Экзамен i ўзаемная дапамога


Дзмiтрый Радзiвончык выступiў перад бiблiятэкарамi Гродзенскай вобласцi

23.11.2020                                                         Новости


19 лістапада ў Гродне прайшло адно з нешматлікіх у апошні час публічных літаратурных мерапрыемстваў. Па запрашэнні аддзялення павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў устаноў культуры і мастацтва УА «Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў» перад бібліятэкарамі Гродзенскай вобласці выступіў член СПБ, паэт, публіцыст Дзмiтрый Радзiвончык. 

Стала добрай традыцыяй знаёміць нашых сяброў-бібліятэкараў, якія рэгулярна збіраюцца ў абласным цэнтры, з літаратурным жыццём рэгіёна і дзейнасцю Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У рамках такіх сустрэч раней ужо неаднаразова праходзілі выступленні нашых калег. Сярод іх гродзенскiя паэты Людміла Кебіч, Віктар Кудлачоў, Вікторыя Смолка, празаiк Ірына Фамянкова, дзiцячая пiсьменнiца Ганна Скаржынская-Савіцкая. Бібліятэкары і літаратары фактычна з'яўляюцца адной камандай, супольнасцю аднадумцаў. Гэта людзi, аб'яднаныя высакароднай справай захавання і працягу нацыянальных культурных традыцый, шчыра зацiкаўленыя станам духоўнага патэнцыялу насельніцтва – кожны раз падкрэсліваецца на такіх сустрэчах. Няма сумневу ў тым, што з простай установы бібліятэка сёння ператвараецца ва ўніверсальны цэнтр культурнага жыцця, сапраўдны храм, месца для абароны i развiцця чалавечай душы. Таму кожная сустрэча паэтаў з бібліятэкарамі – гэта і адказны экзамен, і дапамога ў нашай агульнай справе.

19 лістапада на курсах павышэння кваліфікацыі бiблiятэкараў прысутнічалі прадстаўнiкi 14 з 17 раёнаў Гродзенскай вобласці. Для захавання сацыяльнай дыстанцыі аўдыторыя была размешчана ў двух памяшканнях; на суседняе памяшканне вялася анлайн-трансляцыя.

Выступленне Дзмiтрыя Радзiвончыка складалася з двух частак. Спачатку госць пазнаёміў аўдыторыю з асноўнымі напрамкамі дзейнасцi Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Госць распавёў пра міжнародныя, а таксама пра адкрытыя грамадска-асветніцкія праекты абласной пісьменніцкай арганізацыі. Асаблівая ўвага была нададзена інтэрактыўным праектам, створаным у бягучым годзе як вымушана альтэрнатыўная форма працы ва ўмовах дыстанцыявання ды ізаляцыі. У аповедзе літаратара прагучалі сяброўскае запрашэнне да супрацоўніцтва, а таксама запрашэнне на сайт ГрАА СПБ і ў акаўнты нашых сацыяльных сетак. Была закранутая тэма 15-годдзя стварэння СПБ.

Другая частка гутаркі была прысвечана творчасці Дзмiтрыя Радзiвончыка. Пiсьменнiк акрэслiў яе перыяды, пазнаёміў cпецыялiстаў бiблiятэчнай галiны са сваімі кнiгамi. Зразумела, у аўтарскiм выкананнi прагучала паэзія. Напісаныя ў розныя гады вершы гродзенскага паэта на рускай і беларускай мовах cлухачы сустрэлi апладысментамі. У фінале сустрэчы госць адказаў на пытанні аўдыторыі. 

Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ