У выдавецтве “АмелияПринт” выйшла кніга Яўгенія Соцікава “Энергетика от костра к плазме”.
На старонках кнігі аўтар знаёміць чытача з усімі відамі экалагічна чыстай энергіі, якую так ці інакш выкарыстоўвае чалавек. Абмежаванасць сусветных рэсурсаў, энергазалежнасць і пагроза глабальнага пацяплення даўно прывялі шматлікія краіны да разумення важнасці развіцця ўзнаўляльнай ці, як яшчэ яе завуць, зялёнай энергетыкі.
На пэўных прыкладах у гістарычным ракурсе развіцця чалавецтва, аўтар разглядае магчымасці практычнага выкарыстання чалавекам энергіі сонца, агню, ветру, вады і атама.
Першы раздзел кнігі прысвечаны энергіі сонца, як найбольш важнай крыніцы развіцця чалавецтва. Энергія сонца – самая магутная экалагічна чыстая крыніца энергіі, і, што самае галоўнае – практычна дарэмная. Яе можна выкарыстоўваць у розных мэтах, пачынаючы ад забеспячэння энергіяй асобных дамоў, заканчваючы касмічнымі спадарожнікамі і караблямі.
У гэтым раздзеле аўтар знаёміць чытача з такімі паняццямі як плазменная і вадародная энергетыка, таксама распавядае, як энергія святла сонца ператвараецца ў электрычную энергію ў выглядзе такіх крыніц, як фотаэлементы, ці як іх яшчэ завуць – сонечныя батарэі.
Вялікае месца ў кнізе адведзена гісторыі развіцця чалавецтва. Аўтар прыводзіць асноўныя гіпотэзы з'яўлення першага чалавека на Зямлі. Дзе пражывалі старажытныя людзі на Зямлі, чаму пераходзілі плямёны з Афрыкі ў Еўропу, і іншыя месцы засялення, як людзі навучыліся карыстацца прыродным агнём (маланкай, пажарам, узгараннем сухіх дрэў).
Другі раздзел прысвечаны энергіі агню. Як старажытныя людзі навучыліся дабываць агонь для абагравання і падрыхтоўкі ежы, атрымліваць першы прымітыўны посуд з гліны (керамікі), пра важнасць рускай печы і лазні для жыцця і здароўя чалавека.
Асобны матэрыял прысвечаны лясным пажарам на планеце Зямля, іх прычынам і спосабам барацьбы з агнём. Агонь – гэта асобая, самая непакорная стыхія.
Трэці раздзел – пра энергію вады. Энергія вады бадай адна з першых энергій, якую людзі навучыліся выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Успомніць хаця б першыя рачныя млыны. У гэтай частцы аўтар распавядае, як энергія вады выкарыстоўваецца для атрымання электрычнасці. У раздзеле прыводзяцца матэрыялы пра гідраэлектрастанцыі на Ніягарскім вадаспадзе, пра будаўніцтва Асуанскай плаціны і Волжскай ГЭС, выкарыстанне прыліўных электрастанцый.
Чацвёрты раздзел прысвечаны энергіі ветра, таксама вельмі важнай крыніцы развіцця чалавецтва. Ветравая энергетыка вызывае павышаную цікавасць у краінах, абдзеленых прыродным палівам. Да такіх краін адносіцца і Беларусь. Стварэнню ветрапарка ў нашай краіне прысвечаны гэты раздзел.
Цікавыя матэрыялы дапамагаюць даведацца пра выкарыстанне ветраэлектрастанцый у Арктыцы і Антарктыдзе. Адначасова распавядаецца пра беларускі антарктычны праект. Прыводзіцца інфармацыя і маляўнічыя фотаздымкі аб дасягненнях і цяжкасцях беларускіх навукоўцаў падчас 12-й экспедыцыі ў Антарктыду.
Заключная частка прысвечана энергіі атама. На прыкладзе Беларускай атамнай станцыі аўтар дапамагае чытачу зразумець ролю атамнай энергетыкі ў сусветнай вытворчасці электраэнергіі. Цікавая гісторыя будаўніцтва, унікальныя тэхнічныя рашэнні, ужытыя ў канструкцыі станцыі, падаюцца на даступнай для шырокага круга чытачоў мове.
Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ