26.04.2021 Литературная критика
У канцы 2020 г. у Магілёўскім выдавецтве “АмелияПринт” убачыла свет кніга беларускага пісьменніка В.І.Арцем’ева “Народны душою... Жыццё і творчасць А.В. Пысіна”. Кніга прыязна сустрэта чытачамі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна”.
Аляксандр Карлюкевіч даў на яе добры водгук у газеце “Літаратура і мастацтва” і “Зара над Друццю”. Такой кнігі яшчэ не было ні пра аднаго з пісьменнікаў зямлі Магілёўскай.
Кніга “Народны душою...” у нейкім родзе ўнікальная па змесце і афармленні. Надрукаваная на мелаванай паперы на 256 старонках. Кніга павінна б была быць у кожная публічнай бібліятэцы, бібліятэках навучальных устаноў, асабліва тых, якія рыхтуюць настаўнікаў.
Аўтар працаваў над кнігай больш за 30 гадоў, працаваў бясплатна, дый яшчэ паклаў на яе выданне ўласныя фінасавыя сродкі. Кнігу “Народны душою…” набываюць бібліятэкі Магілёўскай вобласці, купляюць жыхары Магілёва. Пройдзе час, і яе нельга будзе набыць.
Звяртаемся да кіраўнікоў бібліятэк Беларусі. Кніга патрэбна чытачам па ўсёй краіне. Далучайцеся, набывайце асобнікі! Наклад абмежаваны.
Зацікаўленым прапануем звярнуцца ў Магілёўскае аддзяленне ГА “СПБ” mogilev-pisatel@tut.by
Дадатак: інтэрв’ю з рэдактарам кнігі Г.М. Дзятлавай.
1. Якое ўражанне на вас аказала кніга В. Арцем’ева “Народны душою”?
Кніга Віктара Іванавіча Арцем’ева “Народны душою...”, прысвечаная Аляксею Васільевічу Пысіну, пабачыла свет у 2020 г. Гэта найбольш поўны летапіс жыцця і творчасці прызнанага Майстра прыгожага беларускага пісьменства, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы Аляксея Пысіна.
З А.В. Пысіным Віктар Іванавіч пазнаёміўся ў 1955 г., калі прыехаў працаваць начальнікам Чэрыкаўскага аддзела культуры, а Аляксей Васільевіч там узначальваў раённую газету “Сацыялістычная перамога”. Гэта знаёмства перарасло ў моцнае сяброўства, якое доўжылася чвэрць стагоддзя. Яны сустракаліся амаль кожны дзень, абмяркоўвалі падзеі краіны і вобласці, творы сучасных пісьменнікаў, літаратурныя сустрэчы з чытачамі. Першым чытачом твораў А.В. Пысіна яшчэ нават у рукапісу з’яўляўся Віктар Іванавіч. Ён як ніхто бачыў унутраны свет Пысіна, разумеў яго філасофію і светапогляд.
Нядзіўна, што В.І. Арцемьеў стаў біёграфам, даследчыкам і прапагандыстам літаратурнай спадчыны А.В. Пысіна, але гэта адбылося толькі праз дзесяць гадоў пасля сыходу з жыцця Аляксея Васільевіча. Дужа моцным было прыцягненне іх адзін да аднаго, дужа пякучым боль....
Спачатку ў абласным і рэспубліканскім другу сталі з’яўляцца артыкулы В.І. Арцем’ева, прысвечаныя А.В. Пысіну, а ў 2008 г. за ўласныя сродкі ён выдаў кнігу ўспамінаў “Паэт вузел завязаў”, у 2011 г. – “Бібліятэка паэта Аляксея Пысіна” і “Пысіны: ад прадзедаў да праўнукаў”, у 2015 г. – “Пісьменнікі і кнігі”, дзе быў змешчаны асобны раздзел “Вянок Пысіну” У 2013 г. абласныя ўлады дапамаглі выдаць кнігу “Урокі Аляксея Пысіна” і гэтыя выданні склалі “Пысініяну”.
Кніга “Народны душою...” мяне ўразіла разнастайнасцю матэрыялаў і усебаковасцю адлюстравання асобы А.В. Пысіна яшчэ на этапе падрыхтоўкі матэрыялаў да друку.
Пысін прадстае перада мною ў першую чаргу як звычайны чалавек, мой зямляк, з якім мы хадзілі па адных сцежках, дыхалі адным паветрам, назіралі адны і тыя краснапольскія пейзажы. Можа таму мне так блізка і зразумела яго пейзажная лірыка. І калі я чытаю пысінскія радкі, прысвечаныя Краснаполлю: Край бацькоўскі, раўнінна-гарысты, // Аніколі цябе не мінеш. // Ты лістком, ты расінкаю чыстай // І дымком сваім сэрца кранеш – сэрца ахоплівае шчымлівы боль, і цяжка стрымаць слёзы ад таго, што ніхто ўжо не чакае ў бацькоўскай хаце, а сустрэчы з радзімай адбываюцца толькі на Радаўніцу.
Вядомыя літаратуразнаўцы адзначалі “дзве сілавыя трасы” паэзіі Аляксея Пысіна: “Адна бярэ пачатак у барознах на родным полі, другая – у акопах і траншэях мінулай вайны”. Мяне прывабліваюць вершы Пысіна пра родны край, і пад ураджаннем ад верша “Мінская шаша” ўжо на ўсе дарогі Магілёўшчыны я гляджу вачамі паэта: Шуміць, гудзе рака дарогі // Паміж адхонаў і лясоў. // Алень на ўзлессе вынес рогі, // Прыйшоўшы ў госці да ласёў.
У беларусаў моцная генетычная памяць і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пачуцці і боль воіна-франтавіка ў радках Аляксея Васільевіча мы яскрава ўяўляем і прапускаем праз уласнае сэрца як сведкі тых падзей. У кнізе “Народны душою...” В.І. Арцем’еў прыводзіць некаторыя жудасныя ўспаміны Пысіна пра вайну, якія пазней сталі сюжэтамі яго вершаў: “На вайне як на вайне. Было і такое пад Полацкам: батальён паспяхова выбіў немцаў з траншэй, бліндажоў і дотаў, нават апярэдзіў узгоднены час ці, можа, самалёты спазніліся. І пасыпаліся на нашых салдат бомбы з нашых жа самалётаў:
Пярэдні край зламалі ўжо штыкі,
Ужо за намі бліндажы і доты.
Спазніліся сюды штурмавікі:
Пяхота абагнала самалёты.
Пакуль камбат хрысціў чыесьці душы. –
Ляглі свае... ляглі свае.
Пасля такіх фактаў ацэньваеш глыбіню і эмацыянальнасць, талент Пысіна-баталіста і пераконваешся, што найглыбей і праўдзівей, чым Пысін, пра вайну ніхто з беларускіх паэтаў не сказаў.
Кніга “Народны душою...” – гэта брыльянт арцем’еўскай Пысініяны, які займе годнае месца ў літаратурнай спадчыне Магілёўшчыны і Беларусі.
2. Ці ўдалося аўтару кнігі паказаць постаць паэта Пысіна ў поўны рост?
У кнізе сем раздзелаў, напоўненых багатым біяграфічным, літаратуразнаўчым і краязнаўчым матэрыялам. Мы знаёмімся з радаводам Пысіных і даведваемся, як продкі Пысіна – рускія казакі з Клінцоў Бранскай губерніі – пасяліліся на Краснапольшчыне і трывала ўраслі ў яе каранямі. Тут нарадзіўся будучы паэт Аляксей Пысін і вёска Высокі Барок стала для яго “Вялікім Народным універсітэтам з факультэтамі роднай мовы, народнай песні і народнага жыцця”. Дзякуючы роднай зямельцы і яе прыцягненню, Аляксей Пысін стаў глыбокім паэтам, яго талент – ад Бога.
Таленавіты перакладчык, Пысін часта паўтараў прымаўку: “Пераклад як жанчына: або прыгожы, або верны”. Ён беражна абыходзіўся са словам аўтара і лічыў, што верш таленавітага паэта павінен перакладаць не меньш таленавіты паэт-перакладчык, каб не знізіць якасць верша. Дзякуючы яго перакладам, беларусы змаглі пазнаёміцца з вершамі татарскага паэта Мусы Джаліля з “Маабіцкага сшытка”, творамі калмыцкага паэта Міхаіла Ханінава, вершамі паэтаў з Украіны і іншых краін СССР.
Каля дваццаці гадоў Аляксей Пысін працаваў у абласной газеце “Магілёўская праўда”, а да гэтага часу ў Бельскай раённай газеце непадалёку ад Беластока, раёнках Краснаполля і Чэрыкава. А першыя прыступкі да журналістыкі былі зроблены яшчэ ў час вучобы ў Палужскай школе ў 1934 г.: допісы Пысіна, па словах Сцяпана Кухарава, у той час селькора, “вызначаліся вастрынёй зроку, смеласцю і баявітасцю”. Гэтым прынцыпам Пысін-журналіст застаўся верным да канца сваіх дзён.
У 1974-1981 гг. А. Пысін узначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР. Ён так наладзіў выхаванне літаратурнай моладзі, што да яго за парадай ішлі нават з Гомеля і Віцебска. Праз пысінскую школу прыгожага беларускага пісьменства прайшлі многія беларускія паэты і празаікі, сярод іх: А. Сербантовіч, Н. Тулупава, М. Стральцоў, А. Пісьмянкоў, З. Марозаў, Р. Баравікова....
Клопат А.В. Пысіна быў перш за ўсё аб людзях, ён умеў “боль чужы адчуць як свой”. Дапамагаў знаёмым і незнаёмым, заступаўся за іх, у тым ліку праз газету. Я. Клімуць слушна заўважаў: “Бараніць у чалавеку чалавечнасць – прызванне паэта. Гэтаму прызванню Аляксей Пысін служыў аддана, душой і сэрцам”.
Віктару Іванавічу Арцем’еву ўдалося ў поўны рост паказаць постаць Аляксея Васільевіча Пысіна, яго паэтычны талент, абапіраючыся не на ўласнае меркаванне, а пацверджанае словамі навукоўцаў і вядомых пісьменнікаў: М. Аўрамчыка, Р. Барадуліна, Я. Брыля, Р. Бярозкіна, У. Гніламёдава, В. Карамазава, Т. Хоміч і многіх іншых.
3. Якія артыкулы аўтара найбольш яркія і доказныя?
Мне, як выкладчыку славянскай філалогіі па адукацыі і бібліятэкару па прафесіі, вельмі блізкі раздзел “Бібліятэка Пысіна”.
Першай настаўніцай – Ефрасінняй Самсонаўнай Анішчанка – была выхавана любоў да кнігі, закладзены падмурак журналіста і паэта Аляксея Пысіна. Я згодна са словамі вядомага французскага журналіста Луі Блана “Скажы, што ты чытаеш, і я скажу, хто ты”. Можна скласці дакладнае паняцце пра розум і характар чалавека, агледзеўшы яго бібліятэку. За сваё жыццё Пысін сабраў багатую бібліятэку, дзе былі кнігі класікаў рускай, беларускай і замежнай літаратуры, шмат кніг пісьменнікаў Украіны. Асаблівую каштоўнаць прадстаўляюць кнігі з аўтографамі пісьменнікаў – а іх больш за сто: В. Астаф’ева, Я. Брыля, Р. Барадуліна, В. Быкава, Р. Баравіковай...
Вучыўся А. Пысін у Пушкіна і Лермантава, А. Твардоўскага і В. Астаф’ева, М. Гарэцкага і Я. Коласа. Вучыўся ўсё жыццё. Цікавіўся паэзіяй рускай і народаў краіны, з многімі паэтамі, асабліва з Расіі і Украіны, быў у сяброўстве.
У інтэрв’ю журналісту У.У. Бардзілоўскаму ён казаў: “Самы блізкі быў для мяне і застаецца Максім Багдановіч – сваёй высокай думкай, формай паэтычнай, усім, усім. А наогул ва ўсіх паэтаў трэба вучыцца”.
Кніга для яго “шчаслівае імгненне адкрыцця свету і сябе ў гэтым свеце як істоты, якая можа адчуць і зразумець незвычайнае, прыгожае. Кніга – гэта магчымасць заўсёды перажыць узрушанасць, радасць далучэння да вялікага, нібы зноў адкрытага свету, у якім ты зноў нараджаешся, сталееш, жывеш”.
Узорам прапаганды кнігі з’явіўся напісаны Пысіным у 1973 г. нарыс “У небе і кнізе – сонца”, дзе паэт вядзе гаворку пра ролю кнігі ў дзяцінстве і юнацтве, пра кнігу на вайне, пра кнігу ў Сібіры і ў Магілёве. Менавіта кнігі сфарміравалі светапогляд А.В. Пысіна, выхавалі з яго сапраўднага патрыёта і грамадзяніна, дапамаглі ўзняцца на літаратурны Парнас.
Асобнае месца ў бібліятэцы Аляксея Васільевіча займалі кнігі па народным фальклоры, даведнікі і слоўнікі, сярод іх “Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны” І. Бялькевіча.
Аляксей Пысін моцна любіў народныя песні, казкі, прыказкі і прымаўкі. Нездарма некаторыя беларускія літаратары гаварылі: “Ягоны паэтычны талент вырас на фальклоры”. Слухаў Аляксей Васільевіч салаўіныя песні вясковых жанчын ва Усполлі Мсціслаўскага, у Варатыні Бабруйскага, Абідавічах і Баркалабава Быхаўскага, Белай Дуброве Касцюковіцкага, Нарыманава Краснапольскага раёнаў і ў дзясятках іншых. Нездарма гаварыў: “Зямля магілёўская музычная: выйдзі за ваколіцу, прыкладзі вуха да зямлі і пачуеш, што зямля спявае.”
Чуў паэт, як зямля спявае. Як чуў шэпт траў і гоман дрэў, як чуў мову пчол. Напісаў больш дзясятка замалёвак пра самадзейных кампазітараў і выканаўцаў народных песень. Прысвяціў верш славутай спявачцы Марыі Пахоменка, радавыя карані якой з краснапольскай вёскі Лютня.
В.І. Арцем’еву ўдалося паказаць, як кніга ўсё жыццё ўздзейнічала на Пысіна і дапамагла яму стаць не проста паэтам, а таленавітым і ўнікальным лірыкам, сапраўдным Майстрам прыгожага пісьменства.
4. Каштоўнасць кнігі “Народны душою” для маладых аўтараў?
Аляксей Пысін пісаў пра маладых і для маладых. Яго кнігі – гэта падручнікі, па якім дзяўчынам і хлопцам можна вучыцца, як ісці ў жыццё.
Аляксей Васільевіч разумеў, як важна для пачынаючых літаратараў пачуць каментарыі аб сваім творы ад прафесійных пісьменнікаў і журналістаў. Ва ўспамінах Пысіна чытаем: “У калгасе пачала выпускацца насценная газета. У ёй часта змяшчаліся вершаваныя, у рыфму, матэрыялы. Для мяне з’явілася сапраўдным адкрыццём, што вершаваныя допісы ў насценгазету піша сусед Аляксандр Васільевіч Чыжэўскі. Рэдкалегія, у якой быў тады і мой бацька, нават давала яму тэмы. Пісаў вершы і дасылаў іх у газеты Фёдар Падвойскі”.
Дарогу ў літаратуру Пысіну ў свой час даў вядомы ў Краснапольскім раёне паэт Пятрусь Бядулін, які стаў першым настаўнікам селькора Алёшы Пысіна. Пачынаючым пісьменнікам Пысін усім сэрцам жадаў сустрэць свайго “Петруся Бядуліна”. Узначальваючы ў 1974-1981 гг. Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР, ён наладзіў выхаванне літаратурнай моладзі. З гэтай мэтай арганізоўваў семінары пачынаючых пісьменнікаў, на якіх даваліся кваліфікаваныя кансультацыі, дэталёва абмяркоўваліся творы пачынаючых аўтараў, лепшыя з іх рэкамендавалі для друку ў рэспубліканскіх і абласных выданнях.
На жаль, на сённяшні дзень такая практыка страчана, літаратурных гурткоў нямнога. Найбольш актыўна працуе літаратурнае аб’яднанне “Натхненне” пры МДУ імя А. Куляшова, Народнае літаратурнае аб’яднанне “Роднае слова” пры Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі, якія, пераняўшы традыцыі Пысіна, даюць дарогу маладым аўтарам.
Кніга “Народны душою...” для маладых аўтараў павінна стаць падручнікам па навучэнні пісьменніцкай справе.
5. Ці згодны вы с выказваннем вядомых беларускіх пісьменнікаў і аўтара кнігі, што слова пра вайну мацней Пысіна ў Беларусі ніхто не сказаў?
У кнізе “Народны душою...” В.І. Арцем’еў прыводзіць меркаванні многіх літаратуразнаўцаў і пісьменнікаў пра А.В. Пысіна, сярод якіх выдзяляюцца словы В. Карамазава “Як Быкаў у прозе. Для такой паралелі, для параўнання ёсць падставы” і словы В. Бечыка “... чытаючы вершы Пысіна, я лепш усведамляю, напрыклад, змест і праблематыку прозы Васіля Быкава (як і наадварот: чытаю Васіля Быкава – і яшчэ мацней адчуваю душэўную глыбіню пысінскай лірыкі”).
Поўнасцю згодна з В. Карамазавым і В. Бечыкам. Ведаючы ваенную біяграфію Пысіна, усведамляеш, як тонка Аляксей Васільевіч разумеў псіхалогію чалавека на вайне і як глыбока яму ўдалося перадаць эмоцыі і пачуцці салдата:
Палім мы маршанскую махорку,
Бачым мы Дняпроўскую граду.
Будзе сёння бай. На тым узгорку,
Можа, я таксама упаду.
Будуць травы над курганам. Будуць
Адлятаць у вырай жураўлі.
Нас, напэўна, ў свеце не забудуць,
Ўспомняць, што на свеце мы жылі.
... Я гляджу на даўняе курганне,
На траву, на рыжых мурашоў.
Ведайце, калі мяне не стане –
Я ў сваю дывізію пайшоў.
Тое, што ў час вайны перажылі жанчыны і дзеці, Пысін малюе вельмі тонка, з веданнем справы і людской псіхалогіі. Вайна забрала сотні тысяч ахвяр, але і пасля Перамогі працягваецца гэты сумны і трагічны спіс:
Зноў у зямлі ўзарвалася граната,
Плыве ў вянках дзіцячая труна.
Хлапчук вайны не бачыў: вінавата
Яшчэ непахаваная вайна.
6. Які ўзровень каштоўнасці кнігі “Народны душою...” для гісторыі і культуры Беларусі?
А.В. Пысін займае асобнае месца ў гісторыі і культуры Магілёўшчыны і ўсёй Беларусі. В.І. Арцем’еву ўдалося ў поўны рост паказаць асобу паэта і яго ўнёсак у развіццё айчыннай літаратуры.
На жаль, у Беларусі не многа даследчыкаў творчасці Пысіна, сярод якіх выдзяляюцца Любоў Гарэлік і Таццяна Хоміч. Шчырыя і цёплыя словы сказаў В. Карамазаў у эсэ “... Проста ўспомніў я цябе”. Асобнае месца ў гэтым шэрагу займае Віктар Іванавіч Арцем’еў, які моцна сябраваў з Аляксеем Васільевічам, а праз нейкі час пасля сыходу паэта з жыцця стаў старанна вывучаць і даследваць архівы Пысіна, шчыра прапагандзіраваць яго творчасць.
Кніга В.І. Арцем’ева “Народны душою...” – адзінае такога кшталту, грунтоўнасці і значнасці выданне пра слыннага сына Магілёўшчыны А.В. Пысіна.
У першую чаргу, кніга будзе карыснай выкладчыкам і настаўнікам беларускай літаратуры, студэнтам літаратуразнаўчых дысцыплін, моладзі, што цікавіцца ваеннай паэзіяй, тым, хто вучыцца вершаскладанню.
А яшчэ гэта падарунак ўсім магіляўчанам і землякам Пысіна – краснапальчанам.
7. Што трэба зрабіць, каб кніга “Народны душою” дайшла да чытача?
Каб кніга дайшла да чытача, трэба, па-першае, каб пра яе ведалі. Для старэйшага пакалення друкаваныя перыядычныя выданні і тэлебачанне па-ранейшаму застаюцца першачарговымі крыніцамі інфармацыі, для моладзі – віртуальная прастора. Неабходна падрыхтоўка і размяшчэнне інфармацыйна-рэкламных матэрыялаў у абласным і гарадскім друку, на абласных і гарадскіх інфармацыйных парталах, у сацыяльных сетках.
У абавязковым парадку гэта выданне павінна быць у гарадскіх і раённых публічных бібліятэках, бібліятэках навучальных устаноў. На жаль, у 2020 г. на камлектаванне бібліятэк было выдаткавана недастаткова фінансавых сродкаў, і магчымасць выкупіць кнігу ў выдавецтве была не ва ўсіх бібліятэчных сетак вобласці.
Разумна, каб абласныя і гарадскія ўлады выдаткавалі сродкі на выданне дастатковага накладу кнігі “Народны душою...”, бібліятэкі б атрымалі яе ў якасці сацыяльназначнага выдання. Гэта важна для грамадства, асабліва ў год 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, гераічнай абароны Магілёва і ў справе патрыятычнага выхавання моладзі.
На пытанні адказвала Дзятлава Галіна Мікалаеўна, рэдактар кнігі
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси