17.09.2020 Новости
На працягу трох дзён 10-12 верасня ў Гомелі, Жыткавічах і Тураве працавалі славянскія пісьменнікі. Прадстаўнікі шэрагу творчых літаратурных саюзаў Беларусі, Расіі і Украіны сустракаліся з чытачамі, прэзентавалі мастацкае слова, а таксама знаёміліся з эканамічным патэнцыялам Гомельшчыны, здзіўляліся і здзіўлялі, а ўстановам культуры і адукацыі дарылі бібліятэчкі кніг.
Дзясяткі літаратурных мерапрыемстваў прайшлі ў межах XV Міжнароднага фестываля-свята "Славянскія літаратурныя дажынкі", II адкрытага міжрэгіянальнага фэсту літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый "На зямлі Кірылы Тураўскага" і 15-годдзя Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Да 100-ГОДДЗЯ АНДРЭЯ МАКАЁНКА
Для кожнага жыхара Беларусі першы тыдзень верасня – асабліва святочны, таму што мы адзначаем вельмі значнае ў нашым духоўным жыцці свята – Дзень беларускага пісьменства. Гомельскія літаратары з 31 жніўня па 10 верасня правялі Дэкаду сучаснай беларускай літаратуры, прысвечаную 100-годдзю свайго земляка, народнага пісьменніка Беларусі А.Я. Макаёнка. Дэкада стартавала творчымі справаздачамі 10 творцаў на чале са старшынёй аддзялення СПБ Уладзімірам Гаўрыловічам у ДУА “Ляскавіцкая сярэдняя школа” (Петрыкаўскі раён): тут літаратары правялі адразу дзве творчыя сустрэчы з чытачамі. Найперш выступілі з літаратурна-музычнай праграмай “Журавы на Палессе ляцяць”. Таксама на сваёй роднай зямлі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч (ураджэнец турава-жыткавіцкага краю) правёў двухгадзінную прэзентацыю сваіх твораў “Палессе – мая малая Радзіма”.
З вельмі цікавай творчай справаздачай ужо другая група гомельскіх літаратараў – лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага – вельмі ярка і запамінальна выступіла ў Бялынічах, на Дні беларускага пісьменства…
Звыш трыццаці пісьменнікаў Гомельшчыны славілі імя свайго земляка Андрэя Макаёнка, прэзентавалі творы пісьменнікаў-землякоў і свае ўласныя ва ўстановах адукацыі, культуры вобласці. Напрыклад, празаік Валянціна Кадзетава правяла творчую сустрэчу з вучнямі Новамаркавіцкай школы Жлобінскага раёна, а ў Цэнтры Інклюзіўнай культуры ў Гомелі творчы вечар правяла паэтэса Дар’я Дарошка. З мэтай паглыблення ведаў вучняў пра гістарычны шлях пісьменства і друку на літаратуренае свята да будучых выратавальнікаў ў Ліцэй МНС завітаў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Гаўрыловіч…
.jpg)
Усе творцы падчас Дэкады сучаснай літаратуры даносілі да юнага і дарослага чытача, што мы павінны ведаць сваю гісторыю, культуру, мастацтва, і, зразумела, чытаць творы класікаў і сучаснікаў, бо ў гэтым – аснова нашай чалавечай годнасці, з гэтага пачынаецца клопат пра дзяржаву, пра яе культуру, маральнасць і духоўнасць.
XV-ТЫ. МІЖНАРОТНЫ. СТАРТ
Бадай што, сёлета быў адзін з самых яркіх і запамінальных фестываляў-свят “Славянскія літаратурныя дажынкі”, ініцыятарам і арганізатарам якіх з’яўляецца Уладзімір Гаўрыловіч. Звыш дзясятка творчых акцый адбыліся ў розных кропках горада над Сожам 10 верасня.
З самага ранку на галоўнай пляцоўцы свята – у грамадска-культурным цэнтры – літаральна завіхурыла літаратурнае жыццё. У філіяле абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна “Славянская бібліятэка” адкрыўся IV Форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова”. 50 фіналістаў міжнароднага літаратурнага конкурсу “Маё слова” прывітаў Уладзімір Гаўрыловіч, затым на чатырох творчых пляцоўках майстар-класы для іх правялі вядомыя гомельскія творцы Васіль Ткачоў і Міхась Болсун, Тамара Кручэнка і Іна Зарэцкая, іншыя пісьменнікі.
У гэты ж час на першым паверсе ГКЦ распачыналася свята Слова і Кнігі. Пісьменнікі чыталі вершы, музыкі спявалі, а абласная бібліятэка і бібліятэкі Гомельскага, Мазырскага, Добрушскага, Рагачоўскага, Лоеўскага, Чачэрскага, Калінкавіцкага, Хойніцкага раёнаў і горада Гомеля прэзентавалі інтэрактыўныя выстаўныя пляцоўкі, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў-землякоў. Так, для гасцей свята – усіх чытачоў Гомеля, а таксама ганаровых гасцей з-за мяжы Бедарусі прадстаўлены выставачныя праекты "З любоўю да Гомельшчыны", "Літаратурны музей народных пісьменнікаў Беларусі, выхадцаў Гомельшчыны", выставы "Гомельшчына літаратурная", "Лаўрэаты прэміі імя Кірылы Тураўскага", "Берагі сяброўства"… Тут можна было персанальна сустрэцца і нават… пагутарыць з Іванам Шамякіным, з Максімам Багдановічам, класікамі беларускай, рускай, украінскай літаратур, якія размясціліся на ўваходзе ў прасторную залу за імправізаваным рабочым сталом, а іх ролі выконвалі супрацоўнікі бібліятэк Гомельскага раёна.
.jpg)
Адначасова ў канферэнц-зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны адбылася сустрэча-канферэнцыя ўдзельнікаў мерапрыемстваў – лідараў пісьменніцкіх арганізацый Беларусі, Расіі і Украіны – з кіраўніцтвам вядучай вышэйшай навучальнай установы Гомельшчыны, студэнтамі і выкладчыкамі філфака. З прывітальным словам выступіў рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Хахомаў. Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, прадстаўнікі літаратурных арганізацый Расіі і Украіны дзяліліся з прысутнымі сваімі творчымі здабыткамі, чыталі вершы, абмяркоўвалі перспектывы развіцця літаратуры ў сучасным грамадстве ў нашых трох краінах. Удзелькі сустрэчы аднадушна падтрымалі ініцыятыву члена-карэспандэнта НАН Рэспублікі Беларусь доктара фізіка-матэматычных навук А.М. Сердзюкова і загадчыка кафедры беларускай літаратуры доктара філалагічных навук І.Ф. Штэйнера ўсталяваць каля корпуса ўніверсітэта ці ў зялёным скверы насупраць помнікі вядомаму беларускаму пісьменніку Янку Маўру і яго сыну Фёдару Іванавічу Фёдараву, заснавальніку беларускай школы тэарэтычнай фізікі, а таксама падтрымалі прапанову стварэння Літаратурнага скверу па вуліцы Ландышава, што якраз насупраць філфака ўніверсітэта. За падтрымкай у рэалізацыі праекта “фізікі і лірыкі” мяркуюць разам звяртацца да органаў мясцовай улады – такая была прынята сумесная рэзалюцыя канферэнцыі.
А НА ГАЛОЎНАЙ ПЛЯЦОЎЦЫ…
бурліла прэзентацыйнае жыццё. 40 кніг выдалі пісьменнікі-гамяльчане сёлета, і яны былі прадстаўлены на галоўнай фестывальнай сцэне. З прэзентацыямі выступілі, напрыклад, паэты Лідзія Долбікава і Лілія Вялічка, празаікі Васіль Ткачоў і Міхаіл Дзедавец, Аляксандр Джад, Тамара Кручэнка, Валерый Вятошкін і іншыя, у выкананні спевака і кампазітара Віктара Задарожнага, артыста тэатра і кіно, пісьменніка Аляксея бычкова гучалі песні на словы гомельскіх творцаў. На сцэне, якая ні хвіліну не змаўкала ўвесь дзень, выступалі і фіналісты 14 абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прэзентавалі новыя кнігі лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага.
А расійскія і ўкраінскія госці ў гэты час былі вельмі ўражаны ўбачаным на кандытарскай фабрыцы “Спартак” – перадавым прадпрыемствам нашай краіны. З караваем і песнямі іх сустракалі як самых дарагіх гасцей на ганку Грамадска-культурнага цэнтра, а затым усе разам – пісьменнікі трох краін і чытачы горада над Сожам – адкрылі фестываль.
Адкрыццё было сімвалічным. На галоўнай пляцоўцы кіраўнік дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Расіі, сакратар, генаральны дырэктар Саюза пісьменнікаў Расіі Васіль Дварцоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Украіны Анатоль Міроненка і старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч запалілі тры свечкі – у знак дружбы, веры і дабрыні. Гэтай традыцыі таксама пятнаццаць гадоў, адзначылі яны і павіншавалі ўсіх прысутных з фестывалем, які аб’ядноўвае славян.
І вось чытачы, а таксама больш 200 прафесійных літаратараў, маладых творцаў і аматараў мастацтва слова ў поўным сэнсе слова акунуліся ў насычанае фэставае жыццё. У праграме - шматлікія творчыя сустрэчы, прэзентацыі, выставы, аўтограф-сесіі, майстар-класы…
Так, на галоўнай пляцоўцы амаль гадзіну ішла прэзентацыя ганаровага госця “Славянскіх літаратурных дажынак” – Міжнароднага фестывалю маладзёжнай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы”, пуцёўку ў жыццё якому і далі гомельскія літдажынкі больш пяці гадоў таму. Генеральны дырэктар фестывалю “Берагі дружбы”, паэт Леанід Север і Прэзідэнт форуму Васіль Дварцоў уручылі дыплом аб прысуджэнні Гран-пры конкурсу гамяльчанцы Стасі Кацюргіной, а таксама ўзнагароды фіналістам: выдадзеныя кнігі і нават памятныя медалі па выніках прайшоўшага летам на Растоўшчыне фестывалю. Самым хвалюючым момантам стала ўручэнне кнігі “Незабыўнае” (пераклады з беларускай мовы на рускую твораў гомельскага паэта Алеся Дуброўскага, які пайшоў з жыцця ў 2014 годзе) яго сям’і, жонцы паэта Вользе Дуброўскай і яго ўнучкам.
Папераменна на галоўнай пляцоўцы гучалі беларускае, рускае і ўкраінскае слова. Чыталі свае вершы і прэзентавалі новыя кнігі беларускія паэты Алесь Казека з Магілёва, Дзмітрый Радзівончык з Гродна, Васіль Дварцоў з Масквы, Вадзім Цярохін з Калугі, Святлана Макарава-Грыцэнка з Краснадара, Людміла Ашэка, Аляксандр Дзівінскі, Алена Лявонава з Бранска, Анатоль Міроненка, Таццяна Данільчанка і Сяргей Канаваленка з Кіева, Сумской і Чарнігаўскай вобласці, Леанід Север, Вольга Звягіна з Растоўскай вобласц. А галоўны рэдактар газеты “Кубанскі пісьменнік”, старшыня Краснадарскай пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі ажыццявіла прэзентацыю свайго выдання – цалкам чэрвеньскі нумар прысвечаны пісьменнікам-гамяльчанам…
Па блаславенню Высокапрыасвяшчэннага Стэфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага, адбылася прэзентацыя кнігі “Летапіс Гомельскай епархіі”, прысвечанай 95-годдзю стварэння і 30-годдзю аднаўлення епархіі. Старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі протаірэй Арцемій Крывіцкі прэзентаваў гэтае ўнікальнае выданне чытачам.
Сёлета ў Гомельскай вобласці прайшло сем літаратурных конкурсаў, у якіх удзельнічалі больш 2 тыс. пачынаючых аўтараў і аматараў творчасці. "А гэта значыць, што на радзіме Кірылы Тураўскага і шматлікіх народных пісьменнікаў Беларусі ёсць добрыя магчымасці для рэалізацыі творчага патэнцыялу", - рэзюмаваў Уладзімір Гаўрыловіч. “Трэба заўважыць, што ў ліку знойдзеных і адкрытых талентаў – і вучні, і настаўнікі, і медработнікі, працаўнікі сельгасвытворчасці, і нават аператар кацельні. Вядома, не ўсе яны стануць сапраўднымі пісьменнікамі, галоўнае, што яны нераўнадушныя да мастацкага слова людзі. Гэта, бадай што, самае важнае,” – падкрэсліў арганізатар свята. Ён ўручыў фіналістам форуму маладых літаратараў заслужаныя ўзнагароды за перамогу ў творчых спаборніцтвах, а ў якасці падарункаў былі кнігі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага.
У ГОНАР ПІСЬМЕННІКА І ЯГО ПРАЦЫ
Напрыканцы першага дня працы фестывалю адбылася яшчэ адна знакавая падзея – урачысты сход з нагоды 15-годдзя аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзел у якім прыняло кіраўніцтва вобласці і горада, духавенства, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый рэгіёна.
Цёпла вітаў удзельнікаў юбілейнага літаратурнага фестывалю намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Ён павіншаваў літаратараў са святам, падзякаваў іх за адданасць творчай справе. "Гомельская зямля заўсёды славілася талентамі. Пісьменніцкая сям'я заўсёды ў пошуках свайго асаблівага, уносіць унёсак у захаванне традыцый і роднай мовы. Упэўнены, што межы і жанры конкурсаў і фэстаў будуць толькі пашырацца ў далейшым", - сказаў ён.
Аўтараў, чые творы прызнаны лепшымі ў розных жанрах у творчым конкурсе рукапісаў “Літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага”, таксама ўшанавалі ў канферэнц-зале ГКЦ. Так, у намінацыі "Драматургія" ўпэўненую перамогу атрымаў член СПБ, вядучы акцёр абласнога драматычнага тэатра, рэжысёр і драматург, аўтар шматлікіх складанак п'ес, якія былі пастаўлены ў тэатрах краіны, Аляксей Бычкоў. Ён прадставіў на конкурс новыя творы "І не забудзься пра мяне" і "Букет для Папялушкі". У ліку лепшых і малады аўтар, член СПБ Дар'я Дорошка. Па адзнацы прафесіяналаў, вершы паэткі вельмі кранальныя. Яна страціла зрок, аднак працягнула развівацца ў паэзіі, шукала сваё. І нарэшце прызнана лепшай у намінацыі "Паэзія" за лірычны зборнік "Ні пры чым”. Лепшай у намінацыі "Дзіцячая літаратура" стала празаік і паэтка Іна Зарэцкая са сваёй повесцю "Планетай двоечнікаў". Гэта фантастычная аповесць для дзяцей і падлеткаў паднімае прэстыж прафесіі настаўніка, вучыць бескарыслівай дапамозе, сяброўству і ўзаемапавазе. Прэмію ў намінацыі "Літаратурная публіцыстыка і крытыка" атрымала член СПБ Наталля Шэмяткова, адзначаны рукапіс яе новай кнігі "Свет стане большым”. У намінацыі "Проза" перамога дасталася Ўладзіміру Гаўрылавічу. 75-годдзю Вялікай Перамогі ён прысвяціў аповесць "Святая Параскева", якая і дала назву будучай кнізе. Літаратурным "Адкрыццём года" стала Майя Галіцкая. Настаўнік рускай мовы і літаратуры Недойской сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна прадставіла на конкурс рукапісаў цыкл аповядаў "Вобразы". Майя Галіцкая не раз перамагала ў розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Зараз яна яшчэ і ўладальніца сваёй першай кнігі прозы, выдадзенай па выніку прэстыжнага конкурсу.
Упершыню на ўрачыстаці Уладзімір Гаўрыловіч ўручыў Міжнародныя літаратурныя прэміі імя Кірылы Тураўскага з першымі медалямі “Кірыла Тураўскі. Асветнік”, заснаваныя Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў пісьменнікаў Беларусі. Гэтай высокаў узнагародай адзначаны г. Тураў і Жыткавіцкі раён, г. Гомель, Краснадарская краявая пісьменніцкая арганізацыя Саюза пісьменнікаў Расіі, згуртаванне аўтаноміі беларусаў Няклінаўскага Раёна Растоўскай вобласці, абласная бібліятэка імя У.І. Леніна і персанальна кіраўнік абласнога аддзялення Фонду Міру Цімафей Глушакоў.
Прыемныя сюрпрызы чакалі і літаратараў-гамяльчан. Ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека ім ўручыў граматы, ад імя Саюза пісьменнікаў Расіі Васіль Дварцоў уручыў аддзяленню СПБ залаты медаль М.Шолахава, ад імя Саюза пісьменнікаў Украіны – медаль “За вернасць слову” абласной пісьменніцкай арганізацыі.
Ад імя Уладыкі Стэфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага протаірэй Арцемій Крывіцкі уручыў медалі святога праведнага Іаана Кармянскага і прыпадобнай Манефы Гомельскай, а таксама арзіерэйскія граматы за значны ўклад у папулярызацыю мастацкай і праваслаўнай кнігі і выхаванне падрастаючага пакалення ўсім пісьменнікам, хто на працягу многіх гадоў асабліва актыўна працаваў у гэтым накірунку. Таксама ён уручыў дыпломы і памятныя падарункі пераможцам абласнога конкурсу “Праваслаўе – мая надзея”, які больш пяці гадоў сумесна арганізоўваюць Гомельская епархія і абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Для ўдзельнікаў урачыстасці гучалі словы віншаванняў і падзякі за ўклад у развіццё літаратуры, былі выкананы музычныя нумары творчымі калектывамі Гомеля.
СВЯТА ДОЎЖЫЛАСЯ…
Шматлікія творчыя сустрэчы, прэзентацыі, выставы, аўтограф-сесіі, майстар-класы адбыліся 11 і 12 верасня верасня ў рамках новага форуму – II адкрытага міжрэгіянальнага фэсту літаратуры, культуры, мастацтвы і народных традыцый "На зямлі Кірылы Тураўскага" (новая ініцыятыва кіраўніка абласной пісьменніцкай арганізацыі, падтрыманая Жыткавіцкім рвйвыканкамам і Тураўскім гарвыканкамама), і свяце горада Гомеля, у межах якіх адбыліся круглыя сталы аб падтрымцы творчай моладзі, а таксама падпісаны дагаворы аб творчым супрацоўніцтве Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і Краснадарскай краявой пісьменніцкай арганізацыяй, Калужскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Расіі.
Славянскія пісьменнікі, якія на працягу трох дзён правацалі ў Гомелі, Тураве і Жыткавічах, заявілі, што і надалей будуць прыкладаць намаганні, каб повязь самых блізкіх культур і літаратур, нашых народаў ніхто не змог разарваць, як бы гэтага каму не хацелася.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ
На здымках: у час фестывальных дзён
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


