
11.05.2022 Новости
У літаратурным клубе МГА СПБ “Шчырасць” пры публічнай бібліятэцы №22 адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны 45-годдзю Маскоўскага раёна. На мерапрыемства сабраліся пастаянныя ўдзельнікі клуба і чытачы кніжніцы. Ганаровымі гасцямі былі: вядомы беларускі пісьменнік і паэт, старшыня Мінскага гарадскога адзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік клуба “Шчырасць” Міхась Пазнякоў; паэтка, бард, выканаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Людміла Воранава (Супрун); артыстка эстрады, мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі Вольга Багушыньска; спявачка Наталля Хадкевіч.
Шчырымі, цёплымі словамі і сваімі вершамі Міхась Пазнякоў павіншаваў прысутных, а таксама прадставіў удзельнікаў канцэрта. Прагучалі вершы Міхася Пазнякова пра малую Радзіму, пра Беларусь са зборнікаў “Заброддзе”, “Святое правіла…”.
Вольга Багушыньска яскрава прадэкламавала вершы Анатоля Аўруціна, Міхася Пазнякова, Хізры Асадулаева і інш. Людміла Воранава зачытвала вершы са зборніка “Проникновенна праведная грусть”, выканала пад гітару некалькі песень на свае вершы і Міхася Пазнякова з кнігі “Наталенне Радзімай”. Цудоўна гучаў акадэмічны голас Наталлі Хадкевіч.
Усе ўдзельнікі вечарыны з цікавасцю прагледзелі мультымедыйную прэзентацыю, у якой былі адлюстраваны разнастайныя значныя аб’екты і месцы Маскоўскага раёна.
Вечарына прайшла на адным дыханні дзякуючы добрай і шчырай атмасферы, што панавала ў зале бібліятэкі.
Загадчык бібліятэкі Каржанеўская А.М.