Вернасць мастацкаму слову


Вернасць мастацкаму слову

05.06.2017                                          Новости 


У сераду ў малай зале Бялыніцкага РЦК адбылася творчая вечарына, прысвечаная 80­гадоваму юбілею былога рэдактара райгазеты «Зара над Друццю», вядомага пісьменніка і гумарыста Міколы Падабеда. 


На святочную сустрэчу завіталі яго родныя і блізкія, калегі па журналістыцы, сябры па Саюзе пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, школьнікі.

Вечарына прайшла ў душэўнай, па­сямейнаму цёплай атмасферы. Адказваючы на пытанні вядучых мерапрыемства, Мікалай Іванавіч акрэсліў асноўныя вехі свайго жыццёвага шляху, распавёў пра станаўленне ў прафесіі, журналісцкую і рэдактарскую дзейнасць, працоўныя і творчыя здабыткі.

Да глыбіні душы прысутных кранулі яго ўспаміны пра далёкае дзяцінства, родную вёсачку Пожар, што ў Клімавіцкім раёне, провады бацькі на Вялікую Айчынную вайну, з якой той так і не вярнуўся, і першыя спробы пяра:

– З дзяцінства марыў пісаць, меў прагу да мастацкага слова. Пісаў замалёўкі пра землякоў у раённую газету, мае вершы друкаваліся ў газеце «Піянер Беларусі». Таму я вельмі шчаслівы, што гэта мара здзейснілася – амаль сорак пяць гадоў шчыраваў на ніве журналістыкі, выдаў некалькі кніг гумарэсак, працягваю друкавацца ў абласной і рэспубліканскай перыядычнай прэсе, у газеце «Зара над Друццю».

Намеснік начальніка ўпраў­лення ідэалагічнай работы аблвыканкама Алена Дзівакова шчыра павіншавала Міколу Падабеда з 80­годдзем і зачытала прывітальны адрас намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Кунцэвіча. Таксама цёплыя словы юбіляру выказалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Фурсава, яго калегі, старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі Саюз журналістаў», галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Святлана Шутава і рэдактар «Зары над Друццю» Міхась Карпечанка, пісьменнікі Мікола Салаўцоў, Мікола Леўчанка, Віктар Кунцэвіч.

У прыватнасці, Святлана Шутава адзначыла, што Мікалай Іванавіч адносіцца да той плеяды журналістаў, якім падуладныя ўсе жанры і хто высока падняў планку журналісцкага майстэрства і ўзровень бялыніцкай раённай газеты, у калектыве якой вырасла шмат выдатных майстроў сваёй справы. Яна таксама падзякавала яго жонцы, Алене Цімафееўне, за натхненне і падтрымку ў творчасці свайго мужа на працягу многіх гадоў.

Старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандр Казека адзначыў, што Мікола Падабед усё жыццё застаецца адданым мастацкаму слову і ўзбагаціў літаратурную спадчыну Магілёўшчыны. Аўтар працуе ў тым жанры, які з’яўляецца адным з найскладанейшых у літаратуры, – умець прыкмеціць заганную з’яву і выказаць сваю думку праз сатыру і гумар складаней, чым напісаць прамым тэкстам. Ад імя ўсёй пісьменніцкай супольнасці Беларусі ён пажадаў Мікалаю Іванавічу моцнага здароўя, далейшых творчых поспехаў і ўручыў вышэйшую ўзнагароду СПБ – медаль «За вялікі ўклад у літаратуру».

Добры настрой прысут­ных падтрымлівалі канцэрт­нымі нумарамі артысты цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна. І, зразумела, значнае месца на свяце было адведзена сатыры і гумару.

Напрыканцы сустрэчы Мікалай Іванавіч падзякаваў усім, хто прыйшоў на яго творчую вечарыну, і запэўніў, што яму пашанцавала ў жыцці – сябраваць з такімі выдатнымі людзьмі і быць бялынічанінам.

Тэкст і фота

Андрэя СУПІТАЛЁВА.