МАЧУЛЬСКІ Уладзіслаў Антонавіч


СПАЧУВАЕМ

10.05.2017                             СПАЧУВАЕМ


Непапраўная страта напаткала беларускае літаратурнае асяроддзе – 6 мая на пяцьдзясятсёмым годзе жыцця раптоўна перастала біцца сэрца выдатнага чалавека, члена прэзідыума і праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, генеральнага дырэктара Беларускага літаратурнага фонду Уладзіслава Антонавіча Мачульскага.

Вялікае гора для блізкіх, родных, а для бацькоў – невыказнае. Шчырыя ўсім спачуванні. Мы разам з вамі гэтак жа глыбока смуткуем.

Нарадзіўся Уладзіслаў Антонавіч 6 студзеня 1960 года ў Мінску, хаця ў дзяцінстве, ды і ў юнацтве, шмат часу праводзіў у вёсцы на Старадарожчыне.

 Ён быў чалавекам шматгранным, высокаадукаваным і проста прыемным, прыязным, добразычлівым.

За сваё не доўгае, на вялікі жаль, аднак вельмі яркае жыццё паспеў папрацаваць ваенным пракурорам пасля заканчэння Маскоўскага юрыдычнага інстытута, паступіць у які па тым часе было вельмі складана, намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, дырэктарам Літаратурнага фонда, дырэктарам вядучага дзяржаўнага выдавецтва Беларусі “Мастацкая літаратура”, якое ўзначальваў амаль 13 гадоў, з 2002-га па 2015-ты, а пасля зноў Літфонд СПБ – апошняе месца працы.

На якой бы пасадзе ні працаваў Уладзіслаў Антонавіч, ён паўсюль і заўсёды праяўляў ініцыятыву, вельмі адказна ставіўся да выканання пастаўленых задач, і выконваў іх бездакорна. Дзякуючы яго непасрэднаму ўкладу ў свой час значна ажывілася дзейнасць “Мастацкай літаратуры”, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Пра гэта сведчаць шматлікія ўзнагароды выдавецтва самага рознага маштабу – як дзяржаўнага, так і сусветнага. Гэта і прэмія «Золата Парыжа" (2006), і Гран-пры Міжнароднага конкурсу (2009) за літаратурна-мастацкае выданне Л. Несцярчука «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны", і шматлікія ўзнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх выставах-кірмашах за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні. Кнігі ж новых серый "Жыццё знакамітых людзей Беларусі", "Зямля мая», «Нашы Героі", "Беларуская аўтарская казка», «Казкі ХХІ стагоддзя" набылі папулярнасць і з'яўляюцца візітнай карткай прадпрыемства.

Менавіта пры непасрэдным і актыўным удзеле Уладзіслава Мачульскага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь было адноўлена выданне кніг серыі “Школьная бібліятэка”, якая з’яўляецца сацыяльна значнай. І само паняцце “Сацыяльна значная літаратура” таксама ўведзена Міністэрствам інфармацыі не без яго ініцыятывы. Дзякуй Богу, гэтую добрую традыцыю “Мастацкая літаратура” паслядоўна працягвае.

Выдавецкай дзейнасцю Уладзіслаў Антонавіч працягваў займацца, і ўзначальваючы Літаратурны фонд. Курыраваў выданне часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы “Белая вежа”, пры яго непасрэдным удзеле выйшла нямала годных кніг, створаны тэатр пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі, які і дасюль працягвае радаваць гледача са сцэны Дома літаратара, рэалізавана шмат іншых творчых праектаў.

Хоць Уладзіслаў Мачульскі не быў літаратарам у прамым сэнсе гэтага слова, затое ён быў літаратарам па духу, падзвіжнікам у духоўнай сферы. Ён усе свае сілы аддаваў развіццю літаратуры, клапаціўся пра пісьменнікаў, грунтоўна ведаў творы класікаў і сучасных майстроў пяра.

Вельмі крыўдна, што жыццё абарвалася ў перыяд росквіту прыроды, калі ўсё вакол якраз ажывае. Але ж у памяці тых, хто яго ведаў, хто быў побач, ён застанецца назаўсёды як яркі, таленавіты арганізатар, прыгожы ўнутрана і знешне чалавек, верны сябра.

На пахавальнай цырымоніі прагучала і такое вобразнае выказванне: бываюць свечкі, якія гараць цьмяна, але доўга, а бываюць такія, якія гараць вельмі ярка і хутка згараюць. Дык вось Уладзіслаў Антонавіч Мачульскі быў той самай яркай свечкаю. Ён сапраўды ярка асвятляў усё вакол сябе сваёй шчырай усмешкай, цёплымі адносінамі да людзей і адказнымі – да працы, да даручанай справы, а таксама добрай энергіяй.

Мы ўдзячны лёсу, што дазволіў пабыць разам, будзем помніць цябе заўсёды, дарагі калега і сябра.

Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі.