Мікалай Чаргінец: Культура заўсёды супрацьстаіць злу


Мікалай Чаргінец: Культура заўсёды супрацьстаіць злу

16.03.2022                                                          Новости


Напярэдадні з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, які будзе прымеркаваны да Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу, «Звязда» сустрэлася з кіраўніком пісьменніцкай арганізацыі краіны Мікалаем Чаргінцом. Тэма размовы: якая роля літаратуры і пісьменніка ў часы выпрабаванняў як для ўсяго свету, цэлай краіны, так і для асобнага чалавека.

 

— Які сімвал веры Мікалая Чаргінца ў гэтыя няпростыя дні?

 

— Вера ў Чаргінца, па-мойму, ніколі не хісталася. Я пражыў немалое жыццё. Дзіцем быў у нямецкай акупацыі, бацька прыйшоў з вайны бязногім і пабудаваў дом. Мы бачылі, як падымаецца краіна, як вера народа ў сваё кіраўніцтва дазволіла стварыць магутную дзяржаву. Я служыў у міліцыі, тры гады аддаў Афганістану, быў паранены. Дванаццаць гадоў адпрацаваў у верхняй палаце беларускага парламента, узначальваў Пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Адзінаццаць гадоў прадстаўляў Беларусь у ААН, штогод па некалькі разоў выступаў на Генеральнай Асамблеі, адстойваў інтарэсы сваёй краіны, якія цалкам супадаюць з маімі.

 

Акрамя таго, доўгі час я жыву ў пісьменніцкім асяроддзі. Пісьменніцкае асяроддзе — гэта зрэз грамадства, увесь спектр меркаванняў. Мне як старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі трэба вывяраць лінію гэтай грамадскай арганізацыі, вытрымліваць яе, для гэтага часам прыходзіцца прыкладаць і асаблівыя намаганні. Гэта непазбежна, бо пісьменнікі, як і грамадскія дзеячы, не адседжваюцца ў баку, яны жыва адгукаюцца на тыя або іншыя падзеі.

 

Напрыклад, той жа 2020 год. Я вельмі ганаруся, што наша пісьменніцкая арганізацыя, бадай, адзіная грамадская, выразна заняла пазіцыю асуджэння спроб рэвалюцыі, звяржэння кіраўніцтва і ўкідвання дзяржавы ў вакханалію. Мы занялі дакладную пазіцыю.

 

Калі наступіў перыяд падрыхтоўкі перамен, у прыватнасці, унясення навацый у Канстытуцыю, мы ўсе ўважліва аднесліся да прапаноў і Прэзідэнта, і іншых службовых асоб, і апазіцыі, і падтрымалі новы праект Асноўнага Закона. Упэўнены, што і падчас Усебеларускага народнага сходу члены Саюза пісьменнікаў Беларусі возьмуць актыўны ўдзел у вырашэнні пытанняў, якія будуць там падымацца.

 

У народзе кажуць, што стары вол ніколі баразны не скрывіць. Вось і мне ўжо не даводзіцца збочваць са свайго шляху, думаць пра нейкія ваганні. У мяне ў крыві, у генах, што дасталіся ад бацькоў, — служэнне дзяржаве, народу, садзейнічанне кіраўніцтву краіны ў вырашэнні задач, якія датычацца дабрабыту людзей, палітычнага курсу, нацыянальнай бяспекі. Я заўсёды буду трымацца такой пазіцыі. Гэта і ёсць мой сімвал веры, маё крэда.

 

— Мікалай Іванавіч, вы — дзіця вайны, пасля якой быў створаны вялізны пласт міралюбівай культуры і літаратуры. Тым не менш, ні свет, ні Еўропа, ні постсавецкая прастора не змаглі пазбегнуць ваенных канфліктаў. Чаму ў справе міру культура і літаратура аказваюцца бяссільнымі?

 

— Вы нагадалі мне вядомы афарызм Фёдара Дастаеўскага пра тое, што прыгажосць выратуе свет. Шмат хто спадзяецца на тое, што адукацыя, культура, прыгажосць здольныя папярэджваць катастрофы, аўтарамі якіх з'яўляюцца людзі, або своечасова спыняць іх. Але свет занадта складаны, яго раздзіраюць жарсці, розныя думкі і супрацьлеглыя жаданні. Нярэдка тыя, хто прагне ўлады, не лічацца з чаканнямі свайго народа. І гэта, на жаль, прыводзіць да разладу, у тым ліку міжнароднага.

 

Драпежніцкія адносіны моцных гэтага свету да небагатых краін той жа Афрыкі, Азіі прывялі да вялізнага расслаення, глабальнай міграцыі. Заходняя Еўропа і Злучаныя Штаты Амерыкі прыклалі шмат намаганняў, каб пэўныя народы збяднелі.

 

Да таго ж у свеце з'явілася пэўная кагорта лідараў, якія лічаць, што яны могуць кіраваць усімі. І яны не лічацца з культурай. Мы ўвесь час кажам пра шматвектарнасць, павагу адзін да аднаго, пра баланс сіл і гарантыю міру. Але пасля распаду Савецкага Саюза з'явілася катэгорыя людзей, якія вырашылі, што маюць права дыктаваць астатнім, як ім жыць.

 

Паглядзіце, за што забілі прэзідэнта Ірака Садама Хусейна? Галоўная прычына — ён не падабаўся лідару Злучаных Штатаў Амерыкі. Пры гэтым забілі сотні тысяч іракцаў, знішчылі дзясяткі помнікаў чалавечай цывілізацыі, разбурылі краіну і дэстабілізавалі рэгіён.

 

Успомніце кіраўніка Лівіі Муамара Кадафі. Я аб'ездзіў не менш за сто краін і сам бачыў, што ў Лівіі жыхары Афрыкі бачылі краіну камунізму. Бензін там быў амаль бясплатны, маладым сем'ям дзяржава выдавала некалькі дзясяткаў тысяч долараў на куплю кватэры, адукацыя і медыцына бясплатныя. Але на гэты раз Кадафі не спадабаўся лідару Францыі, які помсціў за выдаванне інфармацыі пра спансіраванне яго перадвыбарнай кампаніі. Цана гэтай помсты — збядненне цэлага народа, разбурэнне краіны, гібель вялікай колькасці людзей. У народаў Афрыкі Лівія дагэтуль выклікае пачуццё павагі, хоць дзяржавы там ужо і няма.

 

Упэўнены, калі спытаць сусветных лідараў, што пасеялі разлад у тых або іншых рэгіёнах планеты дзеля сваёй нажывы, якія кнігі яны чыталі, то яны не знойдуць, што адказаць. Літаратура выконвае важную ролю ў развіцці чалавечай цывілізацыі, без яе немагчыма пабудаваць моцную дзяржаву. І сёння важна, каб ідэалогія суверэннай і незалежнай Беларусі сілкавалася ўласнай сучаснай літаратурай. Думаю, культурна-асветніцкі блок нашай дзяржавы трэба ўзмацніць ідэолагамі высокага класа — людзьмі, якія чытаюць кнігі.

 

— Саюз пісьменнікаў Беларусі аб'ядноўвае людзей, якія гэтыя кнігі пішуць...

 

— Наш творчы саюз некаторыя папракаюць тым, што ў ім мала маладых пісьменнікаў. Гэта блюзнерства. Тыя, хто чытае кнігі, ведае, што сур'ёзныя літаратурныя творы нараджаюцца дзякуючы чалавечаму досведу, а значыць — узросту. У маладосці становяцца паэтамі, а раманістамі — пасля 40-50 гадоў. Наш прафесар Уладзімір Гніламёдаў ва ўзросце 70 гадоў напісаў цудоўны раман «Расія».

 

Мы клапоцімся пра маладых. Нашы пісьменнікі ўзначальваюць больш за 200 літаратурных гурткоў па краіне, дзе вышукваюць таленты. Знаходзяць шмат, але большасць паэтаў падобная на звышновыя зоркі — хутка згараюць. Іншыя працягваюць свой шлях. Для вялікіх твораў у прозе, як правіла, патрэбны багаты жыццёвы багаж.

 

У нашым саюзе добрае спалучэнне моладзі і сталых пісьменнікаў. Штогод мы выдаём да 400 кніг. Каля паўсотні з іх можна назваць выдатнымі, астатнія — добрыя. Яны не вучаць людзей злу. Яны вучаць дабру. І што дрэннага ў тым, што жыхар сельскай мясцовасці становіцца членам нашага саюза, калі выходзіць на пенсію і піша некалькі кніг пра сваю малую радзіму? Яго з задавальненнем чытаюць жыхары гэтай мясцовасці, яны пазнаюць сябе ў яго творах. У людзей нараджаецца гонар за свой край, пачуццё ўласнай годнасці. І мясцовыя ідэолагі павінны гэта разумець і падтрымліваць. Пісьменніка трэба ацэньваць не па стажы і не па ўзросце, а па галаве, па яго розуме.

 

Я задаволены, што ў час няпростых выпрабаванняў двух апошніх гадоў наша пісьменніцкая арганізацыя не пахіснулася. Выступілі адзіным фронтам. Мы, дарэчы, выступаем перад людзьмі на год да 20 тысяч разоў. Праўда, і паплаціліся: больш за 300 нашых членаў перахварэла на каранавірус, бо былі ў гушчы народу, больш за 50 чалавек памерла. Яны адстойвалі інтарэсы дзяржавы. І калі нехта кажа пра недахоп палітычнай актыўнасці ў Саюзе пісьменнікаў — гэта кашчунства.

 

Па нашай просьбе Адміністрацыя Прэзідэнта даручыла правесці даследаванне на прадмет запатрабаванасці кніг вядомых беларускіх аўтараў у бібліятэках. Аказалася, што на год не менш за два з паловай мільёна чалавек чытае такія кнігі. Хіба гэта дрэнна?

 

Калі вярнуцца да работы з моладдзю, то трэба сказаць і пра работу нашага тэатра, а гэта 22-23 спектаклі на месяц, і кожны збірае каля 400 гледачоў. Гэта і ёсць асветніцкая, культурная і ідэалагічная работа.

 

Мінск, дарэчы, адзіны горад у свеце, які займеў Парк пісьменнікаў. Ён у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы гарадскіх уладаў. Мы там ужо тройчы саджалі дрэвы. Але хочацца, каб гэтае месца стала культурным цэнтрам, і для гэтага нам патрэбная дапамога.

 

Помню часы, калі ў сталічным Парку імя Горкага гучаў аркестр. Вось і ў Парку пісьменнікаў павінны гучаць музыка, выступаць паэты, аўтары дзіцячых кніг, адбывацца творчыя сустрэчы, літаратурныя дыспуты, конкурсы, сустрэчы пакаленняў. Але Саюз пісьменнікаў — грамадская арганізацыя, у нас няма ўласных сродкаў. Культуру заўсёды падтрымлівае дзяржава. У нас шмат добрых таму прыкладаў, але на падобныя моманты патрэбная асаблівая ўвага. Бо гэта ўжо пра данясенне культуры ў масы. Пісьменнікі гатовыя бясплатна выступаць і сустракацца з людзьмі, ім для гэтага патрэбныя толькі невялікая сцэна і мікрафон, а дзецям, якія будуць іх слухаць, патрэбнае яшчэ і марожанае.

 

Каласальную работу праводзяць і рэгіянальныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Напрыклад, Гомельская арганізацыя ладзіць мерапрыемствы міжнароднага фармату: конкурсы, сустрэчы. Праз гэта аддзяленне выйшла за апошнія гады каля 200 маладых пісьменнікаў і паэтаў. Там друкуецца шмат кніг, выходзіць альманах для дзяцей.

 

Пісьменнікі робяць нямала. Бяда ў тым, што сярод чыноўнікаў недастаткова тых, хто чытае кнігі, паважае літаратуру. Якраз такія і крытыкуюць нас.

 

Яшчэ адзін папрок у наш адрас: маўляў, пісьменнікі не нясуць свае сцэнарыі ў кінастудыю. Пісьменнік не павінен несці свой твор рэжысёру. І дырэктар кінастудыі са мной згодны. Рэжысёр павінен чытаць кнігі, і калі ўбачыць нешта прыдатнае для будучага фільма, ён ідзе да пісьменніка. Да мяне прыехалі з Санкт-Пецярбурга і прапанавалі купіць мае кнігі для серыяла ў 200 эпізодаў. Сёлета і ў Беларусі запланаваны здымкі фільма па маёй кнізе «Аперацыя «Кроў». І ў іншых пісьменнікаў Беларусі нямала твораў, па якіх можна здымаць добрыя фільмы.

 

Мы ўвесь час думаем і пра новыя формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Запрашаю чытачоў «Звязды» ў Салон кнігі, якія мы адкрыем 22 сакавіка на вуліцы Кісялёва ў Мінску. Выдавецтва «Харвест» ахвяравала нам вялікую кватэру на першым паверсе, мы атрымалі дазвол стварыць там клуб.

 

Ідэя наступная. У нас многія пісьменнікі не могуць выдавацца ў дзяржаўных выдавецтвах. А пры-
ватныя плацяць ім кнігамі. Яны імкнуцца гэтыя кнігі прадаць. Але дзяржаўны магазін возьме сабе ад 40 да 60 працэнтаў ад выручанай сумы. У кніжным салоне за такую магчымасць возьмуць 10-15 працэнтаў. Гэта ўжо добра. Да таго ж там можна будзе асабіста з пісьменнікам сустрэцца, пагутарыць пра кнігу, атрымаць аўтограф, задаць пытанні. Нарэшце, выпіць кавы або чаю. Гэта і пляцоўка для сустрэч пісьменнікаў, абмеркавання літаратурных навінак. Думаю, добры прыклад для пераймання, варта стварыць падобнае ў кожнай вобласці.

 

Культура заўсёды супрацьстаіць злу. Але ёй трэба дапамагаць.

 

 

Источник: https://zviazda.by/be/news/20220315/1647351490-mikalay-charginec-kultura-zausyody-supracstaic-zlu

Продолжение читайте на сайте: https://zviazda.by/be/news/20220315/1647351490-mikalay-charginec-kultura-zausyody-supracstaic-zlu