У творчым багатым вянку


Народны клуб нацыянальных культур «Садружнасць» у адзінаццаты раз адзначыў Сусветны дзень паэзіі

26.03.2021                                                          Новости


Народны клуб нацыянальных культур «Садружнасць» у адзінаццаты раз адзначыў Сусветны дзень паэзіі. Паэты і музыканты розных нацыянальнасцей выйшлі на сцэну Брэсцкага грамадска-культурнага цэнтра для таго, каб падзяліцца сваёй творчасцю, пры дапамозе музыкі і яркіх паэтычных вобразаў расказаць пра самабытнасць сваіх культур, перадаць цеплыню пачуццяў і нацыянальны каларыт.

Адкрыла свята Настасся Нарэйка, якая зачаравала гледачоў беларускай мілагучнай і ласкавай мовай, пранікнёна прачытаўшы вершы аб роднай зямлі і каханні. Аб тым жа вечным пачуцці і бессмяротнай прыгажосці на рускай мове ў сваіх вершах расказалі Любоў Красеўская і яе выхаванка, вучаніца Школы маладога літаратара Ганна Ігнацюк. Са словамі прывітання выступіў старшыня «Рускага грамадства» Сяргей Моладаў.

Старшыня клуба, прадстаўнік яўрэйскай абшчыны Барыс Брук прачытаў тонкія і мудрыя вершы на ідыш і нагадаў, што ў гэты дзень у 14-ці раёнах Брэсцкай вобласці праводзіцца акцыя памяці аб загінулых жыхарах спаленых вёсак. Прысутныя ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Юныя чытальнікі польскай дыяспары прачыталі вершы Марыі Сулімы, напоўненыя любоўю да велічнай палескай прыроды. Шчыра і пяшчотна гучала паэзія Лесі Украінкі ў выкананні дзяўчынак у нацыянальна касцюмах з украінскай арганізацыі «Берагіня», кіраўнік якой Віктар Місіюк нагадаў, што ў гэтым годзе адзначаюць 150-годдзе з дня нараджэння вядомай паэткі. А прадстаўнік азербайджанскай дыяспары Алег Джамбабаеў паведаміў, што ў гэтыя дні яго народ адзначае нацыянальнае свята «Наўруз Байрам». Гэта выклікала бурныя апладысменты. Пра сваю горача любімую радзіму чыталі і спявалі юныя таленты з Азербайджана.

Паэтычныя адкрыцці, разважанні і пажаданні спляліся ў багаты творчы вянок, аб’ядналі пачуцці і жаданне жыць, тварыць, сустракацца і сябраваць тут, на гасціннай беларускай зямлі.

Таццяна Дземідовіч 

Фота ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр»  

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси