У Магілёўскiм абласным аддзяленнi Саюза пісьменнікаў Беларусі - два юбiляра


У Магілёўскiм абласным аддзяленнi Саюза пісьменнікаў Беларусі - два юбiляра

Кунцэвіч Віктар Іванавіч нарадзіўся 21 сакавіка 1957 года ў вёсцы Чырвоны Бор Бялыніцкага раёна.  У 1995 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Журналістыка".  З гэтага ж года  прыняты на працу ў газету "Прыдняпроўская ніва" Магілёўскага раёна ў сельскагаспадарчы аддзел, затым займаў пасаду намесніка рэдактара. З 1998 года працаваў у Магілёўскай гарадской газеце "Веснік Магілева". Адначасова з'яўляўся ўласным карэспандэнтам па Магілёўскай вобласці рэспубліканскай газеты "Чырвоная змена". З 2016 года працаваў галоўным спецыялістам Магілёўскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі".

 

Аўтар зборнікаў паэзіі "Зваротныя масты" (1996), "Горкая спакуса" (1999), "Самотны дождж" (2005), "Гул у звоне" (2010), "Песчинки" (2019). Гатовая да выдання новая кніга апавяданняў, аповесцяў і вершаў "Што падкажа сэрца…".

 

Творчасць В.І.Кунцэвіча шматгранная - гэта і вершы пра каханне, прыроду, родным краі, чалавечых перажываннях, жаданнях і болю. У сваіх творах аўтар вельмі шчыры, даверлівы і вельмі адкрыты. У яго вершах пераплялося ўсё: і пяшчота, і запал, і любоў да бацькоў, Радзімы, прыроды.

 

Творы празаіка Віктара Кунцэвіча, як мастака слова і проста грамадзяніна сваёй Айчыны, прыцягваюць увагу да нашага жыцця. А таксама пошукам чалавека, часта аднагодка аўтара, свайго месца сярод людзей.

 

Як вопытны літаратар, Віктар Іванавіч шмат увагі надае выхаванню і станаўленню маладых аўтараў.  Ён рэгулярна ўдзельнічае ў якасці члена журы ў міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсах. Ужо шмат гадоў  выбярае лепшых  у рэгіянальным этапе Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка".

 

Кунцэвіч В.І. праводзіць вялікую работу па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні моладзі. Ён рэгулярна выступае ва ўстановах адукацыі горада Магілёва і вобласці, у бібліятэках, куды яго ўвесь час запрашаюць на розныя мерапрыемствы.

 

За высокія дасягненні ў літаратурнай дзейнасці Віктар Кунцэвіч узнагароджаны знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі "За вялікі ўклад у літаратуру".

 

Паважаны Віктар Іванавіч! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з юбілеем. Жадаем Вам моцнага здароў’я і даўгалецця, сямейнага дабрабыту, спагады ад людзей і цеплыні ўзаемаадносін. Невычэрпнай Вам творчай энергіі і натхнення!

 

Савет Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

 

21 сакавіка 2022 года свой 95-гадовы юбілей адзначае старэйшы член Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Іванавіч Арцем’еў

 

Нарадзіўся Віктар Іванавіч у Шклоўскім раёне на хутары з шасці двароў Чарэйцаў Круг, які месціўся ў маляўнічым кутку ў кіламетры на ўсход ад вёскі Радзішына.

 

У дзяцінстве самым любым заняткам стала чытанне кніг. Вельмі ўдзячны сваім першым настаўнікам Вользе і Фёдару Лук’янавым (дарэчы, у мінулым годзе на ўласныя сродкі Віктар Іванавіч устанавіў новы помнік сваёй першай настаўніцы). Менавіта па гэтай прычыне прывабіла бібліятэчнае аддзяленне рэспубліканскага культасветвучылішча імя Н.К.Крупскай у Магілёве. Працаваў  на розных пасадах ва ўстановах культуры: загадчыкам Парыцкай раённай бібліятэкі, загадчыкам аддзела культуры Чэрыкаўскага райвыканкама, інспектарам па бібліятэках упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, метадыстам і загадчыкам метадычнага аддзела Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна, выкладчыкам Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума.

 

З канца сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя Віктар Іванавіч разам з Аляксем Васільевічам Пысіным, які на той час узначальваў абласную пісьменніцкую арганізацыю, ладзіў літаратурныя сустрэчы. Гэта паспрыяла знаёмству з выдатнымі паэтамі, празаікамі, крытыкамі: Iванам Чыгрынавым, Віктарам Карамазавым, Нілам Гілевічам, Яўгеніяй Янішчыц, Міколам Маляўка і яшчэ з многімі іншымі. Ён слухаў на сваім вяку літаратурныя выступленні Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пятра Броўкі і іншых вядомых пісьменнікаў, а яшчэ меў кароткую гамонку з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Андрэем Вазнясенскім... Некалькі гадоў ліставаўся з Янкам Брылём.

 

З Іванам Шамякіным, якога Віктар Іванавіч лічыць адным з самых моцных празаікаў, адбылося некалькі сустрэч.

 

Арганізацыя сустрэч з пісьменнікамі з’явілася для В.І. Арцем’ева ўніверсітэтам прыгожага беларускага пісьменства, на занятках якога адбывалася ўзаемаабагачэнне творчымі стасункамі і ідэямі. Гэта дзейнасць шмат у чым паспрыяла таму, што Віктар Іванавіч стаў прызнаным літаратарам зямлі Магілёўскай.

 

В.І.Арцем’еў з’яўляецца галоўным біёграфам, даследчыкам і прапагандыстам літаратурнай спадчыны выдатнага паэта Аляксея Васільевіча Пысіна, з якім пазнаёміўся ў 1955 г. Гэта знаёмства перарасло ў моцнае сяброўства, якое доўжылася чвэрць стагоддзя, да той пары, пакуль А.В.Пысін не пайшоў з жыцця.

 

Віктар Іванавіч праводзіць вялікую работу па папулярызацыі творчасці Пысіна. Выдаў зборнікі: «Вянок Аляксею Пысіну», «Пысіны: ад прадзеда да праўнукаў», «Урокі Аляксея Пысіна: гісторыі вершаў, нарысы», «Мая пысініяна», «Бібліятэка паэта Аляксея Пысіна». У 2020 г., да 100-годдзя паэта, выдаў галоўную кнігу «Народны душою... ».

 

Галоўнай кнігай свайго жыцця Віктар Іванавіч лічыць зборнік «Пісьменнікі і кнігі». У ім змешчаны ўспаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў, дзясяткі тэкстаў аўтографаў пра кнігу, уласныя рэцэнзіі на кнігі пісьменнікаў-магіляўчан, нататкі пра літаратурныя сустрэчы. Гэты зборнік – ладны пласт летапісу літаратурнага краязнаўства, культурнай і гістарычнай спадчыны Магілёўшчыны.

 

На сённяшні дзень В.І.Арцем’еў напісаў больш за 30 кніг і брашур! У яго творчых планах  выданне яшчэ адной кнігі з назвай «З вышыні гадоў».

 

Напрыканцы словы Віктара Іванавіча Арцем’ева, якія гучаць як наказ маладым на далейшае жыццё і пажаданні, выражаныя яго вершаванымі радкамі «Я шчыра зычу шчасця маладым!»:

 

«Паверце, калі нечым займаешся з захапленнем, то жыццё становіцца цікавым, змястоўным, лепшым і даўжэйшым. Любіце сваіх бацькоў, родных, малую радзіму, матчыну мову і Айчыну. Будзьце патрыётамі сваёй краіны!

 

На развітанне сказаць мушу:

Жывіце ў сям’і душа ў душу –

Бог таго штодня беражэ,

Хто сам сябе сцеражэ».

 

 

Шчыра віншуем Віктара Іванавіча з юбілеем! Моцнага Вам здароўя, дабрабыту, шчасця і пленнай творчасці.

 

Савет Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі