Лета з добрай кнiгай


Лета з добрай кнiгай

07.06.2017                                      Новости 


Сустрэча з кнiгай – гэта заўсёды свята! Такiм святам i пачалося лета для чытачоў Брэста. Першага чэрвеня, у Мiжнародны дзень абароны дзяцей, у кнiжнай краме «Iскра» адбылася сустрэча са славутымi беларускiмi пiсьменнiкамi: Расцiславам Бензеруком, аўтарам шматлiкiх казак i вершаў для дзяцей, i паэтам, драматургам, празаiкам Зiнаiдай Дудзюк.

Старшыня Брэсцкага Саюза пісьменнікаў, прадстаўляючы гасцей, падкрэсліла, як важна зарыентаваць дзяцей у інфармацыйнай  прасторы, зацікавіць iх чытаннем, вывучэннем роднай гісторыі, культуры, а таксама распавяла пра працу і планы Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Намеснік старшыні Брэсцкага абласнога Саюза пісьменнікаў Любоў Красеўская прачытала некалькі сваiх вершаў і пазнаёміла прысутных з кніжнымі навінкамі.

Сустрэча праходзіла ва ўтульнай атмасферы, работнікі крамы маляўніча аформілі кніжныя стэнды. Дырэктар крамы «Іскра» Святлана Юнчык пазнаёміла прысутных з кутком, дзе прадстаўлены кнігі брэсцкіх аўтараў.

Паэт Расціслаў Бензярук прачытаў вершы і прэзентаваў сваю новую кнігу нарысаў пра родны Жабінкаўскі раён «Прытулак для душы», Зінаіда Дудзюк пазнаёміла чытачоў з серыяй сваіх маляўнічых пазнавальна-выхаваўчых кніг для дзяцей «Прыгоды Бусліка», прапанавала ўнікальнае падарожжа ў свет міфалогіі па старонках кнігі «Кола Сварога», расказала пра гісторыю напісання аповесцяў «Слодыч i атрута», «Лаза», прадставіла свае кнігі, напісаныя ў розныя гады, а таксама анансавала новы раман.

Захопленыя чытачы задавалі пісьменнікам пытанні, цікавіліся іх творчымі планамі, разважалі пра тыражы і продажы мастацкай літаратуры.

У завяршэнні мерапрыемства адбылася фотасесія, а ўдзельнікі сустрэчы падзякавалі арганізатарам, Брэсцкаму абласному аддзяленню Саюза пісьменнікаў Беларусі і работнікам крамы «Іскра» за магчымасць зарадзіцца пазітывам і натхненнем.

Iван РАВЯКА