Захаваць памяць пра вялікі подзвіг


Творчую сустрэчу ў Светлагорску з работнікамі культуры Гомельшчыны правёў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

16.06.2021                                                          Новости


Захаваць памяць пра вялікі подзвіг

 

Творчую сустрэчу ў Светлагорску з работнікамі культуры Гомельшчыны правёў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

 

 

У палескім райцэнтры на працягу двух дзён праходзіў абласны семінар на тэму “Новыя формы – новы фармат. Крэатыўны падыход да арганізацыі досугу розных катэгорый насельніцтва ўстановамі культуры Гомельскай вобласці”, які падрыхтаваны абласным цэнтрам народнай творчасці.  Перад прадстаўнікамі метадычных служб усіх раёнаў вобласці і членамі Савета кіраўнікоў раённых цэнтраў і арганізацыйна-метадычных падраздзяленняў выступіў кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Гаўрыловіч.  

 

Напачатку творчай сустрэчы вядомы беларускі празаік і публіцыст зрабіў грунтоўнае паведамленне аб супрацоўніцтве абласной творчай арганізацыі з сістэмай культуры рэгіёна па папулярызацыі кнігі і чытання, захаванню багатай духоўнай спадчыны, у тым ліку праз ажыццяўленне сумесных культурна-асветніцкіх, краязнаўчых праектаў, конкурсаў і фестываляў. Літаратар агучыў і праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пад час рэалізацыі мерапрыемстваў у межах Года класічнай літаратуры і чытання на Гомельшчыне, унёс канкрэтныя прапановы па ўдасканаленню сумеснай працы на карысць будучых пакаленняў краіны.

 

 

Другая частка сустрэчы  пісьменніка з культработнікамі вобласці прысвячалася тэме 80-годдзя ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны і творам антываеннай накіраванасці, створаных пісьменнікамі рэгіёна на працягу апошніх гадоў. Так, пісьменнік адзначыў, што ў сітуацыі, калі калектыўны Захад фальсіфікуе гістарычную праўду, прыніжае подзвіг савецкага народа ў гады вайны і сее ў душах новых пакаленняў сумненне пра мужнасць і гераізм нашых дзядоў і прадзедаў, мастакі слова Гомельшчыны імкнуцца адстойваць гістарычную праўду, кажуць  сваё слова пра тыя страшныя падзеі, якія не павінны паўтарыцца ніколі. У прыватнасці, У.Гаўрыловіч адзначыў з’яўленне ў друку высокамастацкіх паэтычных твораў С.Шах, М.Болсуна, Т.Кручэнкі, В.Вятошкіна, Г.Атрошчанкі, антываенных паэм і прозы І.Катлярова, аповесцей В.Ткачова, якія напоўнены трагізмам і верай у будучыню без вайны. Дарэчы, тэма вайны і подзвігу народа застаецца магістральнай ў творчасці  і У.Гаўрыловіча. Літаратар падзяліўся гісторыяй стварэння буйных празаічных твораў пра падзеі, якія разгортваюцца ў час вайны і сёння - нядаўна выйшлі з друку яго кнігі “Святая Параскева” і “Сэрца сваё не падманіш…”, а таксама прэзентаваў культработнікам для выкарыстання ў сваёй непасрэднай працы з чытачамі і гледачамі чарговыя нумары альманахаў “Літаратурная Гомельшчына” і “Літара”.

 

Цікавая і змястоўная, цёплая творчая сустрэча завяршыла прэзентацыяй адкрытага абласнога літаратурнага конкурса “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз” (дарэчы, штогадовае літспаборніцтва праводзіцца па ініцыятыве У.Гаўрыловіча – земляка М.Мароза) і праглядам дакументальнай стужкі “Шагнул первым” пра подзвіг 17-гадовага палешука ў мірны час.

 

Мікалай ІГНАТОВІЧ

 

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси