Тамара Віктараўна Кручэнка (Купрэвіч) нарадзілася 30 мая 1955 года ў гарадскім пасёлку Мядзел Мінскай вобласці. Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна (1977г.), наведвала літаб’яднанне “Узлет”, якім кіраваў Алег Лойка.
З 1978 года жыве і працуе ў Гомелі, звыш 40 гадоў у журналістыцы і член творчага саюза, зараз аглядальнік газеты “Гомельская праўда”. Аўтар паэтычных кніг “Край бацькоўскі”, “Ад берагоў Дзясны да Сожа”, “Прысвячэнне”, зборніка публіцыстыкі “Лёсаў зорныя імгненні”, сааўтар іншых паэтычных і публіцыстычных выданняў. Друкавалася ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Полымя”, калектыўных зборніках паэзіі і перакладаў Беларусі , Расіі і Украіны. Лаурэат шэрагу міжнародных літаратурных прэмій — Баяна (Расія), Рыгора Скаварады (Украіна), імя Аляксандра Капусціна (Беларусь), лаўрэат абласнога літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага (1997г.) і аднайменнай літпрэміі (2014 і 2018 гады ў намінацыях “публіцыстыка” і “паэзія”).
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай Дзяржавы.
***
У гэты дзень я зноў іду на плошчу,
Да Вечнага Агню, у памяць таты...
Вясновы ветрык сцягі тут палошча,
І мора кветак да вялікай даты.
Дзень добры, родны мой... Ля абеліска
Я пакладу вясновыя нарцысы,
Галоўку мой унучак схіліць нізка,
І сэрца зноўку такім жалем цісне
За вас усіх, раней вайной забраных,
Не ўбачыўшых радзіму ў гэты дзень...
Баліць душа, гарыць пякельнай ранай.
Да Вечнага Агню народ ідзе.
Сыйду па-англійску
И з’еду ў мяцеліцу,
Да роднай калыскі
Снягамі засцеленай,
Дзе ветры з Нарочча
Пяюць калыханку
І шчасце прарочаць
на родным мне ганку.
Згуляю ў снежкі
З сяброўкай дзяцінства —
Прастораў бязмежжа,
Памкненняў адзінства!
Душа акрыяе
Ў коле радзінным,
І рукі, бы крылы,
Вось тут, на радзіме.
Дзень беларускага пісьменства-2019
Іду я вуліцамі Слоніма,
І адчуваю: дух не зломлены
Майго народа шматпакутнага,
Сваёю годнасцю магутнага,
І па-сялянску працавітага,
І да зямелькі прагавітага,
Таленавітага, стараннага,
І па-святочнаму прыбранага.
Капелюшамі слаўны слонімцы,
Застоллі ад прысмакаў ломяцца,
І канцлер ВКЛ Сапега
Сцішыўшы крок, нібы з разбегу,
Глядзіць на нас з-за часу даляў,
І бы гаворыць з п’едэстала:
“Статут на беларускай мове
Ёсць і ў нас цяпер, панове!”
Поле
У кожнага з нас ёсць Поле,
Поле смачнейшага хлеба.
Маці люляла там долю,
Нас уздымала да неба.
И нібы тым зярнятам
Цёпла было ў далонях.
Жытам наш край багаты,
Свецяць сцябліны-промні.
І спаконвечна дбайны
Мы да ўборкі нівы.
Выйшлі ў час камбайны
Справіць абрад свой жніўны.
Шчыра гасцей Палесся
Наш каравай вітае.
З хлебам, з матулінай песняй
Наша зямля святая.
Дзівасіл Беларусі
Перашэпты бароў нарачанскага краю,
Перазвоны крыніц невычэрпных Палесся…
Тут адчуеш, як роднае слова іграе,
Як душу яно можа акрыліць, узнесці!
Правіць баль на зямлі зноў дажынкавы верасень,
І зычлівая вёска сустрэне гармонікам…
Ты, нібыта ў дзяцінства далёкае вернешся,
У дзівосныя дні, векапомныя.
Тут жывуць як жылі, і не ведаюць стомы,
Да інакшае долі нікім не прывучаны...
Не з’язджаюць далёка ад роднага дома,
З землякамі спраўляюць заручыны.
Залаты каравай на далонях шурпатых
Паднясуць, каб сустрэць найжаданых гасцей...
Наша вёска і сёння жыве небагата,
Ды на свет пазірае намнога прасцей.
І дасціпным сваім непрыдуманым словам
Яна ўсцешыць цябе — бы глытком з гладыша...
Дзівасіл Беларусі — бацькоўская мова,
З ёй народа навек неўміруча душа.
У Бабчыне
Міколу МЯТЛІЦКАМУ
Вёска твая -- нібы клін жураўліны,
Мкнецца ў неба ўзняцца імкліва...
Лапіны снегу на чорнай зямліцы...
Хіба ж такое можа прысніцца?
Хаты ў журбе, нібы тыя дамоўкі,
Гукаў ніякіх, жыццё тут замоўкла...
"Газік" імчыць нас, і раіць калега:
"Не дакранайся тут толькі да снегу...
Ўсё тут памерла, тут могілкі вёскі,
І радыяцыя-смерць яшчэ косіць."
Я не стрывала, прашу прыпыніцца,
Дзе нарадзіўся Мікола Мятліцкі...
-- Ты рызыкуеш, -- мне кажа калега, --
Хочаш памерці ад гэтага снегу?
Ды я ступаю ў двор вінавата:
"Дзень табе добры, Міколава хата..."
Даляцеў цераз межы твой лісцік
Ад бяроз белакорага гаю,
І згадала я наша “калісьці”,
І адчула ізноў, што кахаю.
Не турбуйся, я тут застаюся,
І з бядою сваёй, і з каханнем.
За мяжой, у сваёй Беларусі.
Мы ніколі чужымі не станем.
Паэтэса
Не сасмягнеш... Ведаеш крыніцу,
Дзе купае сонца свае промні.
Піць з яе і век нам не напіцца,
Да драбніц з маленства ўсё ўспомніць.
Раніца. Пяшчотны дотык мамы.
Хлебны водар незабыўны з дзежкі...
Рыпне наўздагон дзяўчынцы брама,
Клёкатам буслы сваім усцешаць.
І ўзыйдзе з непаўторных фарбаў
Вечнасцю падоранае Слова...
Ты багачка! Маеш столькі скарбаў —
Маці-Беларусь, сяброў і мову.