“Бу!”: даведнік па дамах з прывідамі ў літаратуры


“Бу!”: даведнік па дамах з прывідамі ў літаратуры

11.11.2020                                        Литературный мир


Што можа быць больш прывабным і адначасова страшным для чытача, чым дамы з прывідамі? За апошнюю сотню гадоў мы сталі сведкамі мноства сумных гісторый, дзе галоўныя героі заключаюць здзелку стагоддзя і купляюць дом, у якім яны самі – нечаканыя госці. Мара ператвараецца ў кашмар, а родныя сцены больш не здаюцца бяспечнымі. Прадстаўляем вам даведнік па самай містычна небяспечнай нерухомасці ў літаратуры!

З чаго пачынаецца любая гісторыя пра зданяў у нечым пакоі? Правільна, з новага жылля! Набыццё проклятага дома праходзіць па самых розных сцэнарах. Герой бяжыць ад свайго цёмнага мінулага і купляе сабе дом, які павінен стаць выратавальным прыстанкам. Сям’я атрымлівае ў спадчыну раскошны старажытны асабняк ад нядаўна і вельмі загадкава памерлага дзядулі. Можа, настойлівы рыэлтар пераконвае маладых набыць надзвычайны дом за смяхотныя грошы. Не-не, не звяртайце ўвагі на могілкі за акном. Лепш паглядзіце, які тут утульны склеп!

Здаецца, простая і трошкі наіўная завязка – відавочна, не варта купляць кватэру, калі яе сцены ў пырсках крыві, а на люстэрку напісана “Прэч”. Але героі сённяшняга даведніка адчайныя і бясстрашныя, нават блізкасць індзейскіх могілак ім не па чым. Дык што ж такога ў канцэпцыі дома з прывідамі, што прымушае нас адкрываць такія кнігі зноў і зноў?

Пачнём з простага: мы любім пужацца, знаходзячыся ў бяспецы. Любы прагляд фільма жахаў ці чытанне жудаснай кніжкі – гэта “добраахвотнае ўзаемадзеянне з негатыўнымі стымуламі, якія выклікаюць павышанае ўзбуджэнне”. З псіхалагічнага пункту гледжання, гэта дазваляе нам адчуць свой кантроль над сітуацыяй. З біялагічнага – прыліў адрэналіну, эндарфінаў, аксітацына і іншага. Цудоўны спосаб узбадзёрыць любы арганізм!

Сустракаючы небяспеку на старонках кнігі, ці то прывіды дзяўчынак-двайнят, якія заклікаюць нас пагуляць, ці цалкам сабе рэальны званок ад серыйнага забойцы, мы перажываем сітуацыю “бі або бяжы”. Наш мозг прымае сігнал небяспекі, сэрца пачынае біцца часцей, па скуры бягуць мурашкі. Старая добрая абарончая рэакцыя, якая дасталася нам ад пячорных продкаў. І хаця наш арганізм адчувае трывогу і небяспеку, на самой справе мы ўтульна схаваны ад усіх жыццёвых нягод пад пледам. Усе беды там, звонку, а мы – унутры, у сваім прытулку. І вось тут пачынаецца галоўнае адрозненне гісторый пра дамы з прывідамі.

Дом перастае быць бяспечным месцам.

Калі пачвара даганяе вас у цёмным завулку, вы бяжыце хавацца ў сваю кватэру і, замкнуўшы дзверы, нарэшце адчуваеце сябе спакойна. Але што калі монстар ужо ў вашай кватэры? Куды ў такім выпадку бегчы?

Нават калі вы зачыніце кнігу пра дом з прывідамі, трывога не пакіне вас. Цяпер можна атрымаць прыліў адрэналіну нават ад гука акна, якое пляснула на скразняку. Рэзкія гукі, рыпанні і шоргаты, і вось кашмар пераходзіць з кніжных старонак наўпрост у ваша жыццё. У гэтым і ёсць сакрэт прывабнасці гэтага сюжэту.

І зараз самы час здзейсніць невялікае падарожжа па самых вядомых дамах з прывідамі – у літаратуры і... бібліятэцы.

амитивилльский_ужас.jpg

“Амитивильский ужас”, Джэй Энсан. Многія кнігі пра дамы з прывідамі маюць карані ў адносна гістарычных падзеях, і гэтая кніга – самы яскравы прыклад. Гісторыя такая: Рональд Дэфеа забіў сваю сям’ю ў 1974 годзе, за што атрымаў пажыццёвае зняволенне. У тым жа годзе сям’я Латц набыла дом, і ўсяго праз 28 дзён збегла адтуль пасярод ночы. Загадкава? Так. Жахліва? Не тое слова. Можа, рэальная гісторыя і празаічная, але ў кнізе Энсана яна становіцца значна больш змрочнай. Так што за жудасныя стварэнні чакаюць нас у цемры?..

дом_листьев.jpg

“Дом листьев”, Марк Z. Данілеўскі. Скажам шчыра: гэта кніга – унікальны вопыт ва ўсіх сэнсах. Пачынаецца ўсё страшнавата – з дома, які ўнутры больш, чым звонку. Але чым больш вы паглыбляецеся ў гісторыю, тым мацнейшым становіцца пачуццё безвыходнасці, хуткай гібелі, усеагульнага вар’яцтва. Параноя захоплівае з галавой не толькі герояў, але і самога чытача. Данілеўскі робіць гэта па-майстэрску – праз вобразы, гукі і нават вёрстку кнігі. Чытаючы дагары нагамі, лічачы літары ў сказе, выхопліваючы словы з амаль пустой старонкі, прыслухайцеся: хто стаіць за вашай спіной?

маленький_незнакомец.jpg

“Маленький незнакомец”, Сара Уотэрс. Гэты раман бліжэй за ўсіх падабраўся да класічнай готыкі. Асабняк, які прыходзіць у заняпад, невытлумачальныя падзеі, хваробы, вар’яцтва і, вядома ж, неспакойныя прывіды. Сямейства Айрэс з усіх сіл спрабуе наладзіць свой побыт у доме, які павольна гіне, а нешта злавеснае, нешта жахлівае пачынае пераследваць кожнага з іх. І як бы галоўны герой ні спрабаваў знаходзіць усім падзеям рацыянальнае тлумачэнне, праўда заўсёды больш жудасная.

голодный_дом.jpg

“Голодный дом”, Дэвід Мітчал. Цэлая серыя апавяданняў сплятаецца ў агульны змрочны сусвет, займальны і жудасны. Раз у дзевяць гадоў ізгоі, няўдачнікі, “лішнія” людзі атрымліваюць запрашэнне ў сваю мару, якая, варта толькі захацець сысці, ператвараецца ў існы кашмар. Маленькія чорныя дзверы ў доме на Вествуд-роўд, як пастка, з шумам зачыняюцца за спінамі сваіх гасцей. Двайняты Грэйерс рады кожнаму – таму што яны бясконца галодныя.

сияние.jpg

“Сияние”, Стывен Кінг. Так, у кнізе гаворка не зусім пра дом, а пра гатэль “Оверлук”. Тым не менш, менавіта ён стаў новым прыстанкам сямейства Торэнс і – адной з самых жудасных гісторый пра тое, як апантаны прывідамі будынак паступова прымушае вар’яцець сваіх насельнікаў. Ізаляцыя, холад і бітва супраць уласных дэманаў, у якой так і не ўдалося перамагчы. Каханы чалавек, які ператвараецца ў пачвару. І хаця непасрэдная небяспека тут – не прывіды, звышнатуральны бок гатэля “Оверлук” незабыўна ўражвае, а вобраз мёртвых блізнят у блакітных сукенках яшчэ не хутка знікне з вашай памяці.

Калі ваш дом перастане здавацца бяспечным прытулкам, калі ад скрыпу дзвярэй пабягуць мурашкі па скуры, калі паўсюль пачне чуцца шэпт чагосьці злавеснага – бяжыце. Куды? У бібліятэку, вядома! Адзіны прывід у Нацыяналцы – дух нявыкананых кніжных планаў, які вы адназначна пераадолееце.

Паліна ДОЛЯ, крыніца: https://www.nlb.by/by/news/a-tarski-poglyad/bu-davednik-pa-damakh-z-pryvidami-litaratury/

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси