Бывай, дарагі сябра!


Пайшоў з жыцця Мікола Шабовіч — паэт. перакладчык, парадыст, мовазнаўца.

Пайшоў з жыцця Мікола Шабовіч — паэт. перакладчык, парадыст, мовазнаўца.

 

Нарадзіўся пісьменнік 4 студзеня 1959 года ў вёсцы Бадзені Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1981). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Шыпкоўскай васьмігадовай школе Вілейскага раёна (1981-1986). Пасля заканчэння аспірантуры выкладаў родную мову ў БДПУ імя Максіма Танка. Кандыдат філалагічных навук (2004), дацэнт (2008). Стваральнік і кіраўнік студэнцкага літаратурнага аб’яднання “Крокі” (1979).

 

Мікола Шабовіч — аўтар паэтычных зборнікаў “Дом” (1996), “Яшчэ пакуль не лістапад”(1996), “Падары мне сваю адзіноту” (2002), “Мая надзея” (2006), “Хор болей не спявае” (2008), “Прыколы ад Міколы” (2015), “Маладыя мроі маладога лета” (2017), “Я і ты” (2019), “Пад маміным крылом…”(2021). Перакладчык перастварыў каля 500 вершаў з класічнай і сучаснай рускай паэзіі, а таксама рускамоўнай паэзіі Беларусі. Гэта найперш творы Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, Марыны Цвятаевай, Ганны Ахматавай, Мікалая Рубцова і інш.

 

Лаурэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” (2009), міжнароднай літаратурнай прэміі імя Сяргея Ясеніна (2019), літаратурнай прэміі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Максіма Танка (2020).

 

На вершы Міколы Шабовіча напісана шмат папулярных песень.

 

Ён быў актыўным у грамадскім жыцці, часта выступаў пепрад чытачамі, выхоўваў творчую моладзь.

 

Як член прэзідыума і праўлення СПБ прыкладаў намаганні ў пашырэнні і паляпшэнні дзейнасці нашага творчага саюза.

 

Мы страцілі выдатнага творцу і сябра ў самым росквіце сіл.

 

Памяць пра яго назаўсёды будзе жыць у нашых сэрцах.

 

 

Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі.