Тварыце, людзі, на зямлі дабро


У сталічным Доме літаратара адбыўся творчы вечар Міхася Пазнякова, прысвечаны 70-годдзю з дня яго нараджэння

02.04.2021                                                          Новости


Пад такім дэвізам у сталічным Доме літаратара адбыўся творчы вечар вядомага пісьменніка, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхася Пазнякова, прысвечаны 70-годдзю з дня яго нараджэння.

Да сваёй адметнай даты пісьменнік прыйшоў з багатымі творчымі набыткамі. На яго рахунку звыш ста кніг: паэзіі, прозы, навукова-папулярных, слоўнікаў і перакладаў. Яны адрасаваны дзецям і дарослым.

Асобныя творы М. П. Пазнякова перакладзены на 27 моў свету. Кнігі выходзілі ў Беларусі, Расіі, Украіне, Сірыі. Юбіляр мае дзяржаўныя ўзнагароды, уганараваны трыццацю літаратурнымі прэміямі. У тым ліку Нацыянальнай літаратурнай прэміяй і многімі міжнароднымі.

Вядомага літаратара павіншавалі шматлікія дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, дзеячы культуры і мастацтва. Сярод іх — намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, А. М. Кунцэвіч старшыня Саюза пісьменнікаў беларусі А. М. Чаргінец, старшыня Дзяржаўнага камітэта пагранічных войск генерал-лейтэнант А. П. Лапо, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Л. В. Касінскі, кіраўнікі выдавецтваў, бібліятэчных сістэм, рэдакцый літаратурна-мастацкіх выданняў, калегі. Шмат віншаванняў прыйшло ад творчых арганізацый і літаратурна-мастацкіх выданняў Расіі і Украіны.

На вечары прагучалі многія творы пісьменніка і песні на яго вершы. Іх выканалі артысты Тэатра паэзіі (мастацкі кіраўнік Вольга Багушыньска), спевакі Галіна Сакольнік, Вячаслаў Статкевіч, Таццяна Жылінская, Віктар Мяцельскі, Аляксандр Якіменка. Сардэчна, папулярнымі песнямі віталі юбіляра народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок і салістка Дзяржаўнай харавой капэлы Вольга Шаўчэнка.

Павел КУЗЬМІЧ

Фота Васіля Кулікова