Белавежская пушча – яго любоў і лёс


Белавежская пушча –  яго любоў і лёс

02.06.2017                                 Новости 


Дэлегацыя Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў складзе старшыні Брэсцкага абласнога  аддзялення Саюза пісьменнікаў  Беларусі Таццяны Дземідовіч, паэта, журналіста Георгія Тамашэвіча, празаіка, краязнаўцы, журналіста Анатоля Бензерука адправілася ў самыя таямнічыя і недаступныя месцы Белавежскай пушчы для таго, каб павіншаваць з 85-годдзем патомнага  пушчанца , жыхара вёскі Ясень, былога ляснічага Фёдара Канстанцінавіча Саевіча.

Нарадзіўся Фёдар Саевіч у вёсцы Ясень, што знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку  “Белавежская пушча”.

У 1957 годзе ён паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. У 1964 стаў студэнтам Усесаюзнага сельскагаспадарчага інстытута завочнага навучання г. Балашыха Маскоўскай вобласці, пасля заканчэння якога вярнуўся на Радзіму, у пушчанскую глыбінку, дзе працаваў усё жыццё.

А калі выйшаў на пенсію, з'явілася жаданне абдумаць, сістэматызаваць шматгадовыя назіранні, веды і напісаць праўдзівую гісторыю пушчы, апець яе ў  сваіх вершах, апавяданнях, казках. Фёдар Саевіч аўтар дзевяці літаратурна-мастацкіх і навукова-папулярных кніг.

Першыя кнігі Фёдара Саевіча ўбачылі свет у 2002 годзе -  “Записки лесничего Беловежской пущи», «Записки». А за імі рушыла ўслед кніга  «В Беловежских лесах». Затым былі выдадзеныя: «Беловежские корни», «Белавежские были», «Раздумья о Беловежской пуще», “Беловежская  пуща – моя любовь, моя судьба”,“Беловежская пуща: ВЕК ХХ “Поколение 30-х”. “Становление жизненного пути»

Трапіць у схаваную ў гушчары вёсачку Ясень аказалася няпроста. Трэба было прайсці два кантрольна-прапускныя пункты, пры гэтым загадзя паведаміць аб запланаванай сустрэчы дырэктару аховы ГА «Белавежская пушча». Першабытны лес надзейна ахоўваецца ад браканьераў, аматараў шашлыкоў і іншых лясных забаваў.

Гэта сёння пушча спакойная ў сваім зачараванні. Велічныя дрэвы верхавінамі дастаюць да нябёсаў, надзейна абараняючы ціхамірны чароўны свет, дзе  духмяна пахне чарнічнікам і балотамі, квітнеюць лясныя суніцы і ландышы, чутны голас зязюлі ...

У другой палове пяцідзесятых гадоў у лясах свавольнічалі браканьеры. У пагоні за здабычай яны былі гатовы на самыя страшныя злачынствы. Бясстрашнасць, любоў да родных мясцін і высакароднасць дапамагалі Фёдару Саевічу ў складаных сітуацыях.

Як дарагіх доўгачаканых гасцей сустракалі пісьменнікаў на ганку роднай хаты тры пакаленні пушчанцаў Саевічаў. Бацька Фёдар Саевіч, сын Канстанцін і ўнук Фёдар. Сустракалі з музыкай, цёпла, ветліва.

Сын пушчанскага лесніка,Канстанцін Саевіч - прафесар кафедры бяспекі жыццядзейнасці і курорталогіі факультэта «Вышэйшая школа турызма» Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, доктар біялагічных навук. А яшчэ - музыка і кампазітар, настаўнік і краязнаўца, бацька чацвярых таленавітых дзяцей, афіцэр запасу і член БСА.

Унук, поўны цёзка дзядулі, Фёдар Канстанцінавіч Саевіч, скончыў лесагаспадарчы факультэт БДТУ і вярнуўся спецыялістам у родную вёску Ясень. Васьмікласніца Ліза, малодшая ўнучка, перамагае ў літаратурных конкурсах, піша даследчыя артыкулы для рэспубліканскіх часопісаў. Вось такая дзіўна-таленавітая беларуская сям'я, сакрэт поспехаў і шчасце якой адданасць і любоў да роднай зямлі, трапяткое стаўленне да яе няпростай гісторыі, беражлівасць да багатай беларускай прыроды.

Побач з сядзібай Фёдара Саевіча -  бацькоўскі дом. Яго пабудаваў дзед пісьменніка -  Міхаіл Саевіч ў 1878 годзе! З другога боку кіпіць і паўстае яшчэ адна будоўля: унук Фёдара Канстанцінавіча будуе сваё жыллё. Ён падхапіў дзедаву эстафету і стаў на варце пушчанскіх лясоў.

Паглыбляючыся ў гушчар, ідучы па малапраходных сцежках Саевіч, раз-пораз спыняе зацікаўленых падарожнікаў, расказваючы пра  пушчанскія таямніцы. Фёдар Саевіч чытае непрыкметныя для недасведчаных людзей сляды мінулага часу - вось тут адбыўся  замах на лесніка, тут толькі колер зямлі нагадвае пра вугальны завод, які згубіўся сярод магутных соснаў.

Векавыя дрэвы сталі для  Фёдара Саевіча вернымі сябрамі на ўсё жыццё. Да іх хочацца прыціснуцца і маўчаць, думаючы пра вечнае і лепшае, пра тое, як неабходна любіць  і берагчы сваё роднае, свае карані, традыцыі, як важна пражыць жыццё без зайздрасці, злосці, карысці, помсты, у любові да навакольнага свету, яго прыгажосці, у людской дабрыні і душэўнай шчодрасці. Так як жыве патомны ляснік Фёдар Саевіч.

Мы развітваемся  з Саевічамі ля помніка габрэям з Шарашова. Пра тое, што ў 1942 годзе на тэрыторыі Ясенского лясніцтва Белавежскай пушчы былі расстраляны 30 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, якія хаваліся ў час Другой сусветнай вайны ад нямецкіх захопнікаў на востраве сярод ляснога балота непадалёк ад вёскі Ясень, распавёў на старонках сваёй кнігі менавіта Фёдар Саевіч, тым самым стаў ініцыятарам ўзвядзення памятнага манумента.

Мы развітваемся… Але  краязнаўча-літаратурная вандроўка  працягваецца… Наперадзе Шарашова,  вёска Стойлы, хутар Вежнае…

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

старшыня Брэсцкага абласнога аддзяленя

Саюза пісьменнікаў Беларусі