Сябруем з кнігай усёй сям’ёй


Сябруем з кнігай усёй сям’ёй

03.04.2017                                   Новости 


Знамянальнай падзеяй у жыцці дзіцячых бібліятэк горада Мінска  і іх чытачоў з'яўляецца правядзенне фестывалю сямейнага чытання “Сябруем з кнігай усёй сям’ёй”. Гэта добрая магчымасць гучна заявіць пра сябе, пра свае паслугі, пра важнасць кнігі і чытання. 


Фестываль – свята, на якім  ўшаноўваюцца лепшыя чытаючыя сем'і з васемнаццаці дзіцячых бібліятэк горада. Дырэктар Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Швед Т.А. віншуе гасцей фестывалю, уручае дыпломы і падарункі.

Новаўвядзеннем у гэтым годзе стала намінацыя “За вернасць дзіцячым бібліятэкам”, якую прысудзілі сям’і, запісанай і чытаючай кнігі ў некалькіх бібліятэках сістэмы.

На фестывалі адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу «Бібліязважанне». Гэта конкурс, у якім пераможцаў вызначаюць па колькасці кнігавыдач ў дзіцячых бібліятэках, што з'яўляецца аб'ектыўным крытэрыем выбару. У намінацыі «Аўтар года» перамог Міхась Пазнякоў – паэт, празаік, перакладчык, намінант на саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры. Пераможцамі ў намінацыі «5 лепшых беларускіх аўтараў» сталі Уладзімір Ліпскі, Надзея Ясмінска, Валерый Квілорыя, Сяргей Клімковіч, Аляксей Шэін. Усе аўтары былі гасцямі фестывалю і ўзнагароджаны дыпломамі. З кнігамі пісьменнікаў можна было пазнаёміцца ​​на маляўніча аформленых выставах "Аўтар года: Пазнякоў Міхась Паўлавіч" і "Бібліятэкары раюць…"

Усе, хто завітаў у бібліятэку 25 сакавіка, мелі магчымасць паўдзельнічаць у разнастайных гульнях, майстар-класах, конкурсах, віктарынах.  Гасцей сустракалі маленькія мімы з Акадэміі творчасці “Талент”,  Добрая чараўніца з афарызмамі пра кнігу, бібліятэку і чытанне, а таксама “Дама з кнігай” - крэатыўная кніжная інсталяцыя.

Свае водгукі аб чытанні маленькія чытачы пакідалі на своеасаблівым чаце “Я люблю бібліятэку, таму што ...”

 Прыцягваў увагу куток японскай культуры, на якім можна было азнаёміцца з кнігамі, часопісамі, прадметамі побыту гэтай усходняй краіны. Тым больш, што пра Японію вяла апавяданне сапраўдная прадстаўніца гэтай краіны Тацумі Масако, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі №5.  

Маленькія модніцы з радасцю і цікавасцю прынялі ўдзел у майстар-класе па стварэнню моднага вобразу  на інтэрактыўнай пляцоўцы “Урокі маленькай лэдзі”.

На выставе - рэкамендацыі «Семейному чтению – наше почтение» мамы і таты азнаёміліся з матэрыяламі ў падтрымку сямейнага чытання, прафесійна падабранымі супрацоўнікамі бібліяграфічнага аддзела, з рэкамендацыйнымі спісамі літаратуры і парадамі па прыцягненню дзяцей да чытання.

Асаблівую цікавасць і папулярнасць выклікала фотазона “Чаепитие в кругу семьи”. Усе жадаючыя рабілі фотаздымкі на памяць каля прыгожага чырвонага самавара разам са сваімі роднымі і блізкімі людзьмі.

Пасля ўрачыстай часткі маленькіх чытачоў чакаў танцавальны флэшмоб з мімамі і салодкі стол.  

Утульная і камфортная атмасфера мерапрыемства спрыяла добраму настрою і станоўчым эмоцыям усім удзельнікам фестывалю.  

Вольга КАХНОВІЧ,

намеснік дырэктара

Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска