Межы сусвету і жанру


Межы сусвету і жанру

25.09.2020                                        Литературный мир


Сярод літаратурных жанраў вылучаюцца тыя, што аб’ядноўваюць творы са своеасаблівым поглядам на рэчаіснасць. Творы, што займаюць для свайго дзеяння памежную прастору — паміж рэальнасцю і вымыслам, стварэннем уласнага сусвету і адлюстраваннем існага. Самы папулярны прыём для стварэння такога памежжа — змяніць не прастору, а час — перанесці дзеянне ў нявызначаную тэхналагічную будучыню. Хаця насамрэч будучыня — не абавязковы маркер для твораў навуковай фантастыкі. Галоўнае, па чым мы вызначаем гэты жанр, — менавіта неверагодныя, выдуманыя вынаходніцтвы і адкрыцці ў розных сферах навукі — не толькі тых, што тычацца тэхналогій, але і поглядаў на светабудову, кшталту кантактаў з іншапланетнымі цывілізацыямі.

Звесткі пра ўзнікненне тэрміна «навуковая фантастыка» ў рускамоўнай прасторы разыходзяцца: ад 1894 да 1914 гадоў. Лічыцца, што жанр стаў адным з прадуктаў прамысловай рэвалюцыі ХІХ стагоддзя і першапачаткова быў прызваны апісваць яе дасягненні, цяперашнія і будучыя. Навуковая фантастыка за некалькі дзесяцігоддзяў прайшла шлях ад утопій, што адлюстроўвалі надзеі на будучыню, да антыўтопій, якія канцэнтруюць і выяўляюць трывогу за гэтую будучыню. Следам за захапленнем з’явілася заканамернае пытанне: куды прагрэс можа прывесці чалавецтва? Найбольшая хваля пытанняў абрынулася на чытачоў усяго свету з  твораў самых вядомых амерыканскіх фантастаў ХХ стагоддзя. Адны з галоўных імёнаў у гэтым шэрагу — Рэй Брэдберы і  Айзек Азімаў. У абодвух аўтараў сёлета 100-гадовыя юбілеі.

Бліскучая пісьменніцкая кар’ера Рэя Брэдберы працягвалася больш чым 70 гадоў. Апошні яго раман пабачыў свет у 2006 годзе, а апошняе апавяданне апублікавана ў 2010-м. Вынікамі гэтай шматгадовай працы стала безліч твораў, якія закранулі ледзь не ўсе магчымыя жанры, роды і віды літаратуры. Ні адзін інтэрнэтны спіс «кніг, якія павінен прачытаць кожны» не абыходзіцца хаця б без аднаго рамана Брэдберы. Ён вырашыў стаць пісьменнікам у дваццаць гадоў. У дзевятнаццаць не змог паступіць у  каледж і пачаў хадзіць у бібліятэку. «У 27 гадоў я скончыў бібліятэку»,  — гаварыў пісьменнік. У 1937-м далучыўся да аб’яднання маладых пісьменнікаў «Ліга навуковых фантастаў» і пачаў друкаваць свае апавяданні ў танных часопісах. Гэта быў пачатак шляху, па якім навуковая фантастыка ў масавай свядомасці паступова пераходзіла з катэгорыі «таннага, бульварнага чытва» на пазіцыі аднаго з самых складаных і запатрабаваных жанраў сусветнага мастацтва.

Самая вядомая кніга Брэдберы — «451 градус па Фарынгейту» — змрочная антыўтопія пра свет, у якім не проста поўнасцю замянілі кнігі на больш простыя спосабы абстрагавання ад рэальнасці. Іх спальваюць. Гэтая кніга — увасабленне найгоршага сцэнарыя для Брэдберы, чыё пісьменніцкае і ў нечым асобаснае станаўленне адбывалася ў бібліятэцы. Раман быў напісаны ўсяго за дзевяць дзён і таксама ў бібліятэцы, на арандаванай друкарскай машынцы. Цяпер гэтая кніга — ледзь не галоўны твор пра месца сапраўднага мастацтва і літаратуры ў тэхналагічным свеце, што імкнецца да максімальнага спрашчэння.

Другая кніга, якую не менш часта можна сустрэць у якасці «маст-рыда» Брэдберы, — «Віно з дзьмухаўцоў». Вылучаецца яна тым, што непасрэднай і звыклай фантастыкі там няма. Гэта часткова аўтабіяграфічны раман, у якім галоўнае месца займаюць абвостраныя дзіцячыя пачуцці і ўспрыманне рэчаіснасці.

Таксама не губляе сваёй запатрабаванасці і першая, дэбютная работа Рэя Брэдберы — «Марсіянскія хронікі». Тут адлюстраваўся ўплыў Эдгара Бероўза, творамі якога пісьменнік захапляўся ў падлеткавым узросце і нават спрабаваў напісаць працяг да рамана «Вялікі воін Марса». «Марсіянскія хронікі» пабудаваны як цыкл апавяданняў, прысвечаных стварэнню чалавекам утапічнай цывілізацыі. У  класічным фантастычным сюжэце прасочваюцца алюзіі на праблемы планеты Зямля.

Айзек Азімаў — адзін з найбольш значных аўтараў у станаўленні навуковай фантастыкі як жанру. Нават тыя, хто ніколі не чытаў яго кнігі, ведаюць Азімава як пісьменніка, які ўвёў у слоўнікі тэрміны «робататэхніка», «пазітронны», «псіхагісторыя». Першыя пісьменніцкія спробы пачаліся ў адзінаццаць гадоў. Першая публікацыя адбылася ў 1939 годзе, а яшчэ праз два гады апублікавана яго апавяданне «Прыход ночы», што і прынесла аўтару шырокую вядомасць. Апавяданне было прысвечана планеце ў сістэме шасці зорак, дзе ноч наступае раз на 2049 гадоў.

Найбольш запамінальны твор Азімава — зборнік апавяданняў «Я,  робат», апублікаваны ў 1950 годзе. Галоўная асаблівасць як зборніка, так і ўсёй творчасці пісьменніка заключаецца ў тым, што робаты Азімава паўстаюць не пагрозай для чалавецтва, а не менш разумнымі паплечнікамі. Яшчэ ў 1940-я пісьменнік сфармуляваў так званыя тры законы робататэхнікі, адпаведна якім робат не можа прычыняць шкоду чалавеку або дапускаць гэта бяздзеяннем, павінен выконваць загады чалавека, пакуль яны не супярэчаць першаму закону, і  клапаціцца пра сваю бяспеку, пакуль гэта не супярэчыць першым двум законам. Гэтыя прынцыпы знайшлі адлюстраванне і асэнсаванне не толькі ў многіх творах Азімава, але і ў творчасці іншых пісьменнікаў-фантастаў.

З 1958 года Айзек Азімаў адышоў ад мастацкай літаратуры і пачаў больш актыўна пісаць навукова-папулярныя кнігі ў абсалютна розных сферах: яго творчасць закранула хімію, астраномію, рэлігіязнаўства і іншае. Аўтар прытрымліваўся пазіцыі навуковага скептыцызму і крытыкаваў псеўданавуку. У 1980-м ён вярнуўся да мастацкай літаратуры, працягнуўшы цыкл раманаў «Заснаванне» і аб’яднаўшы яго ў адзіны сусвет з  больш раннімі апавяданнямі пра робатаў. Сваімі любімымі апавяданнямі пісьменнік лічыў «Апошняе пытанне», «Двухсотгадовага чалавека» і «Непрыгожага хлопчыка», а самым любімым раманам — «Самі багі». У  рамане апісваецца кантакт чалавецтва з паралельным сусветам, у якім законы фізікі працуюць значна адрозна ад нашага сусвету, а цывілізацыю ўтварыла раса трохполых істот. Раман складаецца з трох частах, назвы якіх утвараюць фразу «Супраць глупства самі багі змагацца бяссільныя» з драмы «Арлеанская дзева» Фрыдрыха Шылера. Многія, як і сам аўтар, лічаць геніяльным апісанне псіхалогіі негуманоіднай цывілізацыі ў рамане.

Насамрэч, умоўных паджанраў навуковай фантастыкі вельмі шмат, яны падзяляюцца ў залежнасці ад сваёй сюжэтнай дамінанты. «Цвёрдай» навуковай фантастыкай называюць першапачатковы паджанр, у  якім сюжэт заснаваны на пэўным навуковым дапушчэнні — адкрыцці або вынаходніцтве, якое адбываецца на фоне дакладнага следавання ўсім навуковым законам, вядомым на момант напісання кнігі. Сацыяльная навуковая фантастыка, як зразумела, прысвечана даследаванню чалавечага грамадства ў пэўных абставінах, так званы «сацыяльны эксперымент на паперы». Хронафантастыка распавядае пра вандроўкі ў часе. Альтэрнатыўна-гістарычная фантастыка блізкая, але, як зноў жа зразумела з назвы, апісвае свет, у якім пэўная ключавая гістарычная падзея разгарнулася па-іншаму. Таксама даволі блізкія паджанры  — гэта апісанні апакаліпсіса або постапакаліпсіса і  ўтопіі або антыўтопіі. Вялікая катастрофа і мадэляванне ідэальнага або, наадварот, пачварнага грамадства нярэдка звязаны прычынна-выніковымі сувязямі. Напэўна, найбольш папулярнымі паджанрамі ў сучаснай культуры, асабліва візуальнай, з’яўляюцца кіберпанк і стымпанк. Першы разглядае ўздзеянне на грамадства новых тэхналогій, асабліва электронікі, камп’ютараў. Тут часта ўздымаюцца пытанні штучнага інтэлекту. Другі, наадварот, увасабляе фантазіі пра грамадства, якое пайшло іншым тэхналагічным шляхам, напрыклад, удасканалення паравога рухавіка і складанай механікі.

Карта сучаснай навуковай фантастыкі моцна пашыраная за кошт кінематографа і камп’ютарных гульняў. Здаецца, чыста літаратурная фантастыка ледзь не цалкам саступіла візуальным мастацтвам, што натуральна, бо сённяшнія тэхналагічныя дасягненні дазваляюць не толькі ўяўляць, але і  бачыць усе неверагодныя навуковыя дапушчэнні, што з’явіліся ў розумах аўтараў. Але сацыяльныя і філасофскія пытанні  — хто мы і куды ідзём? што чакае нас за кожным адкрыццем?  — не губляюць актуальнасці. Мастацтва паступова разбурае межы жанраў, і следам за імі разбураюцца межы і паміж мэтамі мастацтва — прадказаць, асэнсаваць, перасцерагчы, задумацца, вызначыць.

Ганна ІВАНОВА

"Літаратура і мастацтва"