Конкурс «І кружыцца планета Куляшова», які раней праводзіўся па ініцыятыве МДУ імя А. Куляшова, сёлета быў узяты пад патранаж абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага фонду міра. Удзел у ім прынялі каля 300 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года з розных рэгіёнаў Беларусі.
— Аркадзь Куляшоў адзіны народны паэт на Магілёўшчыне і мы вырашылі больш актыўна папулярызаваць гэта імя, — адзначыў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека. — Будзем праводзіць конкурс пад эгідай нашага Саюза. Гэтым разам было вельмі цяжка выбіраць лепшых, паступіла шмат якасных твораў. Усяго граматамі і дыпломамі былі адзначаны 73 чалавекі ў намінацыях «Ёсць у паэта свой аблог цалінны», «Знаёмыя незнаёмцы: нашы сучаснікі», «І вечнасць радка, як вечнасць жыцця», «Гістарычная памяць маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны». Гран-Пры атрымала вучаніца Фашчаўскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна Анастасія Маслянкова. Яна ў маленькім вершы змагла ахапіць жыццёвы і творчы шлях Аркадзя Куляшова. Акрамя гэтага мы выдзелілі два эсэ — навучэнкі Магілёўскага прафесійнага эканамічнага каледжа Анастасіі Кузьмянковай і мінчаніна Аляксандра Парменава ад пошукава-этнаграфічнага праекта «УсПомні».
Мерапрыемства завяршылася паказам маладзёжнага патрыятычнага праекта «Песня роднай зямлі».
Яшчэ адзін праект, прысвечаны Дню роднай мовы, прайшоў у абласной бібліятэцы імя У. Леніна. Пісьменнікі Магілёўшчыны, навучэнцы, аматары літаратурнай творчасці чыталі свае вершы, выступалі з літаратурна-музычнымі кампазіцыямі. Наогул у гэты дзень Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі зладзіла 10 мерапрыемстваў, прысвечаных папулярызацыі роднай мовы. Яго члены выступілі перад маладзёжнымі аўдыторыямі ў бібліятэках і ўстановах адукацыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ