Абярэг ад манкурцтва


Абярэг ад манкурцтва

19.04.2022                                                          Новости


 

Значэнне слова «першы» тлумачыць наўрад ці трэба. Адпаведнае і стаўленне да таго, хто дасягнуў гэтага. Калі ж двойчы, то яшчэ больш паважнае. Але ёсць і тыя, хто на гэтым не спыняецца. Яскравы прыклад— Іван Саверчанка. Адзін з самых аўтарытэтных сучасных гісторыкаў літаратуры, літаратуразнаўца і крытык. Заявіў пра сябе і як празаік. Аднак першапраходства ў асноўным звязана з яго галоўнай сферай дзейнасці.

 

У манаграфіі «Старажытная паэзія Беларусі (ХVІ — першая палова ХVІІ стст.)» ён яшчэ ў 1992 годзе ўпершыню ў філалагічнай навуцы прааналізаваў найважнейшыя набыткі нацыянальнай паэтычнай культуры. Засведчыў, што беларускае прыгожае пісьменства ўжо ў даўнія часы мела высокі ўзровень мастацкаэстэтычнага развіцця. Адметнасць гэтага даследавання і ў тым, што ў дадатку да яго можна пазнаёміцца з рарытэтнымі паэтычнымі помнікамі, геральдычнымі і эмблематычнымі вершамі, якія Іван Васільевіч асабіста адшукаў у архівах і кнігасховішчах.

 

Першапраходцам стаў і бліжэй да нашых дзён, аб чым засведчыла манаграфія «Паэтыка і семіётыка публіцыстычнай літаратуры Беларусі ХVІ — ХVІІ стст.» (2012). Абсягі даследавання звязаны з ацэнкай інтэлектуальнай культуры нашага народа эпохі Рэнесансу і Барока. Першаступенная ўвага звернута на галоўныя дасягненні тагачаснай філалагічнай і грамадскай думкі. Упершыню раскрыта жанравая шматстайнасць публіцыстыкі тых часоў, адзначана літаратурная і мастацкаэстэтычная каштоўнасць спадчыны выбітных пісьменнікаў.

 

Ганарыцца сваім, далучаць суайчыннікаў да таго, што шмат у чым пакрылася пылам часу, безумоўна, вельмі важна. А таксама каб гэтыя набыткі сталі вядомымі і прадстаўнікам іншых народаў. Дбаючы пра гэта, Іван Саверчанка падрыхтаваў кнігу «Памятники литературы Беларуси Х—ХVІІІ веков», у якую ў яго перакладзе на рускую мову ўвайшлі найбольш значныя творы такіх выдатных майстроў мастацкага слова, філасофскай думкі, як Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і іншыя.

 

Напісаў і фундаментальную манаграфію «Сымон Будны — гуманіст і рэфарматар» (1993). Па сваёй першапраходнай значнасці да яе прымыкае яшчэ адна — «Aurea mediocritas. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока» (1998).

 

Рыхтаваў і факсімільнае ўзнаўленне «Апостала» Францыска Скарыны, выдадзенае Бонскім універсітэтам. Спецыяльна напісаў для яго асобны раздзел, каб нямецкі чытач ва ўсёй паўнаце спасціг галоўныя гуманістычныя ідэі нашага знакамітага асветніка. А вось брашура па сацыяльнай філасофіі «Чалавечае вымярэнне: інтэлектуальная і духоўная сферы» (2004), хоць і выйшла ў Мінску, мае паралельны тэкст і па-нямецку. Гэтая праца на дзіва актуальная сваёй праблематыкай. Найперш тым, што ў ёй дакладна сфармулявана сучасная нацыянальная ідэя і формы яе ўвасаблення. Істотна і тое, што ўсебакова абгрунтавана, наколькі сёння запатрабавана развіццё навукі і адукацыі, гуманітарных ведаў і мастацтваў. Як і нацыянальнай культуры і медыя, без чаго таксама немагчыма ўзбагачэнне інтэлектуальнага патэнцыялу краіны, яе сацыяльна-эканамічнага прагрэсу. У цэлым жа гэта толькі на карысць пабудовы дэмакратычнага і прававога грамадства.  Калі ж мець на ўвазе выдатныя гістарычныя постаці, то ў адных выпадках Іван Васільевіч паглыблена пранікае ў свет жыцця і творчасці тых, чые імёны на слыху: Сымон Будны, Францыск Скарына, а таксама, напрыклад, Леў Сапега, а ў іншых ступае па цаліку. Яскравы прыклад — кніга «Астафей Валовіч» (1992), у якой упершыню раскрыта вялікая роля ў нацыянальнай гісторыі найвыдатнейшага палітыка-рэфарматара сярэдзіны ХVІ стагоддзя.

 

Прыхільна чытачамі і крытыкай была сустрэта кніга «Блеск короны». Калі манаграфіі, як гэта відаць з іх назваў, прысвечаны пэўным перыядам развіцця беларускай літаратуры, дык гэта аповед аб выдатных асобах. Жывучы ў розныя эпохі, сваімі добрымі справамі яны назаўсёды прапісаліся ў нашай нацыянальнай гісторыі. А яшчэ, хай гэта не падасца дзіўным, як бы з’яўляюцца і нашымі сучаснікамі, бо тое, што рабілі на карысць Радзімы, спрацоўвала і на будучыню.

 

Назву кнізе дала аднайменная аповесць-нарацыя. Нарацыя — гэта аповед аб гістарычных асобах з выкарыстаннем элементаў мастацкага домыслу. Пра «Блеск короны» можна гаварыць як пра пачатак у сучаснай беларускай літаратуры гатычнага рэалізму. У гэтым творы разглядаецца той перыяд з жыцця Полацкага княства, калі ў ім гаспадарыў Усяслаў Брачыславіч, якога празвалі Чарадзеем.

 

Падыход, які Іван Саверчанка ўзяў для спасціжэння вобраза таго, хто ў пантэоне славутых сыноў Бацькаўшчыны стаіць на адным з першых месцаў, апраўданы. Хоць пра яго і напісана шмат, нельга сцвярджаць, што жыццё і дзейнасць Усяслава Чарадзея разгледжаны ўсебакова. Гісторыкі, пісьменнікі выкарыстоўваюць адны і тыя ж факты, а іх не так і шмат. Таму, каб лепш і глыбей пранікнуць у сутнасць феномена, якім з’яўляецца ён, не абысціся і без пэўнага дадумвання таго, што магло быць, але не мае дакументальнага пацвярджэння. Багатая навуковая і мастацкая інтуіцыя даследчыка дазваляе яму ўсё падаць настолькі праўдападобна, што ніколькі не сумняваешся ў рэальнасці гэтага.

 

Расказваючы пра Усяслава Брачыславіча, Іван Саверчанка, безумоўна, паказвае і людзей з яго найбліжэйшага атачэння, пры гэтым называючы іх імёны. Праўда, у асноўным гэта персанажы, народжаныя аўтарскай фантазіяй. Аднак у дадзеным выпадку неістотна, як звалі таго ці іншага чалавека. Як і тое, ці існаваў ён у сапраўднасці. Канешне ж, былі людзі, якія сустракаліся з полацкім князем. Ён абмяркоўваў з імі надзённыя пытанні, раіўся, калі ў нечым сумняваўся, а асобных браў у саюзнікі пры вырашэнні важных задач. Увядзенне ў сюжэтную канву аповесці выдуманых персанажаў добра спрацоўвае на вырашэнне асноўнай аўтарскай задумы — падаць Усяслава Чарадзея сынам свайго часу, але адначасова паказаць, як ён у сваіх справах, памкненнях і абганяў яго. І не адзін быў. Поруч — надзейныя людзі, без якіх як без рук.

 

«Золотой амулет» — традыцыйнае жыццеапісанне галоўнага героя ад яго нараджэння да адыходу ў вечнасць. Гэта не проста біяграфія, а біяграфія мастацкая. Іван Саверчанка, добра ведаючы асаблівасці жанру, будуе твор так, каб гэта быў не проста аповед аб тым, што вядома аб жыцці Усяслава Чарадзея. У неабходных месцах і не абмяжоўваецца мастацкім домыслам. У творы знайшлося месца і пейзажным замалёўкам, лірычным адступленням. Усё для таго, каб лепш паказаць не толькі час, у якім жыў гэты полацкі князь, але і дух, калі містычнае, а ў сённяшнім разуменні ўжо легендарнае, суседнічала з рэальным.

 

Найбольш упэўнена Іван Васільевіч адчувае сябе ў самым пачатку твора. Праўдзіва, пераканаўча пададзена атмасфера тагачаснага Полацка. Нібыта сам прысутнічаеш ў даўнім горадзе, які сцішыўся ў прадчуванні нараджэння цуду, а што ён адбудзецца, — ніякага сумнення. Вешчуны неаднойчы аб гэтым нагадвалі. Таму, калі наступіў час здзяйснення прадказання, усіх напоўніла і трывога, і радасць, да якіх дадаліся і дагэтуль невядомыя пачуцці, бо нічога падобнага раней не назіралася:

 

«Полоцкий детинец молчал. Город тревожно ждал рождения княжича-наследника. На севере в небесах горел-бушевал страшный огненный Змей. Он полыхал жаром, окрашивая все небо в багряный цвет. Окрестность сплошь сияла, дрожала от испуга и ужаса.

 

Близилась полночь. Глаза семи ведьмаков-волхвов, прибывших в детинец, светились: их вековая надежда вскоре должна была осуществиться. „У небесного Змея родится человек-богатырь. Душа его будет связана с живым и мёртвым миром. И он сможет слышать голоса земли и воды, господствовать над людьми и хищными зверями“, — уверенно шептались колдуны».

 

Прырода таксама неабыякавая да таго, што адбываецца:

 

«Двина величественно вздыхала, изредка выворачивала внутренности, выявляя сдерживаемую мощь. Стремительная Полота врезалась в могучее тело Двины, мгновенно поглощалась ею и исчезала в чреве реки».

 

Патрымаўшы чытача ў напружанні, аўтар паведамляе аб тым, чаго ўсе з такім нецярпеннем чакалі:

 

«Ведьмаки не ошиблись. Как они и ожидали, на землю пришел князь-богатырь. Мальчик появился на свет с родимой отметиной на голове — знаком могучего рыцаря. Колдуны посоветовали матери навязать на сметку младенца воинскую повязку: "Пусть княжич никогда её не снимает. Она позволит быть ему сдержанным и миролюбивым"».

 

Назва аповесці ўспрымаецца сімвалічна. Дасягнуўшы сталасці, Усяслаў Чарадзей быў урачыста пасвечаны ў рыцары. Вядзьмак Амелія надзеў яму на шыю ланцужок з залатым амулетам, «на подвеске чётко просматривалось изображение Перуна — могучего бога грома и молнии, который сидел на коне, вооружённый тяжёлым молотом, луками и стрелами». Сказаў тады вядзьмак:

 

«Этот древний амулет имеет невероятную силу. Он даст тебе, княжич, власть над людьми, всегда будет надежно защищать от вражеской стрелы и меча, отведет беду и болезни».

 

Амулет, якім уганаравалі Усяслава Брачыславіча, калі глядзець шырэй, — своеасаблівы абярэг для ўсёй Беларусі. Ён абараняў не толькі яго самога ад многіх бед. Пачынаючы ад Усяслава Чарадзея, гэтага знакамітага полацкага князя-дзяржаўніка, ён, па сутнасці, абараняў і народ беларускі на шматвяковым шляху яго развіцця, спрыяў станаўленню.

 

Сімвалічная назва і яшчэ адной кнігі Івана Саверчанкі — «Ладья сокровищ», у якой прадстаўлены творы беларускіх пісьменнікаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Ладдзёй усходнія славяне называлі свае судны, на якіх ужо ў VІІ стагоддзі паспяхова плавалі з «варагаў у грэкі». А літаратура, мастацтва, культура ў цэлым, з’яўляючыся духоўным скарбам, таксама здатны пераадольваць вялікі шлях. І ў часе, і ў адлегласці.

 

Іван Васільевіч паспяхова абжывае і жанр гісторыка-дакументальных хронік: «Рыцар», «Рой», «Нашэсце», «Трыумф». Кожная з іх адметная не толькі жанравым вызначэннем. Відавочна, як у яго творчасці ўзмацняюцца празаічныя элементы, а тое, што было ў сапраўднасці, падмацоўваецца ўдалай рэканструкцыяй як абставін, калі адбывалася пэўнае дзеянне, так і асобных момантаў з жыцця тых, пра каго расказваецца. Дасягнуць гэтагага Саверчанку-празаіку дапамагае Саверчанка-гісторык літаратуры, які, надаючы вялікае значэнне творчай фантазіі, прытрымліваецца і звестак, што захаваліся ў пісьмовых крыніцах. Тым самым гістарычная рэканструкцыя мацуецца на празорлівай інтуіцыі.

 

Хтосьці з выдатных дзеячаў сказаў: «Калі чалавек з мінулым на “Вы”, то са сваёй свядомасцю ён заўсёды на “ты”». У тым сэнсе, што паважныя адносіны да падзей даўніх, людзей слаўных сведчаць, наколькі той, хто прытрымліваецца гэтага прынцыпу, і сам адбыўся як асоба. Як гэта праўдзіва, і пацвярджае жыццё і творчасць доктара філалагічных навук прафесара Івана Саверчанкі.

 

Усяго на даследчыцкім і пісьменніцкім рахунку Івана Васільевіча 12 фундаментальных манаграфій і звыш 300 артыкулаў і раздзелаў. Ён напісаў 3 літаратурна-мастацкія кнігі, а таксама падрыхтаваў 6 выданняў помнікаў беларускага пісьменства і шэдэўраў нацыянальнай літаратуры X — пачатку XX стст. Лаўрэат Міждзяржаўнай прэміі СНД «Зоркі Садружнасці» і Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Шмат робіць Іван Саверчанка і як дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Непасрэдна пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны адзін доктар і тры кандыдаты навук. Усё, што зроблена і робіцца ім, — не толькі важкі ўклад у развіццё нацыянальнай акадэмічнай навукі. Гэта і своеасаблівы абярэг ад манкурцтва, бяспамяцтва для кожнага, хто далучыцца да яго творчасці. Сустрэўшы сваё 60-годдзе, несумненна, і далей будзе працаваць гэтаксама плённа, мэтанакіравана вяртаючы гістарычную памяць, а іншым паказваючы ў гэтым прыклад.

 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА