20.06.2017 Новости
Па запрашэнні Салігорскай раённай дзіцячай бібліятэкі ў Салігорску пабываў вядомы пісьменнік, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў.
Тут адбыліся дзве творчыя сустрэчы з паважаным аўтарам шматлікіх кніг. Першая — з юнымі чытачамі горада ў межах рэспубліканскай акцыі “Лета — з добрай кнігай”. Выдавецтва “Народная асвета” разгарнула выстаўку-продаж кніг, адрасаваных дзецям, у тым ліку і 20 кніг шаноўнага госця. Міхась Паўлавіч прачытаў свае вершы, займальна паразмаўляў з цікаўнымі слухачамі на самыя розныя тэмы, загадаў ім свае вершаваныя загадкі. Кожны, хто разгадаў іх, атрымаў у падарунак кнігу з аўтографам.
Спявак і кампазітар Сяргей Кравец выканаў песні на вершы паэта. Дзеці мелі магчымасць задаць пісьменніку шмат пытанняў, а таксама набыць кнігі, прывезеныя супрацоўнікамі выдавецтва.
Другую творчую сустрэчу Міхась Пазнякоў правёў з работнікамі бібліятэк Салігорскага раёна. Ён распавядаў пра малую радзіму, бацькоў, пра жыццё пісьменніцкай арганізацыі. Прачытаў вершы, адказаў на пытанні. Сяргей Кравец выканаў песні, напісаныя ім на вершы паэта.
Павел КУЗЬМІЧ
Фота аўтара
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси