Гранічная шчырасць радка


Гранічная шчырасць радка

Паляшук Іван Цітарэнка – паэт з дзіўнай душой дзіцяці, якое не перастае захапляцца родным краем, сваёй малой радзімай – вёскай і яе наваколлем на Гомельшчыне, у Добрушскім раёне.  А яна зачаравала яго яшчэ з дзяцінства сваімі пейзажамі, цудоўнымі малюнкамі і водарам, сваім размераным рытмам жыцця і ўнікальнымі жыхарамі. Менавіта цесная сувязь з роднай зямлёй жывіць і ўмацоўвае паэта.

Верным сваёй тэме ён застаецца і ў новай кнізе “Бяскрайняя даль”, выдадзенай у Гомелі. Ён не ўяўляе свой лёс без роднай старонкі:

      Клякоча бусел на світальным золку,

      Сваю бусліху кліча да гнязда,

      А вечарамі маці-перапёлку

      Заве малеча, чутна: “Спаць пара!”

      ……………………………………………….

      Ляцяць гады то з выраю, то ў вырай,

      Было так, ёсць і будзе на вякі.

     Ды толькі я з малой сваёй радзімай

      Не развітаюся. Не з’еду.

      Лёс такі.   (Лёс).

Аўтару ўласціва цэласнае паэтычнае ўспрыманне прыроды і чалавека, здольнасць адчуваць імгненне.

Значная частка вершаў прысвечана розным порам года, але асабліва многа – восені. Адразу відаць, што гэта любімая пара паэта. І ён знаходзіць патрэбныя словы, свае фарбы і толькі яму ўласцівыя вобразы для перадачы свайго захаплення прыгажосцю роднага краю ў гэтую цудоўную пару. Дарэчы, піша Іван Цітарэнка і па-беларуску, і па-руску:

      А впрочем, всё, как всегда:

      То солнце, то дождь, то иней.

      Заблещет в ночи звезда,

      Своею улыбкой синей.    (“Октябрь”).

І сваё захапленне роднай прыродай паэт арганічна звязвае са станам сваёй душы, з думкамі і перажываннямі свайго лірычнага героя, які цесна знітаваны з самім аўтарам.

У кнізе змешчана і некалькі празаічных твораў – своеасаблівых вершаў у прозе: вельмі эмацыянальных, напружаных, бязмежна шчырых. Яны хвалююць і захапляюць чытача. І ў вершах, і ў прозе Іван Цітарэнка дзеліцца сваімі ўспамінамі, думкамі, пачуццямі, нават патаемнымі, інтымнымі: пра дзяцінства, школьныя гады, маладосць, сваё каханне, пра неадназначныя адносіны з любімым чалавекам. І аўтару верыш, бо творы ідуць ад сэрца, ад чыстай і адкрытай душы, якая хоча паспавядацца  перад Богам і людзьмі. Дарэчы, пяру гэтага паэта належаць і духоўныя вершы!

Зноў і зноў звяртаецца ён да асноўнай тэмы сваёй творчасці – малой радзімы, на якой  адчувае сябе шчаслівым:

      Милая малая родина,

      Точка на карте Земли.

      Машет мне веткой смородина,

      В рощах поют соловьи.

      ………………………………………….

      Ветви березок игривые,

      Ржи золотые поля.

      Здесь мои внуки счастливые,

       Счастлив здесь с ними и я.   («Малая родина).

Радаснае, жыццесцвярджальнае пачуццё пранізвае многія творы паэта, які мае схільнасць да паглыбленага роздуму над жыццём і чалавечымі лёсамі.

Ёсць цікавы момант, так бы мовіць, супадзенне ў лёсе самога Івана Цітарэнкі: па бацьку яго завуць Іванавіч і вёска, у якой ён нарадзіўся і жыве, называецца Іванаўка. Як бачым, у паэтаў нічога выпадковага не бывае…

Міхась СЛІВА