяд  аб сваёй творчасці ў спалучэнні з расказам аб  нашай краіне, яе прыярытэтах, нявырашаных задачах, культурнай плыні правёў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік Уладзімір Гаўрыловіч падчас сустрэчы з групай падлеткаў з другой лагернай зменай аздараўленчага лагеру “Курсан-ТЫ”. Гэта ваенна-патрыятычны праект, які ажыццяўляецца на працягу апошніх некалькіх гадоў сумеснымі намаганнямі мясцовых органаў улады, праваахоўных структур і грамадскімі арганізацыямі Гомельшчыны.  

Уладзімір Гаўрыловіч, як кіраўнік пісьменнікаў вобласці і адначасова кіраўнік інфармацыйна-прапагандысцкай групы, створанай пры Гомельскім абласным аддзяленні грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, сустрэўся 18 ліпеня з удзельнікамі лагеру – цяжкімі падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў раённых камісіях па справах непаўналетніх з розных куткоў Гомельшчыны. Пісьменнік найперш распавёў слухачам пра сацыяльна-культурны стан рэгіёна і краіны, ролю сучаснага літаратара ў грамадстве. У прыватнасці, адзначыўшы, што цікавасць да роднай культуры, адпаведна, і да літаратуры і беларускай мовы на Беларусі з кожным годам узрастае, асабліва сярод моладзі. І гэта вельмі радуе, адзначыў літаратар.

Празаік прывёў прыклад асабліва ашчадных адносін да слова з боку пачынаючых гомельскіх аўтараў, якія ў мінулым годзе і сёлета займаюцца перакладамі на мову рускіх і украінскіх аўтараў у межах сумеснага праекта “Берагі дружбы” з літаратарамі Растоўшчыны, і многія дзеля гэтага ўзяліся за самастойнае вывучэнне роднай мовы.

Літаратар распавёў пра асноўныя кірункі дзейнасці пісьменніцкай арганізацыі краіны і вобласці, а таксама звярнуў увагу падлеткаў, якім ужо ад 14 да 16 гадоў, каб вельмі ўважліва ставіліся да спадчыны, захоўвалі гісторыю свайго роду, каб не заставацца ў бурлівым свеце людзьмі без нацыянальнай годнасці.

“Быць беларусам – гэта годна і пачэсна, і нам ёсць чым і кім ганарыцца. Нельга забывацца пра нашага першадрукара Ф.Скарыну (сёлета 500-годдзе беларускага кнігадрукавання),  на культурных дзеячаў краіны, такіх як Я.Купала і Я.Колас, 135-ыя ўгодкі якіх шырока адзначае Беларусь, у тым ліку і сваіх землякоў, якія ўславілі Гомельшчыну – народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа і Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка і Івана Навуменкі…”

Пісьменнік не пакінуў за ўвагай і ўласную творчасць. Так, ён  расказаў старшакласнікам як нараджаецца задума мастацкага твора, прывёў некалькі прыкладаў з напісанага. У прыватнасці, акцэнт быў зроблены на апавяданнях, прысвечаных перыяду Вялікай Айчыннай вайны і толькі што напісаным рамане “Палешукі”.

Творчая сустрэча з пісьменнікаў у абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна завяршылася адказам на пытанні і фатаграфаннем на памяць.

Затым супрацоўнікі бібліятэкі правялі экскурсію, падчас якой школьнікі даведаліся нямала цікавага і аб шматлікіх формах дзейнасці аддзелаў, Музея рэдкай кнігі, бібліятэчным тэатральным калектыве “Грачы” і многім іншым.

Па словах падлеткаў, пачутае ад пісьменніка і ўбачанае ў бібліятэцы было для іх вельмі карысным, і яны шчыра падзякавалі арганізатарам за такое мерапрыемства ў межах праекта “Курсан-Ты”.

Дзяніс Іваноў,

прэс-служба Гомельскага аддзялення СПБ