14.06.2022 Новости
Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняў актыўны ўдзел у мерапрыемствах ХХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна. Асноўныя мерапрыемствы з удзелам пісьменніцкай дэлегацыі адбыліся на другі дзень фестывалю 11 чэрвеня. Пісьменніцкую дэлегацыю пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні СПБ Алены Стэльмах прадстаўлялі на свяце паэты з розных рэгіёнаў Беларусі. Найбольш прадстаўнічай была, вядома, группа паэтаў Мінскага гарадскога аддзялення СПБ начале з яго старшынёй, вядомым паэтам Міхасём Пазняковым. Брэсцкую групу ўзначальвала старшыня абласнога аддзялення Таццяна Дземідовіч, Гродзеншчыны — старшыня абласнога аддзялення СПБ вядомая паэтэса Людміла Кебіч, Міншчыну прадстаўляла група паэтаў пад кіраўніцтвам намесніка старшыні абласнога аддзялення Ірыны Карнаухавай, Магілёўшчыну — паэтэса Алена Кісель. Да паэтаў далучыліся і кампазітары Алег Елісеенкаў, Аліна Безенсон, Віктар Кісцень і іншыя.
Па традіцыі дэлегацыя СПБ завітала па дарозе на малую радзіму Янкі Купалы ў Вязынку. Тут гасцей з хлебам-соллю сустракалі прадстаўнікі Маладзечанскага раёна і шматлікія прыхільнікі паэзіі і песні. Перад помнікам Янку Купалу адбылося паэтычнае свята, якое вёў вядомы краязнаўца і гісторык Міхась Казлоўскі.
Перад прысутнымі выступілі старшыня Маладзечанскага раённага савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, паэты Міхась Пазнякоў, Віктар Шніп, Людміла Кебіч, Уладзімір Мазго. Уласную песню на вершы Янкі Купалы “Як у лесе зацвіталі” выканаў член Саюза музычных дзеячаў Віктар Мяцельскі.
Дэлегацыю цёпла віталі ў мясцовым філіяле Літаратурнага музея песняра.
Затым камфартабельны аўтобус з дэлегацыяй СПБ накіраваўся ў Маладзечна. У раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя Рэспубліканскага мастацка-патрыятычнага праекта і фотапаэтычных кніг “Зачараваны Беларуссю”, “”Бачу Беларусь такой, “Мая Радзіма”, “Навасады: малая Радзіма”. Яе правялі аўтары праекта Уладзіслаў Цыдзік і Алена Стэльмах. Выступілі тут і паэты Кацярына Роўда, Алена Басікірская, Таццяна Яцук, песні на свае вершы выканалі паэты Людміла Кебіч і Кастусь Цыбульскі.
Свята пасля прадоўжылася ў малой зале Палаца культуры. Паэтычна-музычную гасцёўню “Паэтычная спадчына — нашчадкам запавет” тут правялі Міхась Пазнякоў і Алена Стэльмах. Прагучалі вершы ў аўтарскім выкананні Уладзіміра Мазго, Віктара Шніпа, Валерыя Максімовіча, Міхася Пазнякова, Іны Фраловай, Людмілы Кебіч, Уладзіміра Мазго, Івана Юркіна, Алены Стэльмах, Таццяны Атрошанка, Таццяны Дземідовіч, Настассі Нарэйка, Алы Клемянок. Песні на вершы Івана Юркіна і Уладзіміра Мазго прагучалі ў выкананні заслужанага дзеяча мастацтваў Алега Елісеенкава. Выступіла таксама вакальная група народнага хора “Світанак” Маладзечанскіх энергасетак, якая выканала некалькі песень, у тым ліку дзве на вершы паэтэсы, кампазітара і свявачкі Таццяны Атрошанка.
Фінальным акордам паэтычнай гасцёўні прагучала песня “Храм святы” на словы Таццяны Яцук у выкананні кампазітара Віктара Мяцельскага.
Заключным мерапрыемствам фестывальнага дня стала сумесная творчая сустрэча паэтыў СПБ з членамі Саюза кампазітараў. Правялі яе Алена Стэльмах і Міхась Пазнякоў, а таксама кампазітар Аліна Безенсон. Вядучыя і ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся вопытам супрацоўніцтва, вызначылі шляхі далейшага творчага сяброўства. Успомнілі і паэтаў, якія, на вялікі жаль, адышлі ў вечнасць, але былі актыўнымі ўдзельнікамі паэтычна-песенных святаў, у тым ліку і Нацыянальнага фестывалю ў Маладзечна. Вершы і песні, прысвечаныя Міколу Мятліцкаму, Міколу Шабовічу, Дзмітрыю Пятровічу прагучалі з вуснаў Міхася Пазнякова, Кастуся Цыбульскага і Віктара Мяцельскага.
Аб дзейнасці народнага клуба паэтаў і музыкантаў распавяла яго кіраўнік, член СПБ Ірына Карнаухава.
Павел Кузьміч
Фота Васіля Кулікова
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


