Дарога ў лес даўжынёю ў жыццё ...


Дарога ў лес

У мінскім выдавецтве «Каўчэг» пабачыла свет кніга Фёдара Саевіча «Мая малая радзіма – Белавежская пушча». На 90-годзе свайго жыцця пісьменнік як бы падводзіць вынік, распавядаючы пра сваю малую радзіму і пра сваю дарогу ў лес даўжынёю ў жыццё.

Фёдар Канстанцінавіч Саевіч  – патомны ляснік, лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка, аўтар больш за дзесятак дакументальных кніг, прысвечаных Белавежскай пушчы. Яшчэ ў пачатку 19 стагоддзя ў вёсцы Ясень, у маляўнічых бязлюдных мясцінах, быў лясны кардон, дзе жылі двое леснікоў з сем'ямі, у тым ліку прадзед Фёдара Канстанцінавіча – Саевіч Фёдар  Панфілавіч. Яго дзед Міхась, які таксама працаваў лесніком у Белавежскай пушчы, нарадзіўся тут ў 1848 годзе.

На старонках кнігі аўтар распавядае пра важныя гістарычныя падзеі, якія закранулі і гэты аддалены куток зямлі, яго малую радзіму ... Адмена прыгоннага права, гады калектывізацыі, цяжкія ваенныя і паваенныя часы адбіліся на лёсах землякоў, іх жыццеўладкаванні, надзеях і працоўных буднях. Аўтар распавядае і пра сваіх сучаснікаў, тых, хто праславіў родны край талентамі і дасягненнямі, адроджаных гістарычных помніках, месцах баявой славы, а таксама пра вялікую штодзёную працу тых, хто працягвае плённа працаваць у сённяшніх мірных умовах.

У кнізе размешчаны унікальныя фотаздымкі, гістарычныя даведкі і аўтарскія паэтычныя радкі, напоўненыя самаахвярнай любоўю да нашай багатай непаўторнай прыроды. «За час працы ў Белавежскай пушчы я захаваў тысячы дрэў ад пажараў, лесапарушальнікаў, шкоднікаў лесу і хвароб, а таксама сотні дзікіх жывёл ад браканьераў і драпежнікаў ... Пабудаваў дом, разам з жонкай выгадаваў двух сыноў і дачку якімі па праве магу ганарыцца, – прызнаецца аўтар, і сваім стаўленнем да зямлі, родных і блізкіх людзей ярка паказаў як маленькі чалавек можа з дня ў дзень на сваім кавалку зямлі тварыць вялікія справы, рэалізаваць свае мары, умацоўваць радавыя карані, беражліва перадаючы сваім унукам і праўнукам самае каштоўнае – любоў да Радзімы.

Ад гісторыі да гісторыі аўтар падводзіць чытача да думкі пра стваральную працу, пра тое, што нават нягучнае непрыкметнае здзяйсненне стане моцным звяном у ланцугу агульнай вялікай справы, што няма нічога даражэй цяпла  роднай зямлі.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ