Вітамін гумару


У сталічнай бібліятэцы №7 адзначылі свята гумару

08.04.2021                                                          Новости


1 красавіка калектыў сталічнай бібліятэкі №7 на чале з загадчыцай Шваб Аксанай Пятроўнай сустракаў гасцей. У глядацкай зале яблыку не было дзе ўпасці, а вясновы авітаміноз нікому не пагражаў. Па словах вядучай Іны Фраловай, якая ўжо спасылалася на сур’ёзныя даследаванні навукоўцаў, - пачуццё гумару нармалізуе ціск, станоўча ўплывае на нервовую сістэму, умацоўвае сямейныя стасункі, а смех наогул можа тварыць цуд. Таму невыпадкова на сцене з’явіліся дзеці. Вучні 7 класа 152 сталічнай школы выканалі неўміручыя байкі Кандрата Крапівы. А дапамагла разабрацца ў  тонкасцях мастацкага чытання настаўніца Алена Уладзіміраўна Курылёнак.

Прынялі эстафету ўдзельнікі Паэтычнага тэатра “Рытмы сэрца” - студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Кацярына Хасіневіч і Данііл Янцэвіч. Падтрымаць сваіх птушанят прыйшла і кіраўнік Паэтычнага тэатра Салата Кацярына Федасеўна, тым боль, што для Данііла выступ на імпрэзе быў дэбютны. Студэнты прачыталі яшчэ некалькі баек ўжо ўзгаданага мэтра, а пасля і празаічныя творы Валерыя Максімовіча і Васіля Найдзіна. Запрошаны да мікрафона Васіль Іванавіч пачаў здалёк – з вытокаў стварэння часопіса “Вожык”, але і не забыўся назваць прозвішчы калег-сучаснікаў: Сліву, Зэкава, Саковіча, Януся Мальца.

Падняла градус добрага настрою ўласным вершам і Іна Фралова. Пасля шчодра здзялілася са слухачамі “Пацехамі з меха”, дарэчы, гэта новая ці даўно забытая старая рубрыка газеты “ЛіМ”.

Гумарыстычныя творы Мікалая Шыпілава, Мікалая Самохіна і Ігара Неміроўскага агучыў Сяргей Трахімёнак.

Завяршылі імпрэзу карацелькі Леаніда Багдановіча і Славаміра Даргеля.

Ганна СТАРАДУБ