Мова – гэта аснова


Мова – гэта аснова

11.03.2017                             Новости 


У рэспубліканскай акцыі “Роднае слова – магутнае слова”, якая прайшла ў міжнародны Дзень роднай мовы ў кнігарнях краіны 21 лютага па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі і ААТ “Белкніга”, актыўны ўдзел прынялі пісьменнікі Гомельшчыны. 


Разам з тым, гаворка літаратараў  з чытачамі ў гэты дзень часам выходзіла за межы кнігарань. Як гэта адбылося, напрыклад,  у старажытным Мазыры – былым адміністрацыйным цэнтры Палескай вобласці. Сюды  з творчай справаздачай ў Міжнародны дзень роднай мовы накіраваўся празаік і публіцыст, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.

 

Шмат чытачоў і патэнцыяльных пакупнікоў прыйшло а 15-й гадзіне ў цэнтральную кнігарню “Светач”.  Тут прайшла дасціпная размова пра родную зямлю і яе надзвычай багатую гісторыю, пра важнасць ведання, захавання і паўсядзённага выкарыстання беларусамі сваёй роднай мовы, што, па сутнасці, і робіць беларусаў беларусамі. Палессе – унікальны, адметны край рэспублікі як па сваёй культуры, па традыцыях. Невыпадкова пісьменнік прызываў чытачоў берагчы сваю адметнасць, годна адносіцца да спадчыны, перададзенай нам прадзедамі.

Ул. Гаўрыловіч распавёў чытачам аб літарататурных набытках  пісьменнікаў Гомельшчыны, аб тэматычнай і разнажанравай скіраванасці твораў літаратараў Палесся, створаных імі за апошнія гады,  паведаміў аб вялікай грамадскай дзейнасці творцаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, аддзяленя СПБ, іх жаданні аказаць уплыў найперш на дзяцей і моладзь, каб не была імі згублена цяга да чытання і знаёмства з якаснай мастацкай літаратурай, якая, хоць і выходзіць невялікімі тыражамі, але яна ўсё ж ёсць.

Па просьбе чытачоў вядомы літаратар падзяліўся і сваімі творчымі набыткамі. Так, у кнігарні кожны жадаючы мог набыць кнігу прозы палескага аўтара – “ Анёлак мой, Анёлак…” і тут жа атрымаць аўтограф на памяць ад пісьменніка.

Празаік расказаў, што падзеі ў рамане “Забранае шчасце” – галоўным творы, змешчаным у гэтай кнізе, – геаграфічна і часава звязаны з перыядам  існаваннея Палескай вобласці, турава-жыткавіцкім краем, дзе, дарэчы, і нарадзіўся  Ул. Гаўрыловіч. Ён пазнаёміў чытачоў з сюжэтам рамана, у якім, дарэчы, як мастак слова, адлюстраваў жыццё і быт, каханне і здраду, надзею і веру палешукоў, трагізм 30-х гадоў ХХ стагоддзя ў палескай глыбінцы. Гэтаксама паведаміў, што праз дзесяць гадоў пасля з’яўлення твора ў друку, узяўся за яго працяг. Новы раман будзе насіць назву “Палешукі”, і, магчыма, завяршыцца справа не дылогіяй, а трылогіяй – асобныя героі “дажывуць” да 21 стагоддзя…

Ул. Гаўрыловіч хораша гаварыў аб супрацоўніцтве Гомельскага аддзялення ГА “СПБ” з мазырскай друкарняй “Калор”, дзе і сам надрукаваў свае першыя кнігі, адсюль “родам” многія кнігі і іншых пісьменнікаў Палесся.

Вялікую цікавасць у чытачоў выклікала прэзентацыя  па-сутнасці ўнікальнага выдання, якое выйшла ў 2016 годзе ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” – кнігі-альбома “Тураўская рапсодыя”. Па просьбе выдавецтва Ул. Гаўрыловіч у ёй выступіў асноўным аўтарам, публіцыстам, падрыхтаваўшы яркі нарыс аб Тураве ад старажытнасці да сённяшняга дня.

Прыемна, што на сустрэчу з пісьменнікам у кнігарню прыйшлі землякі літаратара з Жыткавіцкага раёна, а дакладна з вёскі Хільчыцы – Лізавета і Іван Шрубы: яны выказалі літаратару падзяку за творчасць, прапаганду мовы, традыцый, культуры Бацькаўшчыны ў сваіх творах.

Чытачы набывалі кнігі і з удзячнасцю атрымалі аўтографы ад пісьменніка-земляка, які па-сутнасці  творча, біяграфічна і нават сямейнымі сувязямі звязаны з гэтай зямлёй – Калінкавіцкім і Мазырскім раёнамі (тут жыве нямала яго родзічаў).

Прыйшоў на творчую сустрэчу з літаратарам і мясцовы паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі  Аляксандр Каляда, які паэтычным словам хораша завяршыў па-сапраўднаму цёплую сустрэчу-прэзентацыю годнага літаратара ў мазырскай кнігарні.

А на доўгую памяць многія чытачы і пакупнікі папрасілі сфатаграфавацца з  пісьменнікамі і запрасілі Ул. Гаўрыловіча  яшчэ наведаць гандлёвую кропку: з надзеяй, што на яе паліцах хутка з’явіцца новы раман таленавітага палешука, які, дарэчы, сёлета адзначыць свой залаты юбілей.

Завяршаючы сустрэчу, Ул. Гаўрыловіч падкрэсліў, што вельмі вялікія духоўныя скрэпы звязваюць яго з гэтай зямлёй, таму некалькі разоў ініцыяваў, каб у маляўнічай сталіцы Палесся ў апошнія гады прыйшлі шэраг творчых семінараў літаратараў не толькі Беларусі, але і СНД, і такая праца, сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі, грамадскімі, творчымі структурамі, абавязкова будзе працягвацца.

“Важна каб вы, палешукі, бераглі і развівалі тое, чым багаты: гісторыю, культуру, традыцыі, і, зразумела, не цураліся сваёй  роднай мовы, бо згубіўшы гэты  свой “генетычны код”, адрадзіць яго будзе няпроста… ” – падкрэсліў ён.

***

У Міжнародны дзень роднай мовы было яшчэ некалькі творчых сустрэч пісьменніка з чытачамі Мазыра.  Як юныя, так і дарослыя аматары чытання прыйшлі на літаратурны вечар “Жыццё, багатае творчасцю…”  у гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна.

Пісьменнік пажадаў  ім  берагчы родную мову як самы каштоўны скарб, расказаў аб уласнай творчай лабараторыі, згадаў аб набытках сваіх калегах па творчай сям’і – Гомельскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, якое ўзначальвае з моманту стварэння з 2005 года.

Зразумела, чытачоў цікавіла найперш асабістая творчая дзейнасць аўтара, таму Ул. Гаўрыловіч коратка спыніўся на кожнай з 16 яго кніг, асаблівую ўвагу надаўшы знакавым творам – раманам “Забранае шчасце” і “Цяпло маладзіка”, а таксама рамантычным аповесцям “Пах чаромхі” і “Анёлак мой, Анёлак…”.

Цікава ім было даведацца над чым пісьменнікі працуе зараз.  І літаратар падзяліўся  некаторымі сваімі  творчыя сакрэтамі, адзначыўшы, што завяршае працу над новым раманам “Палешукі”, у якім  ужо знаёмыя чытачам героі па раману “Забранае шчасце”  сутыкаюцца з нялёгкімі выпрабаваннямі перадваеннага перыяду і пачатку Вялікай Айчыннай вайны…

На творчую сустрэчу чытачы прыйшлі з кнігамі літаратара, якія ім спадабаліся. А аўтар з удзячнасцю пакінуў на іх старонках добрыя пажаданні.   Усе ўдзельнікі вечарыны і бібліятэчныя работнікі цэнтральнай гарадской бібліятэкі падзякавалі Ул. Гаўрыловічу за цікавы расповед, уручылі яму сімвалічныя падарункі. І літаратар на развітанне падараваў бібліятэцы набор буклетаў, прысвечаных творчасці 57 пісьменнікаў вобласці, а таксама іншыя цікавыя выданні, якія выйшлі дзякуючы руплівасці кіраўніка аддзялення СПБ і яго калег у 2016 годзе.

Завяршаючы творчую вечарныну, пісьменнік запрасіў творчую моладзь Мазыршчыны прыняць удзел у творчых конкурсах, якія аб’явіў Савет аддзялення СПБ: у кожнага маладога пачынаючага аўтара Гомельшчыны ёсць шанец, дзякуючы ўдзелу ў Першым абласным форуме маладых літаратараў,  не толькі заявіць аб сабе як аб перспектыўным паэце ці празаіку, але і атрымаць творчую кансультацыю ад вядомых мастакоў слова Беларусі, Расіі і Украіны, а самым ярком маладым творцам нават заваяваць Гран-пры па выніках форуму – атрымаць у падарунак сваю першую кнігу.

Надзвычай цікавая сустрэча адбылася ў старшыні аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і  ў дзяржаўнай установе “Цэнтр цыркавога мастацтва “Арэна”. Гэта было першае знаёмства з унікальным не толькі для Беларусі цэнтрам, дзе вядомыя артысты Марыя і Барыс Кузняцовы (на манежы адпрацавалі па 30 гадоў, і, па-сутнасці, у рэспубліцы няма артыстаў такога высокага творчага ўзроўню, якія б такі працяглы перыяд аддалі сваёй прафесіі!), а таксама іх дзеці сёння закладваюць асновы ўнікальнага беларускага цырка.

Менавіта так: прафесіяналы ў Мазыры раскрываюць творчы патэнцыял юных палешукоў,  і для многіх з якіх цырк стане не толькі хобі, але і прафесіяй. І робяць гэта з адкрытай душой, высокапрафесійна больш 10 гадоў.

Толькі што юныя акрабаты і іх настаўнікі вярнуліся з княства Манака, дзе ў Монте-Карло атрымалі Гран-пры сусветнага юніёрскага фестывалю цыркавога мастацтва,  прывезлі дадому Вялікі сярэбраны кубак і шмат спецыяльных узнагарод. Такімі вынікамі ў краіне ніхто не можа пахваліцца.

Павіншаваўшы з гэтым і іншымі дасягненнямі выдатных педагогаў і вучняў, у цікавай размове аб сучасным стане культуры, мастацтва, літаратуры, а таксама цыркавога мастацтва, старшыня пісьменніцкай арганізацыі канстатаваў, што побач з духоўным выхаваннем сёння абавязкова павінна ісці праца па творчая самарэалізацыя дзяцей, што і адбываецца ў Мазыры, дзякуючы апантаным людзям і падтрымцы дзяржавы. У ніякім разе нельга дапусціць, каб такая выніковая праца не была перапынена…

 У сваю чаргу, адзначыў Ул. Гаўрыловіч, як пісьменнікі, так журналісты недастаткова ўвагі ўдзяляюць сёння такім унікальным установам, якія гарманічна выхоўваюць моладзь, якая, у сваю чаргу, сёння дасягае сусветнага прызнання, а ў нас дома іх неабходная праца не заўсёды папулярызуецца.   Тым больш, такому цэнтру, як “Арэна”, які ўжо сёння можа быць цэнтрам рэспубліканскага гучання і закладваць новую традыцыю юніорскага беларускага цыркавога мастацтва.

Дзяніс ІВАНОЎ,

прэс-служба Гомельскага аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси