Творчае супрацоўніцтва


Творчае супрацоўніцтва

13.05.2022                                                          Новости


Па ініцыятыве старшыні Астраханскага рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Юрыя Мікалаевіча Шчарбакова адбылася анлайн-сустрэча астраханскіх пісьменнікаў з пісьменнікамі МГА СПБ і работнікамі культуры Беларусі. Астраханскія пісьменнікі сабраліся ў абласной навуковай бібліятэцы імя Н.К. Крупскай. Мінчане віталі расійскіх калег з Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Вядучым сустрэчы з астраханскага боку быў Ю. М. Шчарбакоў. З беларускага — старшыня МГА СПБ Міхась Паўлавіч Пазнякоў. Ішла зацікаўленая размова аб творчым супрацоўніцтве: узаемаперакладах, публікацыях у перыядычных выданнях, выпуску сумесных зборнікаў і аўтарскіх кніг. Аб усталяванні творчых стасункаў з беларускага боку разважалі пісьменнікі Міхась Пазнякоў, Анатоль Аўруцін, Тамара Кавальчук, дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс, мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі Вольга Багушыньска, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк г. Мінска Вікторыя Забалоцец. З астраханскага боку апрача Юрыя Шчарбакова таксама выступілі многія мясцовыя пісьменнікі. Ю. М. Шчарбакоў запрасіў беларускіх калег на ІІ Рэгіянальны фестываль літаратуры для дзяцей і моладзі, які пройдзе ў Астрахані ў канцы мая.

 

 

Гучалі таксама вершы, як на рускай, так і на беларускай мове ў выкананні ўдзельнікаў анлайн-сустрэчы. У тым ліку пераклады вершаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Міхася Пазнякова, арыгінальныя вершы Юрыя Шчарбакова, Анатоля Аўруціна і іншых удзельнікаў мерапрыемства.

 

Дарэчы, Юрый Шчарбакоў — даўні сябар беларускіх калег, часты госць у Беларусі. Ён шмат перакладаў і вершаў беларускіх паэтаў на рускую мову, выдаў некалькі кніг беларускай паэзіі ў Расіі.

 

Удзельнікі анлайн-сустрэчы дамовіліся і надалей пашыраць творчыя кантакты.

Павел Кузьміч

Фота Васіля Кулікова