Дык якая ты, “Песня роднай зямлі”?


Дык якая ты, “Песня роднай зямлі”?

13.10.2020                                  Литературная критика


Прынамсі, менавіта зборнікі вершаў зараз даводзіцца перагортваць з нейкай апаскай – літаратуразнаўчай насцярожанасцю. Бо ў паэзіі не так лёгка знайсці новыя словы і вобразы, адшукаць новыя тэмы. І нават вельмі добрыя, моцныя аўтары часам ідуць па звыклым паэтычным сцежкам, і ад гэтага залішне шмат твораў – асабліва пейзажнай і грамадзянскай лірыкі – ператвараюцца ў бясконцыя перапевы Коласа ды Купалы. І хочацца сказаць: так, зварот да класікаў – гэта цудоўна, але што даў літаратуры ты, братка-паэт?

З другога боку – ёсць такія ж бясконцыя эксперыменты з формай твораў (ад верлібраў да чагосьці, што ўвогуле складана класіфікаваць). І тут ужо даводзіцца шукаць сэнс літаральна з рыдлёўкаю – прадзіраючыся скрозь грувасткія метафары, стамляючыся ад колькасці мастацкіх прыёмаў.

Таму, калі ў рукі да крытыка трапляе паэтычны зборнік, які паспяхова пазбег гэтых крайнасцей, які прапаноўвае чытачу разам з класічнай формай – і новыя вобразы, і ўмелае выкарыстанне сродкаў беларускай мовы – гэта, нейкім чынам, невялікае свята. І як раз да такіх кніг належыць “Песня роднай зямлі” Алеся Казекі.

Першае, што прыцягвае позірк, калі пачынаеш гартаць гэты паэтычны зборнік – шматмернасць, шматколернасць, разнастайнасць лірыкі. У параўнальна невялікім зборніку змяшчаюцца і лірыка філасофская (“Скрыжаванні лёсаў”), і вершы грамадзянскай накіраванасці (“Песня роднай зямлі”), і лірычная любоў да Радзімы, увасобленая ў вершаваны радок (“Край буслоў”), і вершаваныя споведзі пра каханне (“Покліч адвечны адвечнага свету…”).

І такімі ж разнастайнымі, разнавобразнымі падаюцца паэмы і паэтычныя апавяданні ў апошнім раздзеле – “Ноч прайшла. Мы будзем жыць”: ад трагічнай, жудаснай гісторыі дзяўчынкі са спаленай вёскі (“Марыйка”), да міфалагічна-народнай “Медуніцы” і вяскова-лірычных “Радоўкі” і “Часа сяўбы”.

Але трэба зазначыць: на гэтым раздзеле давялося першы раз спыніцца і адчуць, што нейкага вобраза не хапае, палітра тут няпоўная. Пацвердзіла гэтае пачуццё назва раздзела: “Ноч прайшла. Мы будзем жыць” – гэта апошні радок з паэмы Алеся Казекі “Шлях”. І менавіта гэтай невялічкай паэмы з яе містычнасцю, вобразамі метафарычнага шляху народа да духоўнага адраджэння і ўзнаўлення, так не хапае напрыканцы зборніка. Крытык можа толькі падгледзець у думкі аўтара і меркаваць, што паэмай “Шлях” зборнік і павінны быў завяршацца (бо тады апошнія радкі зборніка вытанчана замыкаюцца ў кола). Незразумела, чаму “Шлях” не з’явіўся ў кніге, але адсутнасць гэтага тэксту (які шмат разоў гучаў са сцэны і ўжо паспеў заваяваць сімпатыі чытачоў) – досыць адчувальная.

Але і без фінальнага акорда “Шляха” “Песня роднай зямлі” гучыць упэўнена і моцна і знойдзе, чым прыцягнуць увагу чытача.

Перш за ўсё, трэба адзначыць глыбіню прапрацоўкі тэм, якія ўздымае аўтар, іх дасканалае раскрыццё і актуальнасць для чытача сучаснага. Дваістасць натуры чалавека, духоўны шлях творцы, адзінота чалавека ў гэтым свеце, сяброўства і шлях да Бога і святла – вось над чым разважае аўтар, і задае ў сваіх вершах адвечныя пытанні: “Куды ісці?”, “На каго спадзявацца?”, “Ці можна ў наш час не страціць сябе і не здрадзіць сваёй любові да Радзімы?”, “Чаго шукаць і кім быць?”

Трэба адзначыць, што аўтар не толькі ставіць няпростыя пытанні, але і спрабуе знайсці адказы – і пошук ісціны ў ягоным выкананні нязменна вядзе ад змроку і сумненняў, ад дваістасці і варожасці – да суцэльнасці, дабрыні і неба, да чагосьці простага, але па-сапраўднаму значнага.

Дай Божа нам

Ачысціцца ад фарбаў,

Якімі нас расквеціў гэты век,

Каб не шукаць ні знатнасці, ні скарбаў,

А звацца проста – добры чалавек.

Гэты прысмак адвечнасці, не аднадзённасці, чутны нават у тых вершах А. Казекі, якія датычацца канкрэтных сацыяльных з’яў ці гістарычных падзей. Так, у вечнасці застаецца вобраз помніка савецкаму салдату – як сімвал неўміручай памяці, якая павінна перайсці да нашчадкаў, бо

Яна душу Зямлі няспынна раніць,

Не здрадзіць веры ў праўду і не зманіць.

Вытокам існавання мірных раніц

Дае натхненне спраўджвацца ў жыцці.

І з вечнасцю стыкуецца вобраз Марыйкі з аднайменнай паэмы – таму што ён робіцца сімвалам усіх бязвінных ахвяр фашысцкіх катаў. У паэме “Марыйка”, мабыць, больш, чым у іншых вершах паэта лёгка заўважыць намер знайсці нейкае выйсце, адчайны пошук таго, што ўратуе ад варожасці наваколля. І бязвыхаднасць болю дзяўчынкі са спаленай вёскі нездарма пераплаўляецца ў гарачую малітву за сваю зямлю:

Ойча наш!

І на сэрцы цяплее,

І малітва мацнее ў душы,

І заранак жыцця палымнее,

І зліваюцца ў Слове надзеі:

Божа, Людзі Твая зберажы!

Эмацыянальнасць і метафарычная ўзнёсласць асабліва характэрныя да тых твораў Алеся Казекі, якія паэт прысвячае роднай зямлі. Увогуле, раздзел “Край буслоў” можна назваць сэрцам, квінтэсэнцыяй гэтай кнігі. Бо захапляе тая безліч адценняў любові да Айчыны, якія перадае аўтар у гэтым раздзеле.

І чытач, які ідзе поплеч з творцам, таксама праходзіць шлях: ад шчымліва-трывожнага:

Ведаеш, а сёння мне здалося,

Што мяне зусім не засталося,

І крыніца змоўклае душы

Недзе затаілася ў цішы...

− да ўсёахопнай самаадданасці, гатоўнасці зрабіць дзеля роднай зямлі літаральна ўсё − магчымае і немагчымае:

Я хачу аазісам пустыні

Напаіць пяскоў бясконцых плыні,

Чэрствасці людской пустэчу-ляда

Замяніць спагады райскім садам,

Растапіць бяздушнасці каменне

Веры і духоўнасці праменнем,

Знішчыць бед усёй Зямлі прычыны –

Каб мая смяялася Айчына…

Беларусь паўстае перад чытачом рознай: ад вёсачкі ў лесе – да Святой Ефрасінні Полацкай, ад краю буслоў – да вобраза пяшчотнай маці. І любоў лірычнага героя да сваёй зямлі таксама паўстае ў розных адценнях: ад захаплення прыгажосцю роднай краіны – да лірычных успамінаў пра маленства, ад трывогі за лёс зямлі і абурэння на тых, хто здрадзіў ёй, – да імкнення цалкам зліцца з подыхам Радзімы. Мабыць, лепшым чынам пачуцці паэта перадаюць наступныя радкі:

І, напэўна я тут не зраблю адкрыцця,

Я – звяно неўміручага роду,

Што на ніве бясконцага поля жыцця

Беларускім завецца народам.

Трэба адзначыць таксама так званае ідэйнае напаўненне вершаў Алеся Казекі – тыя думкі, што паэт праводзіць у жыццё (бо ў кожнага чалавека ёсць нейкая ідэя, асабліва ў паэтаў). У наш хісткі час, на маё меркаванне, чытач зможа знайсці ў вершах Алеся Казекі якраз тое, да чаго і трэба ісці чалавеку: не вымушаны, шчыры патрыятызм, імкненне да справядлівасці і цэльнасці, памяць аб сваіх каранях, вернасць высновам і урэшце − “шлях да святла” – шлях да паляпшэння самога сябе.

Пры гэтым паэт не крычыць проста ў вуха свайму чытачу: “Ідзі і рабіся патрыётам!” – і вершы Алеся Казекі ні ў якой ступені не падобныя да агітплакатаў – з-за лірычнасці, метафарычнасці, вытанчанасці і маляўнічасці мовы. Некрасаў пісаў, што чалавек можа не быць паэтам, але абавязаны быць грамадзянінам. Творы Алеся Казекі – гэта творы грамадзяніна, які зрабіўся паэтам і не супыніўся на гэтым. Пафас ягоных вершаў – не празмерны, і часта ён пераплецены з глыбокай інтымнасцю, шчымлівай лірычнасцю, так званай душэўнасцю.

І такую ж узважаную пазіцыю можна пабачыць у тым, што датычыцца формы вершаў, стылю, мовы, сродкаў выразнасці. З аднаго боку – сувязь с класічнымі творамі беларускай паэзіі, развіццё вечных тэм беларускіх класікаў, з другога – арыгінальныя метафары, выразныя эпітэты, трапныя параўнанні і “смачныя” рыфмы. І таму вершы здаюцца адначасова знаёмымі і новымі, простымі і элегантнымі, яснымі для чытача – але здольнымі ўтрымаць ягоны погляд.

І, мабыць, такой і павінна быць сапраўдная песня роднай зямлі: адвечнай, блізкай да кожнага, чуллівай і глыбокай, няспыннай у імкненні да святла – і прыгожай.

Ёсць зямля, дзе Анёлы з блакіту прадуць

Пражу дзіўнай красы для нябесных абрусаў.

На зямлі той прыгожай шчасліва жывуць,

Праслаўляючы працай яе, Беларусы!

“Песня роднай зямлі” ва ўсім адпавядае сваёй назве. У ёй кожны знойдзе штосьці цёплае і роднаснае, у ёй яскрава чуецца беларускасць – светлая і крыштальная. І яшчэ: яна прадаўжае гучаць недзе ў неспазнанай глыбіні твайго “Я” нават тады, калі ты ўжо перагарнуў апошнюю старонку.

Алена КІСЕЛЬ