Тутэйшыя і не толькі


Канал «Культура» Беларускага радыё запрашае слухаць літаратурна-мастацкія і пазнавальныя праекты

11.09.2020                                        Литературный мир


Публіцыстычныя праекты выхаднога дня «Кнігалюбу» і «Запрашаем у кнігарню» пазнаёмяць з літаратурнымі падзеямі, кніжнымі навінкамі і аглядам «ЛіМа». У нядзелю ў радыёверсіі праграмы «Суразмоўцы» слухайце гутарку пісьменніка, публіцыста і журналіста Навума Гальпяровіча з кандыдатам філалагічных навук, літаратурным крытыкам Ірынай Шаўляковай-Баразенка.

У «Літаратурнай анталогіі» з панядзелка да пятніцы агучваюцца старонкі раманаў Людмілы Рублеўскай пра авантуры Пранціша Вырвіча, у «Радыёбібліятэцы» — твора Франсуазы Саган «Крыху сонца ў халоднай вадзе». «Літаратурныя гісторыі» ў  выхадныя ў вячэрні час прапануюць апавяданні беларускіх і замежных аўтараў.

У межах праграмы «Радыётэатр. Лепшае» ў суботу прагучаць заключныя дзеі радыёверсіі спектакля Купалаўскага тэатра «Тутэйшыя» паводле п’есы Янкі Купалы. Нядзельным вечарам прыхільнікаў тэатра перад мікрафонам чакае першая частка радыёспектакля «Гульня ў джын» паводле Дональда Кобурна.

Штовечар а 21 гадзіне для маленькіх слухачоў на «Культуры» выходзіць «Вячэрняя казка», а па буднях у праекце «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» гучаць старонкі кнігі Янкі Маўра «ТВТ».

Падрабязны расклад перадач даступны на сайце www.radiokultura.by

"Літаратура і мастацтва"